Берасцейскі тэатр «Крылы халопа» зліквідавалі за выставу і «прадпрымальніцтва»


Тэатр і культурна-асветніцкая ўстанова нібыта ладзілі «дзейнасць, не адпаведную заяўленым у статуце мэтам».

Тэатр, прастора «Крылы халопа», Берасце.
Фота: Еўрарадыё

Берасцейскія ўлады выканалі наказ гарадской пракуратуры аб ліквідацыі сацыяльна-культурніцкай установы «Крылы халопа» і культурна-асветніцкай установы «Грунт будучыні».

Патлумачылі гэта тым, што са жніўня 2020 года «Крылы халопа», «насуперак статутным задачам, пазначаным як спрыянне выхаванню асобы і развіццю агульначалавечых культурніцкіх каштоўнасцяў», ладзілі выставу працаў і мастацкія прэзентацыы, «накіраваныя на фармаванне ў грамадзянаў ухвальнага стаўлення да супрацьпраўных дзеянняў». Таксама тэатр «займаўся прадпрымальніцтвам, парушаючы свой статут».

Кіраўніца тэатру Аксана Гайко казала «Белсату», што раней падчас фінансавага правярання парушэнняў не знайшлі, таму «знішчылі проста ў загадным парадку, не прыводзячы ніякіх фактаў парушэння статуту».

«Грунт будучыні» ж «апошнія гады замест аказання культурна-асветніцкіх паслугаў займалася іншаю, не замацаванаю статутам дзейнасцю». Якой дзейнасцю – не ўдакладняюць, але адзначаюць, што заснавальнік і кіраўнік установы Віктар Клімус – сябра Каардынацыйнай рады і цяпер пакінуў тэрыторыю Беларусі. Клімуса называюць «адным з арганізатараў масавых акцыяў пратэсту ў Берасці».

«Крылы Халопа» – гэта адзін з самых вядомых незалежных тэатраў Беларусі, а таксама творчая прастора і галерэя. Тэатр заснавалі ў 2001 годзе пад назваю «Свабодны тэатр», сваёй місіяй тэатр бачыў увасабленне ў творчай форме крытычнага погляду на праблемы соцыуму. Стварыў тузін спектакляў, якія дэманстраваліся на паўсотні тэатральных і культурніцкіх фестываляў у Беларусі, Расеі, Украіне і Заходняй Еўропе. Акторы тэатру ладзілі майстар-класы і адкрылі Школу калектыўнага мастацтва. Тэатр таксама ладзіў фестывалі на адкрытым паветры, з 2014 года меў пляцоўку-галерэю «Прастора КХ».

АА belsat.eu

Стужка навінаў