Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 18 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 18 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Ратавальнікі дастаюць цела з падвалу аднаго з разбураных дамоў. У Барадзянцы працягваюць разбор завалаў. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну пацярпелі больш за 567 дзяцей: 205 загінулі і прынамсі 362 дзіцяці параненыя.

Паводле інфармацыі Генеральнага штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 20 600 чалавек.

Тым часам сярод расейскіх вайскоўцаў расце колькасць афіцыйных «адмоўнікаў». Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што сярод кантрактнікаў у падраздзяленнях 150-й мотастралковай дывізіі 8-й арміі паўднёвай вайсковай акругі РФ колькасць адмоваў дасягнула 60–70 % ад агульнай колькасці асабовага складу. З тымі, хто адмаўляецца ехаць ва Украіну, працуе ФСБ, ім пагражаюць расправаю над роднымі.

Hавiны
Эксперт: «Пуцін хоча перманентнай прысутнасці расейскіх войскаў у Беларусі, як у Сірыі»
2022.04.18 13:36

У нядзелю, 17 красавіка, сілы абароны Украіны 16-ы раз знішчылі акупантаў на аэрадроме ў Чарнабаеўцы паблізу Херсону. Нізкая воблачнасць і моцны дождж не перашкодзілі ўкраінскім абаронцам дакладна знішчыць пазіцыі расейскіх захопнікаў і склады з ракетнымі боепрыпасамі.

Горад Крэмінная ў Луганскай вобласці захоплены расейскімі войскамі. З раніцы там вяліся вулічныя баі, ёсць загінулыя і параненыя. Пра гэта заявіў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Раней жыхароў вобласці заклікалі эвакуявацца.

Таксама за мінулыя содні ва Украіне праз абстрэлы расейскімі войскамі не ўдалося арганізаваць ніводнага гуманітарнага калідору для эвакуацыі мірных жыхароў.

Разбураны Марыупаль, праспект Міру.
Фота: apnews

Асаблівая ўвага ў пытанні эвакуацыі мірных жыхароў надаецца аточанаму Марыупалю, дзе назіраецца сапраўдная гуманітарная катастрофа. Віцэ-міністарка Украіны Ірына Вэрэшчук выступіла з патрабаваннем адкрыць гуманітарны калідор для эвакуацыі з Марыупалю грамадзянскіх асобаў, асабліва жанчын і дзяцей, а таксама для эвакуацыі параненых вайскоўцаў.

У гэты ж час міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба заявіў, што сітуацыя ў Марыупалі жудасная, а гораду «больш не існуе».

Пра сітуацыю ў Марыупалі выказаўся і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які заявіў, што расейскія войскі працягваюць вывозіць людзей з часова занятых імі тэрыторыяў Марыупалю. Паводле яго, сярод дэпартаваных – прыкладна 5000 дзяцей. Таксама застаецца невядомай дакладная колькасць цывільных, якія засталіся ў горадзе.

Hавiны
У Пензенскай вобласці знайшлі тры лагеры для дэпартаваных украінцаў
2022.04.17 23:43

Разам з тым упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Людміла Дэнісава паведаміла, што расейскія валанцёры знайшлі ў Пензенскай вобласці тры лагеры, дзе ўтрымліваюцца дэпартаваныя ўкраінцы. Паводле ейных словаў, людзі там перабываюць у прыгнечаным стане, без адзення, харчоў і прадметаў гігіены. Іх забралі з Марыупалю проста з бамбасховішча. Усяго з лютага ў Расею гвалтам вывезлі 808 000 украінцаў, з якіх 153 000 – дзеці.

Былы сустаршыня забароненай прарасейскай партыі ОПЗЖ Віктар Медвядчук, нядаўна арыштаваны СБУ, звярнуўся ў відэазвароце да Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна, прапанаваўшы абмяняць сябе на абаронцаў і жыхароў Марыупалю.

Зранку 18 красавіка расейскія войскі нанеслі шэраг ракетных удараў па Львове. У выніку абстрэлу былі пашкоджаныя аб’екты грамадзянскай інфраструктуры. Паводле гарадской адміністрацыі, ракеты ўпалі ў тым ліку на аб’екты мясцовай чыгункі. Паводле папярэдняй інфармацыі, 7 асобаў загінулі і 11 параненыя, трое застаюцца ў цяжкім стане.

Hавiны
Медвядчук звярнуўся да Зяленскага і Пуціна з прапановай абмяняць яго на абаронцаў Марыупалю
2022.04.18 14:49

ВК belsat.eu

Стужка навінаў