283-і дзень пратэстаў. Захоп TUT.BY, новыя палітвязні і палякі ў Беларусі


Супрацьстаянне паміж грамадствам і ўладамі ў Беларусі працягваецца 282 дні. «Белсат» падводзіць вынікі аўторка.

У офіс і кватэры рэдактараў TUT.by прыйшлі сілавікі, сайт заблакаваны

Сілавікі прыйшлі ў менскі офіс TUT.by.
Фота: Белсат

Сёння раніцай адразу да некалькіх рэдактараў выдання прыйшлі працаўнікі ДФР. У тым ліку прыйшлі да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай, сілавікі выламалі ў яе кватэры дзверы.

На цяпер вядома пра 14 супрацоўнікаў парталу, якіх затрымалі 18 траўня.

Абноўлена
Сітуацыя з затрыманнямі журналістаў 18 траўня
2021.05.18 19:26

Святлана Ціханоўская апублікавала адмысловую заяву ў сувязі з атакай сілавікоў на TUT.by

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya.org

«Сёння мы ўсе – сведкі наўмыснага забойства медыя і незалежнага парталу TUT.by. Ён 20 гадоў спраўна паведамляў беларусам сумленныя навіны і быў узорам незалежнай прэсы. Многія асцерагаліся, што так і адбудзецца, але гэта зусім іншае пачуццё, калі глядзіш на паслядоўнае знішчэнне свабоды на ўласныя вочы. Зборышча людзей, якія трымаюць уладу ў Беларусі, – гэта і ёсць сапраўдны акупацыйны рэжым: яны забіваюць СМІ, забіваюць партыі і суполкі, забіваюць нас – на вуліцах і ў турмах», – падкрэслівае яна.

Ціханоўская кажа, што ейная каманда трымае сувязь з кіраўніком Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen).

«Мы патрабуем неадкладнай рэакцыі ЕЗ, тэрміновага запуску праграмы падтрымкі незалежных СМІ, абароны журналістаў і дапамогі для працягу працы, насуперак рэпрэсіям. Мы настойваем, што трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні ўсіх адказных за рэпрэсіі на адрас рэдакцыяў, журналістаў і блогераў», – дадала яна.

Валер Цапкала таксама выказаўся пра справу TUT.by:

«Пытанне падаткаў можа выкарыстоўвацца з любой нагоды, калі ёсць палітычная замова».

Валер Цапкала.
Фота: Madis Veltman / Globallookpress.com

Заснавальнік і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў лічыць, што дзейнасць TUT.by, хутчэй за ўсё, адпавядае Дэкрэту аб лічбавай эканоміцы 2017 года: рэзідэнтам ПВТ можна стаць, надаючы рэкламныя паслугі. Аднак, паводле Цапкалы, пытанне падаткаў у Беларусі наўмысна настолькі заблытанае, што за іх можна пакараць любога.

Праваабаронцы прызналі вязнямі сумлення яшчэ 21 чалавека

Гэта Андрэй Драбатовіч, Вадзім Якубоўскі, Сяргей Сакун, Дзмітрый Абрамук, Уладзімір Талатыннік, Аляксей Бараноўскі, Вадзім Свінцецкі, Сяргей Гадыеў, Аляксандр Сузько, Уладзімір Панфіленка, Данііл Скіпальскі, Павел Дворак, Віталь Кузьменка, Юры Бандарэнка, Валерый Вішчэня, Аляксандр Міронаў, Антон Сотнікаў, Артур Аміраў, Яўген Прывалаў, Сяргей Волкаў ды Раман Паўленка.

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць гэтых і ўсіх палітвязняў. На сёння ў краіне 397 вязняў сумлення.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы выказалася аб сітуацыі вакол грамадскіх дзеячаў польскай дыяспары

Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўская-Гузы. Крыніца: Agnieszka Romaszewska / Facebook

Яна абурылася тымі умовамі утрымання прадстаўнікоў польскай дыаспары ў Беларусі, якіх затрымалі ўлады.

«Адвакаты змушаныя маўчаць пад жорсткім патрабаваннем нераспаўсюду, перапіска часта не даходзіць. Такога абыходжання са зняволенымі не было нават у Польшчы падчас ваеннага становішча!!»

Гаворка ідзе пра грамадскую дзяячку польскай меншасці ў Беларусі Анджэліку Борыс, журналіста і актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, кіраўніцу лідскай філіі незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі Ірэну Бярняцкую, дырэктарку грамадскай школы пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыю Цішкоўскую і дырэктарку польскай школы ў Берасці Ганну Панішаву.

Беларусы Вільні зладзілі акцыю салідарнасці ля беларускай амбасады

У ланцуг сталі каля 50 чалавек, пастаянна падыходзілі новыя людзі, гучалі песні Наві, Ляпіса Трубяцкога. Сярод удзельнікаў сябры штаба Святланы Ціханоўскай.

Акцыя салідарнасці ў Вільні каля беларускай амбасады.
Фота: ЮС \ Белсат
Акцыя салідарнасці ў Вільні каля беларускай амбасады.
Фота: ЮС \ Белсат
Акцыя салідарнасці ў Вільні каля беларускай амбасады.
Фота: ЮС \ Белсат

Акцыя салідарнасці развярнулася і ў інтэрнэце

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў