«Зрабілі быллю і Кафку, і Оруэла...» За што выдаўца Андрэя Янушкевіча кінулі за краты і ў чым «вінаватыя» кнігі


Вядомага выдаўца беларускай літаратуры Андрэя Янушкевіча на 10 сутак кінулі за краты. Кнігарня «Кнігаўка», прэзентаваная ў Менску 16 траўня, у той жа дзень сталася аб’ектам «чыстак» і вобшукаў для ГУБАЗіКу. Дзяржава прынялася за «канчатковае вырашэнне кніжнага пытання»?..

Андрэй Янушкевіч.
Фота: Андрэй Янушкевіч/Facebook

Што адбылося і пра што вядома?

  • 16 траўня выдавецтва «Янушкевіч» адкрыла ў Менску новую выдавецкую кнігарню «Кнігаўка». Гучнага адкрыцця не планавалі. Анансавалі продаж дадатковага накладу кніжкі «Гары Потэр і філасофскі камень», абяцалі іншыя цікавосткі.
  • На адкрыццё кнігарні заявіліся Рыгор Азаронак, супрацоўніца «СБ» Людміла Гладкая і праўладны актывіст Станіслаў Яскевіч. Дыялогі, якія вялі з Янушкевічам, былі больш «гэбэшныя», чым літаратурныя (можна пачытаць).
  • Увечары 16 траўня ў кнігарню ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК, учынілі ў «Кнігаўцы» ператрус (забралі каля 200 кніг). Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца крамы Наста Карнацкая былі затрыманыя. 17 траўня стала вядома, што Янушкевічу прысудзілі 10 сутак арышту (паводле якога артыкулу – пакуль невядома).
  • ГУБАЗіК упершыню «стварыў» у сваім тэлеграм-канале пост на беларускай мове, у якім называе кнігавыдаўцоў «ворагамі» і «здраднікамі сваёй краіны, працуючымі на прапольскія цэнтры», якія пасмелі «ў горадзе-героі Менску» адкрыць кнігарню з «экстрэмісцкай і нацысцкай літаратурай».

Калі сыходзіць з пытанняў, якія задаваў Янушкевічу Азаронак ды Гладкая, то пад вызначэнне «таксічнай макулатуры» (выраз з яшчэ аднаго допісу ГУБАЗіКу) трапляюць кнігі «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» Сяргея Шапрана, «Айчына. Маляўнічая гісторыя» Уладзіміра Арлова ды іншыя. А што ж тады з Джорджам Оруэлам?..

«Справа нумар адзін»

Ператрус у «Кнігаўцы» і арышт выдаўца Андрэя Янушкевіча агаломшвае. Але бадай ужо нікога не здзіўляе. Бо пра ўсё гэта раней распавядалася ў тых жа кніжках, якія выдаваў Янушкевіч. І забарона на распаўсюд антыўтопіі «1984» Оруэла лёгка ўпісваецца ў логіку ГУБАЗіК і той рэчаіснасці, у якой сёння жыве Беларусь.

«Зрабілі быллю і Кафку, і Оруэла. Чарга за Маркесам. Гэта толькі з нашага боку для некаторых беларуская мова – дзясятая справа. З таго, іхнага боку, беларуская мова – справа нумар адзін»,– адрэагаваў на вобшук у «Кнігаўцы» і затрыманне Янушкевіча перакладчык антыўтопіі «1984» Сяргей Шупа.

Вядомы беларускі паэт Андрэй Хадановіч мае свой адказ на пытанне, чаму «яны» змагаюцца з кнігамі наагул і з беларускімі – перадусім?

“Таму, што мы чэрпаем у гэтых кнігах натхненне і сілы рабіць штось далей. І яшчэ шмат усяго зробім!” – запэўнівае Хадановіч і прысвячае верш затрыманым.

«Дык у чым вінаваты выдавец Янушкевіч?»

Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, чый раман «Сабакі Еўропы», выдадзены Янушкевічам, таксама быў адпраўлены на экспертызу (яшчэ ў красавіку 2021-га) па падазрэнні ў наяўнасці «экстрэмізму», узгадвае, што гісторыя пераследу пачалася куды раней. Да незалежных выдаўцоў, у тым ліку Андрэя Янушкевіча, пайшлі з ператрусамі яшчэ ўзімку 2021-га, блакавалі рахункі, заводзілі справы. Грамадства тады рэагавала на гэта «чэргамі салідарнасці».

«Гэта быў першы сігнал незалежным выдаўцам – дзяржава задумалася пра «канчатковае рашэнне кніжнага пытання». Потым былі наступныя сігналы. «Але Янушкевіч не здаўся», – кажа Бахарэвіч.

«Дык у чым вінаваты выдавец Янушкевіч? Адказ просты. У тым, што выдаваў сучасную, вольную беларускую літаратуру на беларускай мове. У Беларусі гэта ўжо даўно злачынства. Толькі цана за яго робіцца ўсё больш высокай», – канстатуе Альгерд Бахарэвіч.

На яго погляд, падтрымаць незалежных выдаўцоў, якіх кідаюць у турмы, беларусы могуць зараз робячы прынамсі тры рэчы: не маўчаць, купляць і чытаць кнігі незалежных выдавецтваў ды не цешыць сябе ілюзіямі, што «ўсё будзе добра».

«…Не чакаць «лібералізацыяў» і «дыялогу». Гэта вайна супраць усяго беларускага – і не варта думаць, што літаратуру і кнігавыданне нехта пашкадуе», – падсумоўвае Альгерд Бахарэвіч.

«200 гадоў – адное і тое ж»

Адзін з укладальнікаў кнігі «(Не)расстраляныя» (пра якую так настойліва запытваў у кнігарні Азаронак), кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін у допісе на Facebook прыводзіць у якасці паралелі з сучаснымі падзеямі пратакол вобшуку ў Міхася Зарэцкага, праведзенага НКВД у 1936 годзе. У Зарэцкага чэкісты канфіскавалі дзевяць пакетаў выпісак з контррэвалюцыйнай трацкісцкай літаратуры.

«Веру, што мы вернем забранае ў нас. Назаўжды. Цвіль не сапсуе нашыя кнігі, Андрэю! Сілаў вытрымаць вам гэтую навалу», – піша Будкін.

Hавiны
У Беларусі забаранілі продаж раману Оруэла «1984» і прызналі экстрэмісцкай кнігу Бахарэвіча
2022.05.18 15:18

Музыка і лідар гурту «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў узгадвае пра тое, што выдавец Янушкевіч яшчэ і легенда гарадзенскага панк-року, арганізатар рок-фэстаў у 1990-х.

«Ён здолеў арганізаваць у паўтарытысячным пасёлку сапраўдны рок-фэст! Пазней ён стварыў адное з самых самабытных ды арыгінальных выдавецтваў! А што стварылі людзі, каторыя зараз катуюць Андрэя? Лепшае з таго, што даюць рады – какашку ва ўнітазе!» – мяркуе Дзянісаў.

Выдавецтва «Янушкевіч» было заснаванае ў 2014 годзе.

  • Першая выдадзеная кніга – «Бітва пад Воршай 1514 года» Пятра Друджа.
  • У 2016 годзе быў адкрыты сайт кнігарні. У 2020-м выдавецтва атрымала дыплом за найлепшыя продажы кнігі «Гары Потэр і філасофскі камень» у сетцы кнігарняў «Белкніга».
  • У студзені 2021 году ДФР забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва (разблакаваны праз 5 месяцаў). Пад рэпрэсіі тады трапіла і выдавецтва «Кнігазбор».
  • У сакавіку 2022 году выдавецтва папрасілі вызваліць арандаванае памяшканне. Андрэй Янушкевіч абвясціў вялікі распродаж кніг, за якімі менчукі ўтварылі вялікую чаргу.
  • 16 траўня пасля адкрыцця новай кнігарні «Кнігаўка» туды з ператрусам прыйшлі «сілавікі».
  • Уладамі прыпыненая дзейнасць іншых незалежных выдавецтваў – «Лімарыус», «Кнігазбор», «Галіяфы», «Мэдысонт».

Андрэй Янушкевіч – нарадзінец Гарадзеншчыны, гісторык па адукацыі, выпускнік Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Мае 46 гадоў.

Hавiны
У Беларусі прыпыняюць дзейнасць выдавецтваў, якія выдаюць кнігі на беларускай мове
2022.04.15 14:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў