Мінуў год з затрымання Віктара Бабарыкі


Бабарыка быў папулярным патэнцыйным кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, аднак да выбараў яго не дапусцілі і ўжо год трымаюць у няволі. Яго, ягонага сына і шэраг паплечнікаў.

Віктар Бабарыка.
Фота: Белсат

Пра ператрус у доме былога дырэктара «Белгазпрамбанку» і патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі стала вядома 18 чэрвеня. У той дзень Віктар і ягоны сын Эдуард Бабарыка, які кіраваў ініцыятыўнаю групаю, перасталі выходзіць на сувязь. Яны яшчэ не былі фігурантамі «справы «Белгазпрамбанку», што ішла напоўніцу.

На той момант ужо затрымалі шэраг работнікаў «Белгазпрамбанку», а таксама патэнцыйных кандыдатаў Сяргея Ціханоўскага і Міколу Статкевіча, лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца ды іншых.

У той дзень Віктар і Эдуард Бабарыкі ехалі здаваць чарговую частку подпісаў за вылучэнне кандыдата на прэзідэнцтва, рыхтаваліся да вечаровага стрыму. Аднак іх даставілі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, дзе дапытвалі, не пускаючы адвакатаў. Іхны статус тады не быў вядомы.

Артыкулы
Адвакат Бабарыкі: Удалося далучыць да справы выключна важныя новыя доказы
2021.06.11 09:58

Цяпер ідзе суд у «справе «Белгазпрамбанку», яе адразу разглядае не раённы ці гарадскі, а Вярхоўны Суд. Віктара Бабарыку вінавацяць у легалізацыі грошай, атрыманых злачынным шляхам, праз дзейнасць «Белгазпрамбанку», а таксама ў даванні хабару і ўхіленні ад сплаты падаткаў.

Віктар і Эдуард Бабарыкі, а таксама іншыя фігуранты справы прызнаныя палітычнымі вязнямі. За кратамі цяпер і каардынатарка штабу Бабарыкі Марыя Калеснікава з юрыстам штабу Максімам Знакам.

Артыкулы
«Ён не шкадуе пра свой выбар». Аляксандра Зверава – пра год без Эдуарда Бабарыкі
2021.06.18 13:49

Затрыманне Бабарыкаў абурыла многіх беларусаў. Вечарам 18 чэрвеня ў цэнтры Менску пачаўся масавы пікет, які расцягнуўся ў ланцуг салідарнасці ад філармоніі да чыгуначнага вакзалу. Людзі стаялі да ночы, не зважаючы на дождж. Да пратэстоўцаў выходзіў іншы патэнцыйны кандыдат – Валер Цапкала, дзеянні ўладаў асудзіў і лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Віктар Бабарыка кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў, але сышоў з пасады, каб узяць удзел у выбарах. Пра свой удзел ён абвясціў 12 траўня 2020 года. На той момант яму было 56 гадоў. У часе кампаніі за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам былі сабраныя 434 тысячы подпісаў пры неабходных 100 тысячах, аднак зняволенага не зарэгістравалі кандыдатам.

Аляксандр Лукашэнка намякаў на справу супраць Бабарыкі за два тыдні да затрымання, загадваў «прашарсціць пузатых буржуяў», аднак яшчэ за тыдзень да затрымання абяцаў, што дапусціць Бабарыку да выбараў і «не зробіць вязнем сумлення».

АА belsat.eu

Стужка навінаў