Улады Чэхіі высылаюць з краіны 18 расейскіх дыпламатаў


Міністр замежных спраў Чэхіі Ян Гамачак заявіў, што краіна вышле 18 расейскіх дыпламатаў. Таксама паліцыя Чэхіі абвясціла ў вышук меркаваных супрацоўнікаў ГВУ Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава, паведамляе чэшскае выданне Novinky.

Міністр замежных спраў Чэхіі Ян Гамачак.
Фота: lrt.lt

Міністр паведамляе, што ў Чэхіі «ёсць абгрунтаваныя падазрэнні» у датычнасці расейскіх спецслужбаў да выбухаў складоў боепрыпасаў у Врбеціц у 2014 годзе. Краіна вырашыла выслаць тых, каго ідэнтыфікавалі як супрацоўнікаў расейскіх спецслужбаў Галоўнага выведвальнага ўпраўленне і Службы знешняй разведкі Расеі.

Дыпламатам далі 48 гадзін, каб пакінуць Чэхію. Чэшскія ўлады ўжо апавясцілі аб гэтым пасла Расеі і абмяркоўваюць сітуацыю з замежнымі партнёрамі.

«Так, чэшскі бок нас апавясціў. Пасла выклікаюць сёння ў МЗС Чэхіі», – паведамляе «Интерфакс» са спасылкай на амбасаду Расеі ў Празе.

Акрамя таго, паліцыя Чэхіі абвясціла ў вышук меркаваных супрацоўнікаў ГВУ Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава з-за «расследавання абставінаў цяжкага злачынства». Па дадзеных чэшскіх уладаў, яны прыязджалі ў кастрычніку 2014 года ў Прагу. Іх жа ўлады Вялікай Брытаніі падазраюць у атручванні былога супрацоўніка ГВУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў 2018 годзе ў Солсберы.

Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў.
Фота: krymr.com

Выбух на складзе боепрыпасаў у вёсцы Врбеціц, гэта каля 330 км ад Прагі, адбыўся ў 2014 годзе: у кастрычніку выбухнуў адзін склад, у снежні іншы. З-за першага выбуху загінулі два чалавекі.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў