Запалохаць грамадства і адвесці ўвагу людзей ад сапраўдных праблемаў. Навошта ўлады прынялі «расстрэльныя артыкулы»

У Беларусі ўлады афіцыйна апублікавалі законапраект, які прадугледжвае пашырэнне сферы выкарыстання смяротнага пакарання. Новаўвядзенні ў Крымінальным кодэксе набудуць моц з 29 траўня бягучага года. Эксперт у размове з «Белсатам» падкрэслівае, што гэтыя захады скіраваныя на тое, каб як мага мацней запалохаць грамадства ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: novychas.online

Згодна са зменамі ў Крымінальным кодэксе, цяпер найвышэйшую меру пакарання суды Беларусі могуць прызначыць не толькі за здзяйсненне тэрарыстычнага акту, але і за замах на акт тэрарызму. Гэтая норма знайшла сваё адлюстраванне адразу ж у 4 артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 124 («Акт тэрарызму ў дачыненні прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі»);
  • ч. 3 арт. 126 («Акт міжнароднага тэрарызму»);
  • ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»);
  • ч. 2 арт. 359 («Забойства дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязі з яго дзяржаўнай або грамадскай дзейнасцю»).

Змены ў Кодэксе апублікавалі на афіцыйным нацыянальным партале, і яны набудуць моц 29 траўня.

Патрыятызм ці злачынства? Каго і за што ў Беларусі вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»

Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адзначае, што ўлады праз такія «драконаўскія» захады адразу ж спрабуюць развязаць некалькі аспектаў.

Асноўная мэта так званай заканадаўчай дзейнасці рэжыму ў Беларусі палягае на тым, каб запалохаць людзей, кажа юрыст. Менавіта дзеля гэтай мэты адбываюцца паказальныя затрыманні, публікуюць так званыя пакаянныя відэа, прымаюцца законы. Але ўлады бачаць, што змяніць і зламаць беларусаў не атрымліваецца. Менавіта таму ідуць на такія захады, як прыняцце смяротнага пакарання, адзначае юрыст. І тут яшчэ адзін вельмі важны момант, які пераследуе ўлада краіны – гэта адвесці ўвагу людзей з істотных праблемаў. Таму цяпер людзі не абмяркоўваюцца злачынстваў рэжыму, але абмяркоўваецца, агучаць ці не агучаць смяротнае пакаранне, кажа Міхаіл Кірылюк.

Міхаіл Кірылюк, адказны ў пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года. Фота: ТК / Белсат

Эксперт звяртае ўвагу, што ў нашай краіне заканадаўства выкарыстоўваецца спецыфічна. Лукашэнка не аднойчы казаў, што ў краіне не да законаў.

«Калі разглядаць пытанне, а ці гатовы Лукашэнка расстраляць, скажам, 10 тысячаў чалавек дзеля захавання сваёй улады – то адказ і так відавочны, што ён пойдзе на гэты крок. Іншая справа, што ён баіцца чыніць злачынствы ў буйным маштабе, паколькі асцерагаецца менавіта за захаванне сваёй улады. Але мы сёння бачым, што людзей у краіне забіваюць. Ёсць шмат ахвяраў гэтага рэжыму, якія выступілі ў 2020 годзе дзеля абароны сваіх правоў», – кажа Міхаіл Кірылюк.

І таму прычына прымання гэтага «закону» дакладна не тое, што рэжыму не хапае «заканадаўчых» падставаў для забойства затрыманых, а менавіта дзеля запалохвання ўсіх без выключэння.

Некалькі смяротных прысудаў: якія законы парушыў Лукашэнка і што яго чакае на сумленным судзе

Пры гэтым сілавікі, якія цяпер у краіне займаюць найвышэйшыя пасады, могуць ініцыяваць змены ў заканадаўства дзеля сваіх інтарэсаў. Гэтак, паводле Міхаіла Кірылюка, сілавікам даволі складана фальсіфікаваць непасрэдна тэрарыстычныя акты. Інсцэнізаваць сапраўдны тэракт – вельмі небяспечна і рызыкоўна для саміх выканаўцаў спецслужбоўцаў, калі памятаць пра лес Эмілія Чэчкі. Дзеля гэтага не хапае ў іх уяўлення, не хапае ведаў. Нашмат прасцей апераваць такімі паняткамі, як спроба ўчынення тэракту, звяртае ўвагу эксперт. У такім ключы сілавікам прасцей займацца фальсіфікацыяй справы, прасцей нават ствараць гэтую справу для суда. Хоць мы і разумеем, што суд вынесе прысуд такі, які будзе патрэбен, падсумоўвае юрыст.

Сілавыя структуры ў Беларусі цяпер напоўніцу працуюць над запалохваннем грамадзянаў краіны і жорстка пераследуюць іншадумства. Паводле справаздачы ААН ад неправамерных дзеянняў сілавікоў, гвалту і пераследу пацярпелі каля 40 тысяч грамадзянаў краіны.

ААН адзначае беспакараныя і маштабныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны