З БДУ звальняюць дацэнта за пазіцыю наконт вайны ва Украіне


Аляксандра Данілевіча, які 20 гадоў адпрацаваў у БДУ, звальняюць за прынцыповую пазіцыю ў справе вайны ва Украіне. Дацэнт факультэту міжнародных дачыненняў падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, паведамляе праект «1906».

Аляксандр Данілевіч.
Фота: Праект «1906»

Аляксандр Данілевіч 20 гадоў адпрацаваў у БДУ. Кантракт у дацэнта факультэту міжнародных дачыненняў закончыцца ў траўні, але яго папярэдзілі, што далей працоўнай дамовы заключаць не будуць.

«Я падпісаўся пад антываенным зваротам адвакатаў і юрыстаў. Адразу пачаліся праблемы ў адвакатуры: завялі дысцыплінарны працэс. Таксама некалькі тыдняў таму меў дзве размовы ў БДУ: з загадчыцаю кафедры і адным з намеснікаў дэкана. Мне падалося, што ім было няёмка са мною гаварыць на гэты конт, пагатоў той намеснік дэкана – мой былы студэнт. Але ж ён паказаў мне паперку, што нельга займацца палітычнай агітацыяй, згодна з правіламі ўнутранага распарадку. Я адказаў, што ніякай палітычнай агітацыяй і не займаўся, гэта іншае. Я ж юрыст, разумею, што нічога не парушаю. Таксама я сказаў, што свой подпіс адклікаць не буду, бо маю сваю пазіцыю», – зазначае Аляксандр Данілевіч.

Абноўлена
Хроніка палітычнага пераследу 18 красавіка
2022.04.18 20:51

Акрамя іншага, мужчыну вынеслі вымову як адвакату, бо лічаць, што ён «парушыў прафесійную этыку» подпісам пад зваротам. Але навуковец не адчайваецца:

«Працаваць пакуль працуецца. Ці не страшна мне? Страшна ва Украіне, у сённяшнім Марыупалі, а тут так, проста бздура нейкая, як я кажу. Вунь нават Максіму Знаку не страшна, а ён у турме сядзіць.

Я столькі гадоў працаваў на тое, каб стаць спецыялістам, што мне ўжо не так страшна, нават калі адбяруць адвакацкую ліцэнзію. Я не той чалавек, які будзе шукаць працу, я той, хто робіць яе і стварае працу сам для сябе. Дый бачу, што пакуль ніхто з адвакатаў, якіх выключылі з калегіі, не памёр з голаду. Таму, спадзяюся, што ўсё будзе добра.

І той жа БДУ для мяне быў не столькі заробак, колькі хобі, мне было цікава выкладаць, мне падабалася працаваць са студэнтамі. Будзьце сумленнымі – і ўсё будзе добра. Я сам не святы чалавек, але такую параду магу даць. Бо мне проста прыкра, што гэта ўсё адбываецца. Мне сорамна, што мы ў гэта ўсё ўлезлі».

Пры гэтым навуковец не мае намеру з’язджаць з Беларусі і кажа, што жыць трэба паводле сумлення.

Артыкулы
Хірургу Любецкаму прысудзілі 5 гадоў калоніі і 2000 рублёў кампенсацыі Карпянкову
2022.04.18 16:16

belsat.eu

Стужка навінаў