Зяленскі: «Расейцы вывезлі ў невядомым кірунку з Марыупалю каля 5000 дзяцей»


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю тэлеканалу CNN заявіў, што расейскія войскі працягваюць вывозіць людзей з часова занятых імі тэрыторый Марыупалю. Сярод дэпартаваных прыкладна 5000 дзяцей, дзе яны, дагэтуль нічога невядома. Таксама Зяленскі адзначыў, што імаверна, стаўленне ў расейцаў да дэпартаваных жорсткае.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Паводле Зяленскага, у Марыупалі працягваецца вельмі складаная сітуацыя. Ён гаворыць пра тую жорсткасць, з якой да Марыупалю паставілася расейская ўлада і расейскія вайскоўцы. На думку прэзідэнта Украіны, там цяпер два цяжкія складнікі. Першы – у дачыненні цывільнага насельніцтва. Колькі там людзей загінула, ніхто не ведае. Таксама Зяленскі дадае, што сотні тысяч асобаў былі вывезеныя дзякуючы ўкраінскаму боку. Некалькі дзясяткаў тысяч былі вывезеныя ў бок РФ, і што з імі – невядома, дзе іх дакументы – невядома. Сярод дэпартаваных – некалькі тысяч дзяцей. Ва Украіне дагэтуль не ведаюць, дзе яны і што з імі адбылося.

На думку Зяленскага, таксама застаецца невядомай дакладная колькасць цывільных, якія засталіся ў Марыупалі:

«Ёсць адны дадзеныя, што там больш за 50-60 тысяч, іншыя дадзеныя, што 100 тысяч. Ёсць інфармацыя, што 20-30 тысяч маглі там загінуць. І мы чулі, што 5 тысяч дзяцей дэпартаваныя з гэтага рэгіёну на расейскі бок. Яны не далі ім прайсці на тэрыторыю, якую кантралюе Украіна. І мы не ведаем, што з гэтымі дзецьмі, дзе яны. Ніхто не ведае», – паведаміў Уладзімір Зяленскі.

Hавiны
У Пензенскай вобласці знайшлі тры лагеры для дэпартаваных украінцаў
2022.04.17 23:43

Нагадаем, што 17 красавіка ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дэнісава паведаміла, што, паводле дадзеных расейскіх СМІ, у РФ незаконна вывезлі 808 тысяч украінцаў, у тым ліку 153 тысяч дзяцей.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў