Атака на TUT.by: у офіс і кватэры рэдактараў прыйшлі сілавікі, сайт заблакаваны


У офісы TUT.by і hoster.by, а таксама ў кватэры да рэдактараў выдання прыйшлі сілавікі. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу заблакаваны.

TUT.by паведамляе, што сёння раніцай адразу да некалькіх рэдактараў выдання прыйшлі працаўнікі ДФР. У тым ліку прыйшлі да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай, сілавікі выламалі ў яе кватэры дзверы.

Таксама адбываецца ператрус ў журналісткі TUT.bу Алены Талкачовай. Пакуль статус Алены Талкачовай не вызначаны, паведамляе Onliner.

Ператрусы адбыліся ў рэдактараў Ганны Рудэнка і Вольгі Саўкіў. У іх вынялі ўсю тэхніку, а таксама банкаўскія карткі. Працэсуальнага статусу яны пакуль не маюць. Працягваецца вобшук у намесніка галоўнага рэдактара Максіма Гайко.

Сузаснавальнік парталу Кірыл Валошын паведаміў у «Фэйсбуку», што сілавікі прыйшлі ў офісы TUT.by і hoster.by. Працаўнікі, якія былі ў офісе, на званкі не адказваюць.

Цяпер празрыстыя дзверы офісу TUT.by залепленыя знутры поліэтыленам і зафарбаваныя чорным балончыкам. Але можна пабачыць, што на ўваходзе сядзіць чалавек у чорным.

ДФР таксама прыйшоў у рэгіянальныя офісы TUT.by (ёсць пацверджанне па Віцебску, Горадні, Магілёве, Гомлі і Берасці).

Сілавікі прыйшлі ў менскі офіс TUT.by.
Фота: Белсат

У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч.2 арт.243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»).

«ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў 2019 годзе атрыманы статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогіяў (ПВТ). Паводле Дэпартамента фінансавых расследаванняў, таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ», – цытуе прэс-службу КДК БелТА. Як адзначылі ў КДК, у выніку выкарыстання ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» дзяржаўнай падтрымкі як рэзідэнта Парку высокіх тэхналогіяў дзяржаве нібыта былі нанесены страты ў асабліва буйным памеры.

Сілавікі прыйшлі ў менскі офіс TUT.by.
Фота: Белсат

Дамен парталу TUT.by заблакаваны па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры. Пра гэта афіцыйна паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі:

«Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў Закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У дадзеных матэрыялах утрымліваецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL».

Медыі паведамляюць, што перасталі выходзіць на сувязь журналісты незалежных выданняў, якія прыехалі да офісу TUT.by. Сярод іх: Дарʼя Буракіна, Аляксандр Чарнуха, Арцём Маёраў. Таксама няма сувязі з валанцёркай Аленай Доўнар.

Сілавікі прыйшлі таксама ў рэдакцыю буйнога аўтамабільнага сайту AV.BY, паведамляе «Еўрарадыё».

 

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў