Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Іспанію


Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Іспанію. Сёння лідарка дэмакратычнай Беларусі правяла сустрэчы са старшынём іспанскага Сенату і прэзідэнтам Кангрэсу, на якіх абмяркоўвалі санкцыі, дапамогу беларусам і неабходнасць аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларусаў.

Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Іспанію.
Фота: Белсат

Галоўная мэта візіту для офісу Ціханоўскай – пазбавіць рэжым Лукашэнкі падтрымання лацінаамерыканскіх краінаў.

Сёння Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў. У першай палове дня яна сустрэлася са старшынём іспанскага Сенату Андэрам Хілем, абмеркавала з ім падтрыманне беларускіх арганізацыяў у выгнанні, санкцыі і дапамогу беларусам, якія мусілі ратавацца ад рэпрэсіяў у Беларусі і ад вайны ва Украіне. Таксама Ціханоўская звярнула ўвагу на слушную назву нашай краіны і неабходнасць падзелу беларусаў і рэжыму Лукашэнкі, бо ў іспанскіх медыях Беларусь называюць агрэсарам.

Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынём іспанскага Сенату Андэрам Хілем

Пасля абеду Святлана Ціханоўская разам з сябрамі ейнай каманды сустрэлася з прэзідэнткай Кангрэсу Іспаніі Мэрычэл Батэт. Палітыкі абмеркавалі пытанне ўзмацнення санкцыяў. Ціханоўская падкрэсліла, што заходнія краіны мусяць прыкласці намаганні, каб не даць пралукашэнкаўскім алігархам шчыліны для абыходу накладзеных санкцыяў. Іспанскі Кангрэс запэўніў беларусаў у сваім падтрыманні.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Кангрэсу Іспаніі Мэрычэл Батэт

Офіс Святланы Ціханоўскай лічыць, што пазіцыя Іспаніі ўплывае на шматлікія лацінаамерыканскія краіны, да якіх рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе «заляцацца». Голас Іспаніі важны для многіх дзяржаваў, з меркаваннем каралеўства лічацца ў міжнародных арганізацыях. Менавіта таму Святлана Ціханоўская і ейная каманда адправіліся ў Мадрыд, каб распавесці пра ролю Беларусі ў рэгіёне і дамовіцца наконт палітычнага падтрымання беларускага народу ў Іспаніі.

Святлана Ціханоўская наведала з працоўным візітам Іспанію.
Фота: Белсат

Раман Лугоўскі, belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў