Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў NATO. Як на гэта рэагуе Расея

Швецыя і Фінляндыя афіцыйна падалі заяўкі на ўступленне ў NATO. Цырымонія перадачы лістоў, у якіх краіны выказваюць сваё жаданне далучыцца да альянсу, адбылася 18 траўня ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі.

Вынікам далучэння Швецыі і Фінляндыі стане павелічэнне колькасці краін альянсу з 30 да 32, а мяжа паміж NATO і Расеяй павялічыцца прыкладна на 1300 км – гэта ў два разы больш за цяперашнюю зону судакранання. Такое рашэнне краін не засталося па-за ўвагай расейскага боку.

Прадстаўнікі Швецыі і Фінляндыі падаюць заяўкі на членства ў NATO у Бруселі, Бельгія. 18 мая 2022 г. Фото: Finland at NATO

Фінляндыя і Швецыя прынялі рашэнне аб уступленні ў NATO на фоне расейскай агрэсіі ва Украіне. Да гэтага Швецыя прынцыпова не ўступала ў ваенныя саюзы больш за 200 гадоў, а Фінляндыя захоўвала нейтралітэт з часоў Другой сусветнай вайны.

«Расея доўга казала, што неўступленне Фінляндыі і Швецыі ў вайсковыя саюзы стабілізуе сітуацыю ў Балтыцы. Але ў канцы мінулага года яна заявіла, што Фінляндыя і Швецыя не могуць уступіць у NATO. Мы са Швецыяй заставаліся пазаблокавай па нашым уласным жаданні, але Расея сваімі словамі дала зразумець, што ў нас не можа быць уласнай волі. Гэта было сур’ёзнай зменай, гэта прымусіла задумацца. І тое, што адбылося 24 лютага і да гэтага часу працягваецца […], цалкам змяніла карціну. Яны гатовыя напасці на суседнюю краіну», – так прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ пракаментаваў рашэнне краіны далучыцца да альянсу 12 траўня.

Цяпер заяўку разгледзіць альянс, пасля пагадненне аб прыняцці кандыдатаў павінна быць ратыфікавана на нацыянальным узроўні ва ўсіх 30 краінах NATO. У сярэднім працэдура можа займаць прыкладна год, аднак у выпадкі з гэтымі краінамі і вайной ва Украіне, працэс разгляду заявак пройдзе па паскоранай працэдуры і зойме ўсяго некалькі тыдняў.

Генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнбэрг назваў гэта гістарычным крокам.

«Я цёпла вітаю запыт Швецыі і Фінляндыі аб далучэнні да NATO. Заяўкі, якія вы зрабілі сёння, – гэта гістарычны крок. Альянс зараз абмяркуе наступныя крокі на шляху ў NATO. Інтарэсы бяспекі ўсіх краін павінны быць прыняты да ўвагі, і мы поўныя рашучасці ўрэгуляваць усе пытанні і дасягнуць хуткага завяршэння працэсу прыёму», – паведаміў Стольтэнбэрг.

Рэакцыя Расеі на пашырэнне альянсу

Яшчэ да падачы заяўкі на ўступленне ў NATO прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ правёў размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. На словы аб магчымым уступленні ў альянс Пуцін адказаў, што адмова Хельсінкі ад традыцыйнага ваеннага нейтралітэту «была б памылковай, паколькі ніякіх пагроз бяспекі Фінляндыі не існуе» і папярэдзіў, што гэта можа негатыўна адбіцца на двухбаковых адносінах.

У канцы красавіка Расеі рэзка адрэагавалі на абмеркаванне членства ў NATO Фінляндыі і Швецыі. Тады намеснік старшыні Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што калі гэтыя краіны будуць прыняты ў альянс, то Расея павялічыць ваенныя сілы ў Балтыйскім рэгіёне, у тым ліку прыгразіў размяшчэннем ядзернай зброі.

«У такім выпадку ні аб якім бяз’ядзерным статусе Балтыкі ўжо не пойдзе размова – баланс павінен быць адноўлены», – сказаў у адказ Мядзведзеў.

Пазней, 12 траўня, расейскае МЗС таксама рэзка адрэагавала на заяву кіраўніцтва Фінляндыі аб намеры далучыцца да NATO, назваўшы гэта «радыкальнай зменай знешнепалітычнага курсу» і паабяцаўшы «рэагаваць па сітуацыі».

«Расея будзе вымушана прыняць крокі ваенна-тэхнічнага і іншага характару для ліквідацыі пагроз з-за ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў NATO», – заявілі ў МЗС РФ.

Скрыншот: rian_ru/Telegram

У той жа дзень, 12 траўня, Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што патэнцыйны канфлікт NATO з РФ можа перарасці ў ядзерную вайну, што будзе «катастрафічным для ўсіх сцэнарам». Ён таксама выказаўся, што напампоўванне краінамі NATO Украіны зброяй і правядзенне вучэнняў каля межаў РФ падвышаюць верагоднасць прамога канфлікту альянсу з Расеяй.

У Дзярждуме таксама не абышлі гэтае пытанне бокам: дэпутат Алег Марозаў 14 траўня паведаміў, што ў сувязі з уступленнем Фінляндыі і Швецыі ў альянс Расея можа паставіць пытанне аб адмове ад няядзернага статусу Балтыйскага мора.

«Уступленне Фінляндыі і Швецыі ў NATO карэнным чынам ламае архітэктуру еўрапейскай бяспекі», – сказаў Марозаў.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і амбасадар Швецыі ў NATO Аксель Вернхоф паціскаюць адзін аднаму рукі падчас цырымоніі ўшанавання заяўкі Швецыі і Фінляндыі на членства ў Бруселі, Бельгія. 18 мая 2022 г. Фота: Reuters

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў, што адказ краіны на ўваходжанне Фінляндыі і Швецыі ў NATO будзе залежаць ад пашырэння інфраструктуры альянсу. І хоць, па словах Пуціна, «праблемы ствараюцца на голым месцы», са Швецыяй і Фінляндыяй «у Расеі праблем няма» – у адрозненне ад Украіны.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў 16 мая таксама выказаўся, што ў Расеі няма тэрытарыяльных спрэчак са Швецыяй і Фінляндыяй, у адрозненне ад сітуацыі з Украінай, але называў уступленне гэтых краін у NATO «падставай для вельмі глыбокага аналізу» і заявіў, што ў Крамлі за гэтым вельмі пільна сочаць.

На наступны дзень намеснік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў заявіў, што Масква будзе вымушана прымаць кампенсуючыя меры пасля ўступлення Фінляндыі і Швецыі ў NATO.

«Разумееце, яны самі не ведаюць, чаго яны жадаюць. Яны пакутуюць ад уласнага неразумення, што такое будучы свет, і яны пакутуюць ад непазбежнасці шматпалярнасці гэтага свету. Калі пройдзе перыяд аналізу намі ў Маскве наступстваў дадзенага кроку з пункту гледжання агульнай канфігурацыі сіл і сродкаў у Еўропе і на поўначы Еўропы, нам давядзецца прымаць кампенсуючыя меры, і ніхто ад іх не выйграе», – распавёў Рабкоў.

Рэакцыя Масквы на ўступленні Швецыі і Фінляндыі ў NATO адрозніваецца. З аднаго боку выказваюцца меркаванні, што Расея «захоўвае спакой» і будзе проста сачыць за сітуацыяй, а прамой пагрозы з боку Расеі няма. Іншы адказ, больш радыкальны, – гэта павелічэнне колькасці ўзбраення на заходняй мяжы з Еўропай і размяшчэнне ядзернай зброі ў Балтыйскім рэгіёне. Аднак некаторыя расейскія і заходнія эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што пакуль рэакцыя Расеі аказалася больш стрыманай, чым чакалася.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг з заяўкамі Швецыі і Фінляндыі на членства ў Бруселі, Бельгія. 18 мая 2022 г. Фота: Reuters

Турцыя настроена больш катэгарычна

У той час як расейскія ўлады абяцаюць «назіраць за сітуацыяй», улады Турцыі выказаліся больш рэзка на гэтую падзею і выступаюць супраць ідэі пашырэння альянсу, а для прыняцця новых краінаў у NATO мусіць быць згода ўсіх чальцоў.

Турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што абедзве гэтыя краіны выступілі ў «падтрымку тэрарыстаў», калі адмовіліся выдаць Анкары прадстаўнікоў Працоўнай партыі Курдыстана і ўвялі санкцыі супраць Анкары, і адказаў, што кіраўнікам МЗС Швецыі і Фінляндыі «няма сэнсу прыязджаць у Турцыю, каб пераканаць яе ўхваліць іх заяўкі ў NATO».

Аднак пасля Турцыя паставіла тры ўмовы на іх згоду для сяброўства Фінляндыі і Швецыі ў NATO. Гэта спыненне падтрымкі гэтымі краінамі груп, якія лічацца тэрарыстамі, адмена забароны на экспарт у Турцыю і прадастаўленне гарантый бяспекі.

Улады Швецыі і Фінляндыі пакуль ніяк не адрэагавалі на ўмовы Турцыі і падалі заяўкі на ўступленне ў NATO.

Турцыя шантажуе саюзнікаў Альянсу

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны