Што кажуць людзі, якіх у эфіры БТ абвінавацілі ў замаху на Лукашэнку


Учора, 17 красавіка, Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы асоб, якая нібыта планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Адначасова з заявай на дзяржтэлеканале выйшаў сюжэт, у якім кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў, што была спынена праца арганізаванай групы, якая спрабавала захапіць уладу ў Беларусі.

Размова «удзельнікаў замаху» па Zoom. Скрыншот з відэа АНТ

У эфіры канала АНТ паказалі сюжэт пра захоп людзей, нібыта датычных да падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку і перавароту, а таксама паказалі відэа «злітай» Zoom-размовы, сярод якіх былі затрыманыя Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў. Таксама на відэа прысутнічалі былы сілавік Аляксандр Перапечка, які пражывае ў Нью-Ёрку, і вучоны Павел Кулажанка, які таксама жыве ў ЗША. Яны пракаментавалі запісы, якія паказалі ў эфіры:

«Гэта быў адкрыты дыскусійны клуб, які збіраўся са студзеня месяца. Склад удзельнікаў канферэнцый гэтак жа мяняўся. Канферэнцыі рассылаліся вельмі многім людзям. На нашай дыскусійнай пляцоўцы абмяркоўвалася ўсё тое, што абмяркоўваецца на кухнях кожны вечар у любой беларускай сям’і: як паскорыць сыход Лукашэнкі», – растлумачыў Кулажанка журналістам TUT.by.

Павел Кулажанка.
Фота: vikingmma / Вконтакте

Ён падкрэслівае, што дыскусіі тэарэтыкаў нічога агульнага з падрыхтоўкай і планаваннем забойстваў і пераваротаў не маюць.

«Цяпер праўладныя СМІ спрабуюць хоць неяк «нацягнуць саву на глобус» і апраўдаць выкраданне ў Расеі двух грамадзян Беларусі і дастаўку іх у Менск, куды яны ў бліжэйшы час не збіраліся, – дадаў Павел.

Наконт «злітых» урыўкаў з анлайн-дыскусіі у сюжэце дзяржаўнага тэлебачання, Павел Кулажанка выказаўся так: «ні слова праўды», і дадаў, што многія фразы выразаныя з кантэксту, каб прадставіць інфармацыю ў святле, выгадным уладам.

Hавiны
Каманда Ціханоўскай пракаментавала заяву Лукашэнкі пра замах
2021.04.18 11:49

Аляксандр Перапечка ў каментары «Радыё Свабода» адзначыў, што здзіўлены таму факту, што размовы паміж ім і яго калегамі па Zoom сталі нагодай для гучных заяў аб тэрарызме. Паводле яго слоў, такія рэгулярныя відэаперамовы вядуцца ўжо амаль паўгода. Ён таксама дадаў, што ўрыўкі некаторых з гэтых дыскусій публікуюцца на сайце geostrategy.info.

Аляксандр Перапечка.
Фота: Александр Перепечко/ Одноклассники

Перапечка падкрэсліў, што падчас такіх сустрэч вяліся дыскусіі аб усіх магчымых і немагчымых варыянтах сцэнара пераадолення глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі. На пытанне, ці абмяркоўвалася тэма перавароту ў Беларусі падчас такіх анлайн-канферэнцый, спадар Аляксандр адказаў станоўча:

«Дзяржаўны пераварот – галоўны спосаб пазбавіцца ад крывавай дыктатуры. Было б непрафесійна не абмяркоўваць розныя сцэнары змены рэжыму ў Беларусі. Але паўтараю: уся можна абмеркаваць. А вось атрымаць грошы і займацца планаваннем – зусім іншае».

Двое іншыя ўдзельнікі размовы – Дзмітрый Шчыгельскі і Ігар Макар – пакуль ніяк не пракаментавалі абвінавачванні.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў