Ад 1300 да 2000 долараў: ці каштуе сваіх грошай платнае навучанне ў беларускіх ВНУ


Размаўляем з былым начальнікам упраўлення арганізацыйнага суправаджэння дыстанцыйных адукацыйных паслугаў Міністэрства адукацыі Сяргеем Альшэўскім пра бясплатную адукацыю ў беларускіх ВНУ.

Сяргей Альшэўскі.
Фота: Белсат

– З улікам абавязковага размеркавання пасля навучання на бюджэце, ці можна лічыць беларускую адукацыю бясплатнай?

– Мы плацім падаткі, за кошт якіх функцыянуе сістэма адукацыі, таму адукацыя перадвызначана не можа быць бясплатнай. Таму адукацыя ў нас платная. Абавязковае размеркаванне для мяне – гэта паўторнае фінансаванне гэтай адукацыі. Замест таго, каб абітурыентаў адпусціць на рынак працы і падвысіць такім чынам канкурэнцыю, дзяржава ўводзіць абавязковае размеркаванне. І нярэдкія сітуацыі, калі наймальнік не можа адмовіцца ад працаўніка. І гэты працаўнік вісіць фактычна мёртвым грузам, з ім не ведаюць, што рабіць. Бо асноўнае, што яны робяць размеркаваннем – закрываюць патрэбы дзяржустановаў на месцах. Замест таго, каб ствараць умовы, каб туды спецыялісты ішлі, асабліва ў рэгіёнах, яны туды спецыялістаў абавязкова размяркоўваюць, у спадзеве, што людзі там застануцца.

– Беларуская адукацыя, у параўнанні з еўрапейскай, танная?

– Кошт навучання ў топавых беларускіх ВНУ ўзроўню БДУ, БДУІР супастаўны з еўрапейскімі ВНУ. Значыць, у Еўропе або субсідуецца гэтая адукацыя, або гэтага кошту дастаткова, каб студэнты атрымлівалі адукацыю належнага ўзроўню. Таму я не пагаджуся з тымі, хто кажа, што ў нас адукацыя танная. На самой справе, кошт платнай адукацыі ў БДУ на гэты год ад 1300 да 2000 долараў. Многія еўрапейскія краіны прапануюць для студэнтаў такія ж умовы. І там ты атрымаеш дыплом еўрапейскага ўзору, які не трэба пацвярджаць у Еўропе, не трэба ставіць апастыль і за незразумелыя грошы стаяць у чарзе. З гледзішча сучасных падыходаў да адукацыі, беларуская адукацыя не каштуе гэтых грошай. У Беларусі адукацыя, якая была запатрабаваная ў стагоддзе індустрыялізацыі, калі цябе трэба было навучыць паўтараць адзін і той жа працэс некалькі разоў. Але мы ўжо перайшлі ў эпоху крэатыўнай эканомікі, калі мусім ствараць нешта новае, развівацца. І ў такім плане гэтая адукацыя не адпавядае выклікам часу і, адпаведна, плаціць за яе я не бачу сэнсу.

Студэнты побач з будынкам аўтатрактарнага факультэту БНТУ. Менск, Беларусь. Фото: Белсат

Пры гэтым я лічу, што калі чалавек свядома паступаў і хацеў атрымаць вышэйшую адукацыю, ён яе атрымае незалежна ад умоваў, у якіх вучыцца. Нават у цяперашніх умовах у Беларусі можна вучыцца, можна задаваць пытанні, проста гэта цяжэй рабіць. Але калі ўступныя балы на некаторых спецыяльнасцях зніжаюць да 10 са 100, лічу гэта вялікай праблемаю. На мой погляд, лепш ужо нікога не набіраць, чым набіраць людзей з 10 баламі. Я праводзіў эксперымент, калі ЦТ для кітайскай мовы, не ведаючы ні слова, я здаў на 34 балы – гэта практычна сярэдні бал у краіне. А матэматыку натыкаў на 49 балаў пры сярэдніх у краіне 50 балах. Пра што гэта кажа? Гэта значыць, чалавек з нулём у галаве можа атрымліваць вышэйшую адукацыю. І калі паглядзець статыстыку адлічэнняў з універсітэтаў – яна мізэрная.

– Чаму тады да нас прыязджаюць вучыцца замежнікі?

– У 2013 годзе я працаваў ва ўпраўленні міжнароднай супрацы, дзе займаўся краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Некаторыя прыязджалі, бо не мелі на той момант большай платаздольнасці, бо не мелі магчымасці выехаць у іншыя краіны. Але на той момант большасць студэнтаў была з Туркменістану, яны паступалі ў рамках міжурадавага пагаднення, бо іхны ўзровень школьнай адукацыі не адпавядаў міжнароднаму. Яны не маглі паступіць на праграму вышэйшага навучання, але Беларусь пайшла на саступкі і яны, умоўна, у Туркменістане скончыўшы нашыя 9 класаў, паступалі ў Беларусь – і нашыя ўніверсітэты іх давучвалі. Былі студэнты, напрыклад, з Кітаю. Але на той момант Кітай праводзіў такую палітыку: яны актыўна ў гэты момант адпраўлялі на педфакі вучыцца сваіх студэнтаў, каб пераймаць педагагічны вопыт.

Студэнты выходзяць з будынку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту.
Фота: Белсат

– А як можна рэфармаваць беларускую сістэму адукацыі?

– Ніводная з рэформаў, што пачыналася, не была праведзеная да канца. І гэтае перманентнае рэфармаванне, змяненне без абмеркавання, без развязання канкрэтных праблемаў, у тым ліку фінансавых, прыводзіць сістэму адукацыі да таго, што яна робіцца адміністрацыйна кіраванай і абсалютна не творчай. Каб рэфармаваць, трэба зразумець да канца, што з сістэмай адукацыі. На жаль, няма ўсіх дадзеных і няма аналізу. Мне падабаюцца фіны, яны ў прыярытэце ставяць выхаванне асобы. Але з гледзішча таго, што трэба эканоміцы, тут, вядома, можна і з кітайцаў узяць прыклад, якія вучаць натуральныя навукі і канкуруюць паміж сабой.

Інтэрв’ю
Якую дапамогу ў Беларусі атрымліваюць людзі з рэдкімі захворваннямі? Размова з маці дзяўчынкі, хворай на СМА
2022.04.18 08:40

АМ belsat.eu

Стужка навінаў