У Беларусі забаранілі продаж раману Оруэла «1984» і прызналі экстрэмісцкай кнігу Бахарэвіча


Выданне «Наша Ніва» паведамляе, што ў Беларусі забаронены продаж раману Джорджа Оруэла «1984», які апісвае таталітарнае грамадства. А газета «СБ – Беларусь Сегодня» піша, што кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы» прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам.

Кніга «1984» і «Сабакі Еўропы».
Фота: Выдавецтва «Янушкевіч» / Facebook

«НН» сцвярджае, што мае копію адпаведнага распараджэння аб забароне кнігі Оруэла. «Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі Оруэл Д. «1984». Пра выкананне далажыць не пазней за 19 траўня», – гаворыцца ў дакуменце. Праўда, выданне не ўдакладняе, чыё гэтае распараджэнне.

Раман «1984» на беларускай мове быў перавыдадзены ў 2020 і 2021 гадах выдавецтвам «Янушкевіч». Андрэй Янушкевіч быў затрыманы 16 траўня ГУБАЗіКам, а кнігарню выдавецтва «Кнігаўка» сілавікі закрылі.

Прапагандыстка Людміла Гладкая ў «СБ – Беларусь сегодня» апублікавала пасквіль на выдавецтва з загалоўкам «Бруд на кніжных паліцах». У матэрыяле таксама зазначаецца, што выдавецтва надрукавала кнігу «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, якая «прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам».

«Ну нарэшце. Бальшое спасіба, «Савецкая Беларусія». Цяпер маем інфармацыю з правераных крыніц, ёсць на што спасылацца. Так што ад сёння я афіцыйна прызнаны аўтар экстрэмісцкага раману», – пракаментаваў у «Фэйсбуку» публікацыю «СБ – Беларусь сегодня» Альгерд Бахарэвіч.

Праўда, у Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў кніга Бахарэвіча пакуль не фігуруе.

Аб’ектыў
Як выдавецкая крама Янушкевіча «Кнігаўка» апынулася за кратамі
2022.05.17 22:43

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў