СК распачаў крымінальную справу за дапамогу Украіне


Следчы камітэт Беларусі вінаваціць заснавальніка фонду «BySol» Андрэя Стрыжака ў зборы сродкаў «для фінансавання і матэрыяльнага забеспячэння ўзброенага канфлікту і ваенных дзеянняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы». Пры гэтым сама назва дзяржавы – Украіна – чамусьці ў прэс-рэлізе СК не фігуруе.

СК кажа, што былі зафіксаваныя факты пералічэння грошай «грамадзянамі Беларусі для матэрыяльнага забеспячэння наймітаў». «Гэта з’яўляецца непасрэдным іх удзелам у фінансаванні ваеннага канфлікту. Асобныя такія грамадзяне ўжо выяўленыя», – сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.

Супраць Андрэя Стрыжака распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу «за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях».

Следчы камітэт таксама пагражае, што перавод грошай у «падобныя фонды» будзе лічыцца суўдзелам у злачынстве.

Аб’ектыў
Вайна Лукашэнкі: выйшла новае расследаванне «BYPOL»
2022.05.06 23:31

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну фонд «BySol» запусціў праграму падтрымання беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, а таксама арміі, цывільнага насельніцтва і медыкаў Украіны.

  • Лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражаў Кіеву. Падобная роля Беларусі ў канфлікце трактуецца адназначна: згодна з рэзалюцыяй 3314 Генеральнай асамблеі ААН ад 14 снежня 1974 года дзеянні дзяржавы, якая дае сваю тэрыторыю для здзяйснення акту агрэсіі ў дачыненні трэцяй краіны, таксама расцэньваецца як агрэсія.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў