Расейцы нанеслі 5 авіяўдараў па Львове. Ёсць загінулыя


Зранку расейскія войскі нанеслі шэраг ракетных удараў па Львове. У выніку абстрэлу былі пашкоджаныя аб’екты грамадзянскай інфраструктуры. Паводле гарадской адміністрацыі, ракеты ўпалі ў тым ліку на абʼекты мясцовай чыгункі. Паводле папярэдняй інфармацыі, 6 асобаў загінулі і 8 параненыя, – паведамляе Максім Казіцкі, старшыня Львоўскай абласной адміністрацыі.

Колькасць загінулых, па стане на 12:30 па Кіеўскім часе, вырасла да 7 асобаў, пацярпелі 11 чалавек, 3 знаходзяцца ў цяжкім стане.

Па Львову быў нанесены ракетны ўдар.
Фота: ChrisRevievvs / Twitter

Некалькі ракетаў пацэлілі блізка да аб’ектаў чыгуначнай інфраструктуры.

«Сёння раніцай расейскія войскі абстралялі Львоў. Некалькі ракетаў былі выпушчаныя паблізу чыгуначных абʼектаў», – паведаміў старшыня Украінскай чыгункі Аляксандр Камышын.

Паводле слоў Камышына, сярод пасажыраў і чыгуначнікаў пацярпелых няма. Гарадская адміністрацыя паведамляе, што на львоўскім вакзале сітуацыя пад кантролем, пасажыраў размясцілі ў бяспечныя сховішчы. Высадка і пасадка ў цягнікі аднавіліся пасля заканчэння сігналу трывогі. Цягнікі, якія яшчэ прыбываюць у Львоў, затрымліваліся на заездзе ў горад да спрацоўвання сігналізацыі, цяпер рух адноўлены.

Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк таксама паведаміў, што пацярпела цывільная інфраструктура Львова.

«Расейцы працягваюць варварскі напад на ўкраінскія гарады з паветра, цынічна заяўляючы на ​​ўвесь свет пра сваё «права»… забіваць украінцаў», – пракаментаваў ён.

«Белсат» пагутарыў з чалавекам, які знаходзіўся ў момант паветранай атакі недалёка ад месцаў выбухаў.

Марта прыехала на выходныя да сяброў і планавала павернуцца дадому. Дзяўчына вырашыла зняць грошы ў банкамаце, калі пачалася трывога:

«Я планавала з’ехаць і пайшла грошы зняць у банкамаце каля вакзалу. Там я пачула першы выбух. Сказалі, што трэба спусціцца ў падземны пераход і я пайшла разам з усімі. У пераходзе я пачула 3 моцных выбухі і не бачыла, што адбываецца. Я нічога безумоўна не бачыла, але чула, быццам гэта ўсё адбывалася вельмі блізка ад нас. Выбухі былі вельмі магутныя».

Дзяўчына кажа, што людзей ахапіла паніка. Дзякуючы працы медыкаў і валантораў, якія аказвалі дапамогу атрымалася суняць эмацыйную хвалю. Медыкі прапаноўвалі ваду і практыкаванні, звязаныя з дыханнем і практыкаванні каб зняць стрэс. Людзям прыйшлося даволі доўгі час правесці ў пераходзе

«Калі быў адбой мы выйшлі на паверхню – убачылі, што далей за вакзал уздымаюцца клубы думу і бачна, што нешта гарыць і выбухала», – сказала Марта.

Дзяўчына кажа, што зараз сітуацыя ў Львове спакойная. Адбылася яшчэ адна паветраная трывога, але ў горадзе выбухаў не было чуваць.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў