Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона наведаць Украіну, каб на свае вочы пераканацца, што расейскія сілы здзейснілі генацыд», – паведамляе BBC. Раней Макрон заявіў, што не жадае ўжываць слова «генацыд». Прэзідэнт Францыі адзначаў, што не ўпэўнены, што жорсткая рыторыка паслужыць справе залагоджвання ўзброенага канфлікту.
Раней Уладзімір Зяленскі казаў, што нежаданне Макрона выкарыстоўваць гэты тэрмін было «вельмі балючым».
«Я запрасіў яго прыехаць, калі ў яго будзе магчымасць. Ён прыедзе і паглядзіць, і я ўпэўнены, што ён усё зразумее», – сказаў Зяленскі.
Варта адзначыць, што Злучаныя Штаты Амерыкі, якія гістарычна не жадаюць абвінавачваць дзяржавы ў генацыдзе, на мінулым тыдні абвінавацілі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў здзяйсненні актаў генацыду праз спробы «вынішчыць саму ідэю» ўкраінскай ідэнтычнасці.
Нагадаем, што паводле Канвенцыі ААН аб генацыдзе, якую падпісалі ў тым ліку і ЗША, пасля афіцыйнага выяўлення генацыду краіны-ўдзельніцы Асамблеі мусяць умяшацца.
ЗХ belsat.eu