«З рызыкай для сябе». Паглядзелі, як ва Украіне аднаўляецца чыгуначнае злучэнне з вызваленымі гарадамі


Ранкам 16 красавіка Украінская чыгунка аднавіла злучэнне паміж Чарнігавам і Кіевам. Праз цяжкое гуманітарнае становішча ў абласным цэнтры рамонтныя працы праводзіліся ў паскораным рэжыме і былі выкананыя за чацвёра содняў. Белсат паразмаўляў з працаўнікамі Украінскай чыгункі пра тое, якім чынам гэта ўдалося, а таксама запытаўся пра дзейнасць арганізацыі ў часы вайны і далейшыя планы ў аднаўленні чыгуначных напрамкаў на вызваленых тэрыторыях.

Чыгуначны вакзал у Чарнігаве. 16 красавіка 2022 г.
Фота: Белсат

Першы дызель-цягнік № 894/893 адправіўся з Чарнігава ў Кіеў а 7:00 16 красавіка і прыбыў на месца ўжо аб 11:06. Аднаўленне чыгункі вялося ў паскораным тэмпе, бо мела стратэгічнае значэнне. Першая віцэ-прэм’ер Украіны Юлія Свырыдэнка зазначыла, што Украінская чыгунка змагла аднавіць транспартнае злучэнне паміж Кіевам і Чарнігавам усяго за чатыры дні, у выніку гэта значна палепшыць гуманітарнае становішча ў абласным цэнтры і наваколлі.

«Горад, практычна, быў заблакаваны, і не было магчымасці дастаўляць гуманітарныя грузы. Дапамога не мела сістэмнага характару, але цяпер будзе мець у сувязі з тым, што адноўленае нармальнае транспартнае злучэнне», – кажа Свырыдэнка.

Ратавальныя працы ў Чарнігаве.
Фота: Белсат

Больш падрабязна пра аднаўленне чыгункі ў напрамку Чарнігава распавёў дырэктар інфраструктуры АТ «Укрзалізниця» Раман Чэрніцкі, які стала прысутнічае на месцах рамонтных працаў. Паводле яго, ужо наступным днём пасля адступлення расейскіх войскаў пачалося размінаванне і аднаўленне чыгункі. І як толькі была адноўленая адна каляя да Чарнігава, ёю адразу ж паехаў цягнік з гуманітарным грузам.

«Сёння яшчэ пакуль мы едзем цеплавозам, але на кірунку працуюць людзі для аднаўлення кантактнай лініі. Такім чынам з панядзелка плануем завяршыць і паехаць электрычнай цягай да самога Чарнігава».

Паўтара месяца Чарнігаў заставаўся ў атачэнні і пад няспыннымі абстрэламі расейскіх войскаў. Многія жыхары, нягледзячы на небяспеку, засталіся ў горадзе і цяпер маюць вялікую патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. І ўжо першы адноўлены цягнік у Чарнігаў прывёз 11 грузавых вагонаў гуманітарнай дапамогі.

16 красавіка Украінская чыгунка аднавіла злучэнне паміж Чарнігавам і Кіевам.
Фота: Белсат

«Як толькі ўкраінскія войскі выбіваюць расейскія войскі з украінскіх гарадоў, як толькі наша армія вяртае пад кантроль гэтыя гарады, мы, Украінская чыгунка, імкнёмся як мага хутчэй аднавіць чыгуначнае злучэнне паміж гэтымі гарадамі. Гэта робіцца для таго, каб было пасажырскае злучэнне, каб завесці гуманітарную дапамогу ў гэтыя рэгіёны, а таксама, каб аднаўляць грузавыя перавозы», – каментуе кіраўнік праўлення ўкраінскай чыгункі Аляксандр Камышын.

Знакавая падзея для жыхароў Чарнігава стала вынікам вялізнай працы чыгуначнікаў, што была праведзеная за рэкордна кароткі прамежак часу. На шляху ад Кіева да Чарнігава было адноўлена больш за 50 кіламетраў кантактнай сеткі, больш за 1,5 кіламетра каляі і некалькі мастоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Першыя паўтара месяца для чыгункі самым важным было ратаванне людзей, то бок праводзілася эвакуацыя – 3,7 мільёна асобаў мы агулам за гэты перыяд перавезлі ў бяспечныя месцы, а яшчэ каля 0,5 мільёна асобаў чыгункай выехала за мяжу. Цяпер прыярытэты крыху мяняюцца, бо ўжо вызваляюцца гарады, і для нас важна там пачынаць падтрымліваць эканоміку. Фактычна, мы заходзім адразу пасля войска, ратавальнікаў і размініравання ды аднаўляем чыгуначнае злучэнне», – расказвае кіраўнік пасажырскага напрамку Аляксандр Пэрцоўскі.

Ён падкрэслівае, што цяпер гуманітарная дапамога жыхарам пацярпелых рэгіёнаў стала адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці арганізацыі.

«У першыя дні, калі ўся людская плынь ехала з усходу краіны на захад, назад у нас цягнікі ехалі пустымі. Пры гэтым была вялізная патрэба ў медыкаментах і прадуктах, таму ў гэтыя цягнікі валанцёры пачалі грузіць гуманітарныя грузы. Цяпер мы гэта структуралізавалі, маем супольны праект з украінскай поштай – «Залізна пошта», дзе мы возім гуманітарныя грузы разнастайных найменняў. Асобным прыярытэтам мы бачым развіццё вакзалаў, якія, фактычна, сталі гуманітарнымі хабамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На жаль, у сітуацыі вайны не абыходзіцца і без ахвяраў сярод чыгуначнікаў – цяпер гэты лік ужо наблізіўся да сотні асобаў. Аднак і ў такой сітуацыі працаўнікі ўкраінскай чыгункі працягваюць штодня выконваць свае абавязкі. «У нас частка краіны палае, на жаль, і Данбас, і вялікія часткі Харкаўскай вобласці ды Запарожскай застаюцца пад сталымі абстрэламі, гэта значыць, што няма адназначна бяспечнага руху. Гэта значыць, што нашыя людзі мусяць пад агнём выходзіць і аднаўляць каляю і правяраць, ці можна бяспечна праехаць. Гэта з рызыкай для сябе, але яны ведаюць, што дзесьці стаіць пасажырскі цягнік з тысячай асобаў, якім неабходна вырвацца», – гаворыць Аляксандр Пэрцоўскі.

Акрамя напрамку Кіеў – Чарнігаў, Украінская чыгунка аднавіла злучэнне паміж Харкавам і Сумамі. Найбліжэйшым часам таксама плануецца аднавіць злучэнне з Ірпінём.

Hавiны
«Дзед не мог уявіць, што крэйсер будзе пагражаць Украіне». Унук канструктара «Масквы» пра самую дарагую страту войскаў РФ
2022.04.17 14:33

ВК belsat.eu

Стужка навінаў