Палітвязня, які дасылаў навіны ў бот ТГ-каналу Сцяпана Пуцілы, асудзілі на 5,5 года калоніі


Сяргей Капанец у судзе 13 траўня.
Фота: spring96.org

18 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня прызнала Сяргея Капанца вінаватым паводле трох артыкулаў КК і пакарала яго пяццю з паловай гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Шабуня прызнала Сяргея вінаватым у дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў праз перадачу ў бот тэлеграм-каналу інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня.

Яшчэ Сяргей прызнаны вінаватым у распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні 9 жніўня руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёну пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання. Таксама Капанца абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Менску.

Сяргей Капанец віны не прызнаў. У апошнім слове ён распавёў, што далучыўся да ініцыятыўнай групы, бо быў уражаны асобай Віктара Бабарыкі. Ён быў перакананы, што кампанія будзе праходзіць выключна ў межах закону, і ніякіх гвалтоўных дзеянняў не будзе.

5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму – акурат такога пакарання патрабаваў пракурор Іван Процкі для зняволенага чальца ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Капанца.

Артыкулы
Палітвязню, які дасылаў навіны ў бот ТГ-канала Сцяпана Пуцілы, хочуць даць 5,5 года калоніі
2021.05.17 18:23

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў