Лукашэнка змяніў дырэктара «Белфармацыі», прызначыў амбасадараў у Іран, Манголію і на Кубу


Анансаваны «кадравы дзень» пакуль праходзіць без сенсацыяў.

Ілюстрацыйная выява. Палац незалежнасці ў Менску.
Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Удзень 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых перастановак. Радыкальных зменаў кіраўніцтва дзяржавы не адбылася. Як піша БелТА, прызначаныя тры амбасадары ў дальнія краіны, намеснікі старшыняў Мытнага камітэту і Камітэту дзяржаўнага кантролю, а таксама генеральны дырэктар «Белфармацыі», кіраўнікі Віцебскага і Пінскага гарвыканкамаў, Берасцейскага аблвыканкаму, Баранавіцкага, Горацкага і Мастоўскага райвыканкамаў, кіраўнік Ленінскага раёну Менску.

Прадпрыемства «Белфармацыя» ўзначаліў Сяргей Літаш, які да таго кіраваў гарадзенскаю «Фармацыяй». Лукашэнка даручыў яму перадусім заняцца цэнаўтварэннем, быць «вельмі акуратным», але «ні на што не звяртаць увагі» адносна таго, як на яго паглядзяць на прадпрыемстве.

Расследaванні
Куды знікаюць грошы на медыцыну
2020.11.26 19:32

Ленінскі раён сталіцы ўзначаліў былы кіраўнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Раман Мельнік. Лукашэнка сказаў, што «трэба паглядзець, як вайсковы чалавек спрацуе на гэтай пасадзе».

Новым амбасадарам – Дзмітрыю Кальцову ў Іране, Валерыю Бараноўскаму на Кубе і Дзмітрыю Гарэліку ў Манголіі – Лукашэнка сказаў, каб, калі зменяць меркаванне пра дзяржаўную палітыку і перастануць падтрымліваць яе безагаворачна, сыходзілі «ціха, спакойна, без помпы, каб здрады не было».

Гарэлік паляцеў у Манголію пасля працы амбасадарам у Літве. Тым часам у Беларусі застаецца некалькі блізкіх краінаў, дзе амбасадараў няма працяглы час.

Хто цяпер можа стаць амбасадарам у Літве, невядома.

Hавiны
Сем краінаў, дзе Беларусь не можа прызначыць амбасадара
2021.06.08 08:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў