Зінаіду Міхнюк за адзін дзень асудзілі на два гады калоніі


У СІЗА №7 Берасця сёння, 18 траўня, адбыўся суд над адной з лідарак прафсаюзу РЭП – Зінаідай Міхнюк. Сам працэс праходзіў у закрытым рэжыме і вельмі хутка. Ужо ў першы дзень «пракурор» папрасіў адправіць жанчыну на два гады ў калонію. У гэты ж дзень быў вынесены прысуд.

Зінаіда МІхнюк.
Фота: praca-by.info

Зінаіду Міхнюк, актывістку прафсаюзу РЭП, затрымалі 25 сакавіка ўдома, калі сілавікі праніклі ў жытло актывісткі праз вакно. Жанчыну затрымалі і адправілі ў ІЧУ, а пазней перавялі ў СІЗА № 7, дзе яна застаецца амаль два месяцы.

Зінаідзе Міхнюк выставілі абвінавачанне за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Працэс вядзе суддзя Андрэй Грушко, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу за палітычна матываваныя прысуды, Грушко спрычыніўся да асноўных палітычных справаў на Берасцейшчыне. Ён вынасіў прысуды ў справе так званых берасцейскіх закалотаў, «пінскай» і «карагоднай справах».

Прысуд жанчыне вынеслі ўсяго за 1 дзень судовага паседжання. Суддзя прызнаў Зінаіду Міхнюк вінаватай і прысудзіў 2 гады калоніі.

22 лютага суд Ленінскага раёну Берасця прызнаў матэрыялы з каментаром актывісткі на радыё «Рацыя», Praca.by.infо і «Хартия-97» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». А КДБ пазней прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускі незалежны прафсаюз РЭП.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў