Сітуацыя з затрыманнямі журналістаў 18 траўня


Камізэлька «Прэса» і пасведчанне ад БАЖ. 28 лютага 2021.
Фота: ТК / Белсат

Да галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатвай сёння раніцаю прыйшлі сілавікі і ўчынілі ператрус. Яе вывезлі ў невядомым кірунку працаўнікі ДФР, тэхніку забралі.

У праграміста TUT.by Віталя Каліноўскага таксама адбыўся ператрус, пасля чаго яго звезлі ў невядомым кірунку.

Яшчэ адзін ператрус сілавікі ўчынілі ў намесніка галоўнага TUT.by рэдактара Максіма Гайко. Спачатку аператыўнікі прыйшлі ў кватэру брата Максіма, потым разам з ім паехалі ў ягоны загарадны дом. Але і на гэтым ператрус не скончыўся. Трэці адрас – кватэра, дзе жывуць сваякі жонкі Гайко. Максіма павезлі на допыт у ДФР. Ягоны працэсуальны статус пакуль невядомы.

На сувязь не выходзіць працаўнік магілёўскага офісу TUT.by Андрэй Дзюбайла. Ён не адказвае на тэлефанаванні. Таксама не адказваюць на званкі працаўнікі TUT.by у рэгіёнах.

Ператрус адбываўся і ў журналісткі TUT.by Алены Талкачовай. Да яе прыйшлі два працаўнікі Дэпартаменту фінансавага кантролю КДК, пазней спадарыню забралі на допыт.

Затрымалі працаўніцу TUT.by Дар’ю Брыль. Сілавікі зранку прыйшлі да яе дадому. У кватэры, дзе яна жыве з суседкамі, учынілі ператрус. Забралі тэхніку ў Дарʼі і суседак. Пасля гэтага забралі Дарʼю з сабою.

Таксама затрыманыя бізнес-аналітык Вадзім Трусаў, начальнік аддзелу маркетынгу Ганна Заяц, начальнік аддзелу продажаў Марына Кушнярэвіч, менеджар Андрэй Аўдзееў.

Намесніца галоўнага рэдактара TUT.by Вольга Лойка затрыманая на 72 гадзіны і змешчаная на Акрэсціна. Вольгу затрымалі ў офісе парталу.

Зʼявіліся звесткі пра арышт дырэктара парталу av.by Дзмітрыя Гераніна. Ён грамадзянін Расеі. Пазней ён паведаміў, што знаходзіцца дома.

Дырэктара кампаніі hoster.by Сяргея Павалішава затрымалі пасля ператрусу, вывеўшы з офісу кампаніі. Пасля 15:00 працаўнікоў пачалі выпускаць з кабінетаў. Там яны сядзелі падчас ператрусу пад наглядам сілавікоў.

Сёння каля 11:00 перарвалася сувязь з журналістамі, якія паехалі асвятляць падзеі да офісу TUT.bу. Прайшло больш за 6 гадзінаў, а пра іхнае знаходжанне дасюль нічога не вядома. Не адказваюць на званкі Аляксандр Чарнуха (Onliner.by), Арцём Маёраў («Белорусы и рынок»), Дарʼя Буракіна («Наша Ніва» і TUT.bу).

У міліцыі адказваюць, што ні ў адным са сталічных РУУС іх няма. У ДФР і СК звестак не маюць.Хутчэй за ўсё журналісты цяпер у Маскоўскім РУУС, але там інфармацыю пра гэта зняпраўджваюць і кажуць, што ніхто да іх не паступаў.

Удзень выявілася, што Юлія Чарняўская заставалася пад канвоем у кардыялогіі ГКБ № 1 Менску. У яе пачаліся праблемы з сэрцам, пасля таго як уранку да яе, як і да іншых сузаснавальнікаў, кіраўнікоў і рэдактараў TUT.by, прыйшлі з ператрусамі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў