Цапкала пра справу TUT.by: Пытанне падаткаў можа выкарыстоўвацца з любой нагоды, калі ёсць палітычная замова


Заснавальнік і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў лічыць, што дзейнасць TUT.by, хутчэй за ўсё, адпавядае Дэкрэту аб лічбавай эканоміцы 2017 года: рэзідэнтам ПВТ можна стаць, надаючы рэкламныя паслугі. Аднак, паводле Цапкалы, пытанне падаткаў у Беларусі наўмысна настолькі заблытанае, што за іх можна пакараць любога.

Валер Цапкала, архіўнае фота.
Фота: «Белсат»

Супраць беларускага парталу TUT.by 18 траўня распачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы ва ўхіленні ад падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Камітэт дзяржаўнага кантролю растлумачыў, што кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў 2019 годзе атрымала статус рэзідэнта «Парку высокіх тэхналогіяў», але атрымала «выручку, не абумоўленую дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ».

Артыкулы
Атака на TUT.by: у офіс і кватэры рэдактараў прыйшлі сілавікі, сайт заблакаваны
2021.05.18 11:29

Кампанія «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» – сапраўды рэзідэнт ПВТ з 2019 года. Аднак дзейнасць кампаніі – не толькі журналісцкая (прыбытак за якую ідзе ад рэкламы): праграмісты распрацоўваюць для парталу пэўныя функцыі. Паралельна з «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» існуе асобная кампанія «Надзейныя праграмы» (рэзідэнт ПВТ з таго ж 2019 года), у межах якой дзеіць звязаны з TUT.by хостынг-правайдар Hoster.by.

Заснавальнік і былы кіраўнік ПВТ, кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года Валер Цапкала тлумачыць «Белсату»: раней у TUT.by было дзве кампаніі, адна з якіх займалася распрацоўваннем тэхналогіяў, была «айцішнай часткай», а па Дэкрэце аб лічбавай эканоміцы 2017 года рэзідэнтам ПВТ змаглі стаць і тыя, хто займаўся рэкламай у інтэрнэце. Наколькі дзейнасць «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» адпавядае гэтаму дэкрэту, Цапкала дакладна не ведае: дэкрэт прынялі, калі ён не кіраваў ПВТ.

Сапраўды, пункт 3 у дэкрэце апісвае, што рэзідэнтамі Парку могуць стаць кампаніі, якія вядуць дзейнасць «у наданні рэкламных, пасрэдніцкіх паслуг, за выключэннем банкаўскіх аперацыяў». Пункт 19 дае права рэзідэнтам атрымліваць даходы ад размяшчэння рэкламы ў іх праграмах.

Цапкала перакананы, што «гэта ўсё – палітычна матываванае дзеянне»:

«Тут насамрэч трэба не юрыдычны аспект глядзець, – кажа спадар Валер. – Тут цалкам відавочна для ўсіх, што гэта палітычная замова, каб нейкім чынам зачышчаць незалежнае інфармацыйнае поле».

Ён дадае, што пытанне падаткаў у Беларусі можа выкарыстоўвацца «з любой нагоды, калі ёсць палітычная замова», бо рэжым стварыў неймаверна складаную і ці не самую заблытаную сістэму збору падаткаў, а адна пастанова можа пярэчыць іншай. Ён нагадвае пра арышт за «няплату падаткаў» супрацоўнікаў кампаніі «PandaDoc», заснавальнік якой прапаноўваў дапамогу сілавікам, якія адмовяцца выконваць злачынныя загады.

Таксама ён згадвае вялізную колькасць перыядычных выданняў, якія ў Беларусі прысвечаныя бухгалтарскаму ўліку – пытае, дзе яшчэ ў свеце такое ёсць. На думку Цапкалы, такая сістэма створаная наўмысна, каб «кожны твой крок быў парушэннем».

Чаму «атака» пачалася цяпер?

Валер Цапкала разважае: магчыма, Аляксандр Лукашэнка хоча вярнуць тое нейтральнае стаўленне народу да сябе, якое ўдалося вярнуць пасля выбараў-2010. Але тады не было панавання сацыяльных сетак, а грамадскую думку фармавалі не столькі сайты і блогеры, колькі дзяржаўная тэлевізія. А цяпер такія медыі, як TUT.by, «паказваюць праўду, паказваюць тое, што адбываецца насамрэч, а не тое, што хацела б паказваць БТ, якое застаецца прапагандысцкай тэлевізіяй».

Чаму справу супраць TUT.by распачалі менавіта цяпер? Валер Цапкала лічыць, што гэта проста чарговы этап ціску, які адбываўся пастаянна. Ён нагадвае пра справу за аўтарскія правы на матэрыялы дзяржаўнага інфармацыйнага парталу БелТА, пазбаўленне TUT.by статусу СМІ, арышт журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч у справе «нуль праміле».

«Гэты рэжым змагаецца з журналістыкай, – дадае Цапкала. – Яны проста не разумеюць адной рэчы: поле будзе занятае іншымі крыніцамі інфармацыі. Яны не разумеюць, што цяпер кожны беларус стаў сродкам масавай інфармацыі. Таму гэтая барацьба ў цяперашнюю эпоху бесперспектыўная, а гэты рэжым застаўся ў сітуацыі 1980-х гадоў».

АА belsat.eu

Стужка навінаў