Беларуская вёска пад Беластокам


Тут будзе некалькі фальваркаў, у кожным з якіх паставяць гістарычныя хаты і гаспадарчыя пабудовы з усходняга Падляшша. Новы сектар, які ствараецца ў Падляскім музеі народнай культуры, смела можна назваць беларускім.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Музей пад адкрытым небам, размешчаны ў вёсцы Асовічы каля Беластоку, цяпер налічвае больш за 40 будынкаў. Ёсць старыя хаты, гаспадарчыя пабудовы, леснічоўкі і сядзібы. Музей быў заснаваны ў 1984 годзе і з тых часоў пастаянна расце.

Паводле задумы, скансэн меўся быць падзелены на шэсць асобных сектараў, якія рэпрэзентуюць архітэктурную спадчыну розных частак Падляшша. Першымі аб’ектамі тут былі будынкі невялікага шляхецкага хутару з заходняй часткі ваяводства. Пазней у музей перанеслі сядзібу з Бобры Вялікай. Таксама стварылі сектары ляснога будаўніцтва, сектар, характэрны для сувальскага рэгіёну, і сектар, які паказвае Сакольскі павет.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Цяпер прыйшоў час стварыць аб’ект, які б паказваў выгляд тыповай вёскі, папулярнай у раёнах з беларускім насельніцтвам, – пабудаванай уздоўж дарогі.

– Нам не хапала гэтага сектару ўсходняга Падляшша, беларускага, хаця ў сакольскім сектары ў нас таксама ёсць хата, якую мы называем беларускай, – тлумачыць дырэктар музею Артур Гавэл. – Аб’екты, якія трапілі ў сектар усходняга Падляшша, былі абраныя значна раней. Выязджаючы «ў поле», я правёў даследаванні, звязаныя з драўляным будаўніцтвам. Я задакументаваў тыя абʼекты, якія мне падаліся самымі старажытнымі і цікавымі. У цяперашні час у гэтым сектары чатыры будынкі.

Дзве хаты паходзяць з вёскі Чыжы Гайнаўскага павету. Гэта сядзіба гміны, дзе, паводле перапісу 2002 года, больш за 81 % насельніцтва складалі беларусы. Беларуская мова там дапаможная, то бок усе справы, у тым ліку афіцыйныя, можна вырашаць па-беларуску.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Прадметы з Чыжоў былі набытыя ў Яраслава Бялькевіча, мясцовага паштара і чальца фальклорнага ансамблю «Чыжавяне». Ён пазнаёміўся з Артурам Гавэлам на адным з народных гулянняў, якое праходзіла ў скансэне. Неўзабаве, успамінае спадар Яраслаў, дырэктар музею з’явіўся ў Чыжах з фотакамерай:

– Ён спытаў мяне, ці не будзе ў Чыжах якіх-небудзь гістарычных будынкаў на продаж. Так атрымалася, што я быў уладальнікам хаты 1888 года. Гэта быў родны дом маёй маці. Дырэктар вельмі зацікавіўся. Памятаю, ён зрабіў шмат фотаздымкаў і нататак. Хата, напэўна, вельмі спадабалася, бо ён адразу ж прапанаваў яе купіць.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Бялькевіч пагадзіўся прадаць яе, але пры ўмове, што музейнікі возьмуць пад апеку і другую хату, значна маладзейшую, пабудаваную ў 1950-х. Як ён успамінае, дырэктар доўга не думаў. На радасць гаспадару:

– Стан хаты маёй маці з году ў год пагаршаўся. Падлога пачала гніць, сцены ўсё больш урасталі ў зямлю. Бацька хацеў яе разабраць і пасячы на дровы для печы, але мне было шкада яе. Спачатку я думаў, што сам буду займацца рамонтам. Я марыў стварыць невялікі музей, які б паказаў, якім было жыццё ў Чыжах. Але, як звычайна, на ўсё гэта не хапала часу. Я рады, што будынак трапіў у добрыя рукі.

Хату XIX стагоддзя з Чыжоў ужо аднавілі музейныя работнікі і кансерватар помнікаў. У галоўным пакоі з’явілася печ, пабудаваная з нуля. Яна мае агнішча для выпякання хлеба і месца для прыгатавання ежы на агні. На адваротным баку ёсць г. зв. запечак – месца, дзе спалі людзі, а таксама сушыліся розныя харчы. На кухні ёсць таксама лавы для сядзення, прымацаваныя да сценаў.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

На чатырох сценах кухні з’явіліся надпісы на царкоўнаславянскай мове. Тут фігуруюць імёны чатырох евангелістаў: Марка, Мацвея, Лукі і Яна. Акрамя таго, у кутах кожнага пакою будуць развешаныя праваслаўныя абразы. Праца над астатнімі пакоямі пакуль не завершаная.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

У сенцах дому музейнікі ўсталявалі жорны – ручную прыладу для драбнення збожжа з двума масіўнымі камянямі. Жорны ўласнаручна аднавіў рэстаўратар і работнік музею Караль Вішнеўскі.

– Праца ў такім старым доме – амаль дэтэктыўная, – тлумачыць Вішнеўскі. – Часта старыя будынкі абнаўляюцца ўладальнікамі і паступова губляюць сваю першапачатковую атмасферу. Дамы, якія мы аднаўлялі, гаспадары адштукоўвалі сайдынгам, герметызавалі мантажнай пенай альбо пакрывалі шыферам. Наша задача – прывесці будынак у зыходны стан. Часам, зняўшы пакрыццё са сцен, мы заўважаем элементы, якія сведчаць пра тое, што ў дадзеным месцы размяшчаўся нейкі прадмет. Дзякуючы такім рэшткам мы высветлілі, дзе ў хаце з Чыжоў знаходзіліся жорны і дзе былі драўляныя слупы, на якія калісьці вешалі зёлкі ці ежу, каб абараніць іх ад мышэй.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Страху хаце з Чыжоў вярнулі арыгінальную – саламяную. На самым пачатку свайго існавання будынак меў даўжыню некалькі дзясяткаў метраў і пад адным дахам злучаў жылую частку і гаспадарчыя памяшканні. Такія выцягнутыя будынкі калісьці былі характэрныя для вёсак ва ўсходнім рэгіёне Падляшша, тлумачыць Артур Гавэл:

– Была частка, у якой жылі людзі, – гаворка ідзе пра кухню і пакоі. У гаспадарчай жа частцы была жывёла, пачынаючы з самай каштоўнай: коні, потым каровы і свінні. Далей быў куратнік. Здаралася, такі будынак мог быць нават да 40 метраў даўжынёй.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

У хаце з Чыжоў будзе пастаянная экспазіцыя, прысвечаная 1920-м гадам ХХ стагоддзя. Другая хата адтуль не мае такой высокай этнаграфічнай каштоўнасці. Пасля рамонту яна будзе служыць майстэрняй: у ёй паставяць ткацкія станкі, і там можна будзе ладзіць майстар-класы па ткацтве.

Акрамя будынкаў з Чыжоў у беларускім сектары ёсць і драўляны хлеў з вёскі Рэдуты, што ў гміне Орля. У будынку размяшчаецца выстава, прысвечаная механізацыі сельскай гаспадаркі ў вёсках Падляшша пасля Другой сусветнай вайны.

Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Беларуская вёска ў падляскім скансэне хутка пашырыцца нядаўна набытымі дамамі. У адной з хатаў, што з вёскі Макоўка, захаваліся саламяная страха і бэлька пад столлю, якая служыла апорай. Другі будынак, набыты летась, паходзіць з вёскі Плюцічы. Абодва дамы размесцяцца ў музеі сёлета. У хаце XIX стагоддзя з Чыжоў пакуль яшчэ вядуцца працы. Адкрыццё для наведнікаў запланаванае на пачатак летніх вакацыяў.

Падляскі музей народнай культуры зноў адкрыўся для наведнікаў 24 красавіка. Можна аглядаць музейную тэрыторыю, але з прычыны пандэміі выставы ўнутры будынкаў пакуль не даступныя.

Аўтар тэксту і фотаздымкаў: Лукаш Леанюк / belsat.eu

Стужка навінаў