Купалле: гісторыі свята, гаданні і практычныя парады для пачаткоўцаў


Жанчыны ўдзельнічаюць у свяце Івана Купалы. Тураў, Беларусь. 6 ліпеня 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Летняе сонцастаянне святкавалі ў розных кутках свету. У нас гэтая самая кароткая ноч – Купалле. Мы пагутарылі са знаўцаю традыцыйнае культуры і сяброўкаю этнаграфічнага таварыства СЭТ Настаю Глушко пра тое, якія абрады ўласцівыя тутэйшаму святу сярэдзіны лета.

Даведка
Знаўца традыцыйнае культуры і сяброўка этнаграфічнага таварыства СЭТ Наста Глушко. Фота з архіву суразмоўцы

Летняе свята Сонца сустракалі, напэўна, ва ўсіх народаў, якія назіралі за рухам нябесных аб’ектаў:

«Людзі на ўсім свеце сачылі за рухам сонца і месяца, каб вызначаць дні сонцастаяння і раўнадзенства. У Беларусі, напрыклад, на Яновым возеры на Полаччыне знойдзеныя рэшткі старажытнай абсерваторыі – камяні, раскладзеныя пэўным чынам. Там можна было рабіць назіранні за тым, як сонца сябе паводзіць у пэўны перыяд».

Калі святкаваць Купалле?

Варыянтаў сустрэць Купалле даволі шмат: можна прывязвацца да сонечнага руху і святкаваць у ноч з 20 на 21 чэрвеня; можна зважаць на каляндарныя даты і арыентавацца ці на ноч з 23 на 24 чэрвеня, як робяць каталікі, ці на 6 ліпеня – у праваслаўнае свята Івана Купалы. Наста Глушко патлумачыла такія гайданні тым, што свята старажытнае і да календара прывязанае ўскосна:

«Само свята прысвечанае Сонцу. Цяпер лёгка адшукаць звесткі пра сонцастаянне ў інтэрнэце з дакладнасцю да хвіліны. Сёлета гэта з 20 на 21 чэрвеня. Натуральна, нашыя продкі не маглі так дакладна гэта ведаць».

Фестываль Івана Купалы ў Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо. Менская вобласць, Беларусь. 7 ліпеня 2018 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

На ўсходзе Латвіі, у мясцінах, што раней уваходзілі ў Віцебскую губерню, а цяпер носяць назву «Латгалія», хутаране вызначалі Купалле наступным чынам: у час, блізкі да сонцастаяння, гаспадар імкнуўся заўважыць, у якім месцы сонца ўзыходзіць – напрыклад, насупраць засечкі на плоце. І калі сонца ўзыходзіла ў гэтым пункце тры дні запар, тады пачыналі святкаванне.

«Праз тое, што такі спосаб не вельмі надзейны, моладзь магла пераходзіць з хутару на хутар і гуляць Купалле цэлы тыдзень», – распавядае экспертка.

Купальскія дзеткі

Вы ведаеце, чаму кажуць, што буслы прыносяць дзяцей? А гэта таксама звязана з самаю кароткаю ноччу ў годзе.

«Купальскія дзеці нараджаюцца вясною, калі прылятаюць гэтыя птушкі. То калі дзеўку пыталі, дзе ўзяла малое, яна казала нешта кшталту: во, бусел прынёс. І калі палічыць месяцы, то якраз супадае», – адзначыла Наста.

Яна падкрэсліла, што ў грамадстве было сваё месца для такіх пазашлюбных дзяцей:

«Вядома, такія дзеткі растуць без бацькі. Аднак лічылася, што самі дзеці будуць вельмі ўдачлівыя ў жыцці. Іх адпраўлялі вырашаць розныя важныя справы: сватацца маглі ісці ці здзелкі нейкія ладзіць. Такі цікавы спосаб прымірыць грамадства з пазашлюбнымі дзецьмі праз наданне ім такіх якасцяў, якія дапамагалі заняць сваё месца ў грамадзе».

Купальскія вяночкі

Гэта істотная частка абраду. Дзеўкі плятуць іх сабе з кветак, а хлопцам – з галінак дрэваў. Носяць такое ўпрыгожанне халастыя і незамужнія на простыя валасы. Бываюць выпадкі, калі і замужнія маглі пахадзіць у вянку.

Фестываль Івана Купалы ў Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо. Менская вобласць, Беларусь. 7 ліпеня 2018 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Ёсць традыцыі, калі маладзіцы апраналі вянок на хустку ці на намітку. Яшчэ ёсць рэгламент: ці нарадзілася дзіця і хто нарадзіўся. Калі хлопчык – то ўсё, ужо больш нельга ў вянку нават на Купаллі, а калі дзяўчынка, то нібыта яшчэ можна трошку ў вянку пахадзіць», – падкрэсліла этнографка.

Вяночкі пускалі на ваду і варажылі: калі да берага паплыве, то сёлета шлюбу чакаць не варта; калі ад берага – то пойдзе дзяўчына замуж. Паводле напрамку руху вянка таксама можна было пра штосьці здагадацца. А калі вянок патоне – гэта вельмі кепская прыкмета.

Як святкаваць Купалле

У кожным рэгіёне былі свае традыцыі, што рабіць у гэтую ноч. То бок нейкага агульнага сцэнара няма. «У ідэале, варта даведацца, як гэта адбывалася, напрыклад, на Палессі, бо даваць агульны рэцэпт з пункту этнаграфіі няправільна», – падкрэсліла экспертка.

Але ёсць некалькі агульных рысаў для ўсіх мясцінаў: назіранне за сонцам, спевы, вянкі, вогнішча і г. д.

Святкаванне у Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо. Менская вобласць, Беларусь. 4 ліпеня 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Месца святкавання мае быць каля вады. Да таго ідзе перыяд Русалля, калі купацца лічылася небяспечным, бо русалкі могуць патапіць. А на Купалле ўжо можна купацца. З пункту гледжання сімвалаў у гэтую ноч адбываецца ачышчэнне чалавека ўсімі стыхіямі: і паветра, і вада – калі купаюцца, і агонь – калі скачуць праз яго, і зямля – калі пара, абняўшыся, катаецца з горкі. То бок чалавеку задаецца такая добрая праграма на цэлы год наперад», – патлумачыла Наста Глушко.

Этнографы таварыства СЭТ ладзяць святкаванне на Віцебшчыне, таму грунтаваліся на абрадах, уласцівых менавіта гэтай мясцовасці.

«Мы ніколі не робім сцэнара, але ёсць пэўная паслядоўнасць дзеянняў, – падкрэсліла Наста. – Свята пачынаецца, калі сонца садзіцца. Ужо падрыхтаванае вогнішча. Абіраецца самая прыгожая дзеўка на ролю Купалкі, і для яе плятуць з кветак даўжэзную касу. Дзяўчыны вядуць Купалку з адпаведнымі песнямі да месца святкавання, абводзяць яе вакол вогнішча і так абвіваюць яго гэтай касой».

Купальскія песні добра захаваліся, у літаратуры можна знайсці спевы для кожнага этапу святкавання. Напачатку ідуць песні, якія склікаюць людзей на Купалле. На свята збіралася ўся вёска незалежна ад узросту, бо даўней шчыра верылі, што той, хто не быў на Купаллі, сябруе са злымі сіламі.

«Мы ўсталёўваем абвітую кветкамі браму на святочную прастору з будзённай прасторы. На браме ўсіх сустракаюць наважэнцы са збаном з вадою і ручнікамі. То бок людзі ўмываюцца і заходзяць ужо, так бы мовіць, ачышчанымі», – распавяла знаўца.

Купальскае вогнішча складаюць вакол слупа, на якім мацуюць кола. Калі запальваецца агонь – людзі спяваюць карагодныя песні.

Жанчыны ўдзельнічаюць у свяце Івана Купалы. Тураў, Беларусь. 6 ліпеня 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forumм

«Стужак на кола раю не вешаць, бо мы калісьці зрабілі такое глупства. Яны сінтэтычныя, вельмі хутка загараюцца, і потым гэтыя кавалкі гаручыя лятуць ва ўсе бакі і на людзей. Гэта небяспечна», – падзялілася досведам Наста.

Таксама яна не раіць складаць вялікага вогнішча з дошак, бо ад іх ідзе моцны жар, і невялікая кампанія пакарагодзіць проста не здолее.

Водзяць карагоды да той пары, пакуль не зваліцца слуп з колам. Гэта вельмі чарадзейны момант:

«Па тым, на які бок ён упадзе, мяркуюць пра будучы год. Калі падае на Поўнач ці на Захад – гэта дрэнна, а калі на Поўдзень ці на Усход – добра. Яшчэ вызначаюць, як складзецца лёс тых людзей, на чый бок ён упаў. Гэта заўжды добры знак. У нас было такое, што людзі пабраліся шлюбам, калі на іх слуп указаў».

Калі слуп паваліўся і вогнішча пачынае прагараць, ладзяць гульні, танцы, спяваюць жартаўлівыя і нават кплівыя песні. Потым вогнішча зграбаюць і пачынаюць скакаць праз агонь. Тут варта быць вельмі пільным, хаця і кажуць, што на Купалле агонь не апякае.

«Каб дзеўка магла пераскочыць цераз вогнішча, варта мець спадніцу шырокую ці падтыкаць кашулю. І да хлопца парада – моцна трымайце дзеўку за руку. Нават калі ў дзеўкі не хопіць моцы пераскочыць, то хлопец можа яе проста перацягнуць. Магчыма, у гэтым і варажба – наколькі яны ў камандзе могуць працаваць.

Добра пераскочыць праз агонь кожнаму. Не абавязкова ў пары і не абавязкова па цэнтры. Я, як была цяжарная, з краю пераступала проста. Бо продкі верылі, што агонь ачышчае», – падзялілася знаўца.

Самае галоўнае – паназіраць узыход сонца. Найбольш вам пашчасціць, калі вы пабачыце, як яно «грае».

Святкаванне у Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо. Менская вобласць, Беларусь. 4 ліпеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

«Людзі апісваюць гэта, нібы сонца пераліваецца вясёлкавымі агнямі. Яно нібыта падскоквае, мяняе форму. На ўзыходзе сонца гэта назіраюць, і калі такое пабачыць, тады і поспех будзе спрыяць цэлы год. Насамрэч гэта і ёсць апагей купальскага свята, бо яно насамрэч пра сонца, а не столькі пра каханне, як нам бы хацелася. Бо і вогнішча вялікае, і кола, якое коцяць з гары, – гэта ўсё сімвалы сонца», – падкрэсліла этнографка.

Купальскія стравы

Пасля таго, як вы надзівіліся на світанак і наспяваліся-наскакаліся, можна зладзіць агульны стол.

«Там ёсць, вядома, яечня, якая прысутнічае на ўсіх сонечных святах. І бліны, дарэчы, бо яны такія ж кругленькія, як сімвал сонца. Яшчэ варыцца самабытны напой «крупнік» з травамі і мёдам. Ён п’ецца гарачым. Таксама ёсць кулага – сапраўдная купальская страва. Яна робіцца з таўчоных ягад, мёду і падкалочваецца жытняю мукою, каб атрымаўся нібы кісель густы, яго можна есці лыжкаю», – распавяла даследніца.

Дзень Івана Купалы ў Тураве. Гомельская вобласць, Белаурсь. 6 ліпеня 2018 года.
Фота: Віктар Драчоў / ТАСС / Forum

Яна згадала яшчэ і традыцыю варыць сыр на купальскім вогнішчы. Лічыцца, што калі пачаставаць такім сырам сваю пару, то ён ці яна не будзе «хадзіць налева».

Літаратура на лета

Калі вы зацікавіліся абрадам і хочаце зладзіць Купалле адпаведна з традыцыяй свайго рэгіёну, Наста Глушко параіла пашукаць звестак у наступных кнігах:

«Земляробчы каляндар» (БНТ);

«Жыцця адвечны лад», рэд. У. Васілевіч (трохтамовік);

«Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік».

Святкаванне у Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і сельскага побыту ў вёсцы Азярцо. Менская вобласць, Беларусь. 4 ліпеня 2020 года.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў