Амбасадарка ЗША ў Беларусі распавяла пра немагчымасці прыехаць у краіну


Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр распавяла ў эфіры радыё «Kera news» пра свае планы прыехаць у Беларусь, сустрэчу з Ціханоўскай і непрызнанні Лукашэнка прэзідэнтам.

Джулі Фішэр. Julie D. Fisher.
Фота: US mission to NATO

Джулі Фішэр стала першым паслом ЗША у Менску за апошнія 13 гадоў, аднак да гэтага часу не можа прыехаць у краіну з-за адсутнасці візы.

«Мы патрацілі шмат гадоў на тое, каб аднавіць пазітыўныя двухбаковыя адносіны, што на самой справе складана з-за адсутнасці амбасадараў у абедзвюх сталіцах. З новага года я вельмі спадзявалася прызямліцца ў Менску, калі ў канцы снежня была зацверджана Сенатам Злучаных Штатаў», – кажа амбасадарка.

Цяпер Джулі Фішэр чакае ад беларускага боку адпаведных дзеянняў у атрыманні візы для ўезду ў краіну.

«Але вы ведаеце, што са свайго боку Злучаныя Штаты не будуць проста сядзець склаўшы рукі. Пакуль мы спадзяемся на атрыманне візы, але я буду займацца гэтым самым непасрэдным чынам. Я збіраюся паехаць у Вільню і ў Варшаву, дзе буду наўпрост узаемадзейнічаць з тымі саюзнікамі, якія падзяляюць нашу заклапочанасць з нагоды падзеяў у Беларусі», – распавядае Джулі Фішэр.

Амбасадарка таксама распавяла, што абавязкова плануе сустрэцца са Святланай Ціханоўскай і яе камандай і адзначыла, што цяпер Ціханоўская сапраўды выразна ўяўляе сваю ролю і бачыць сябе лідарам дэмакратычных сілаў Беларусі.

Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр
Фота: Telegram @tsikhanouskaya

У адказ на пытанне пра тое, хто з’яўляецца законным лідарам Беларусі, Джулі Фішэр адказала што гэта складанае пытанне:

«Мне здаецца, легітымнасць – гэта тое, што зарабляе лідар. А з улікам праведзеных выбараў у жніўні мінулага года Аляксандр Лукашэнка не карыстаецца той легітымнасцю, якую далі б выбары. У гэтым няма сумневаў, і гэта праўда, што Ціханоўская заслужыла вялікі давер падчас той кампаніі, і, як многія лічаць, гэтыя вынікі выбараў паказалі б лідарам яе.

Не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што Аляксандр Лукашэнка застаецца ва ўладзе і кантралюе ўрад Беларусі. Але ёсць розніца паміж легітымнасцю і ажыццяўленнем улады», – адказала Фішэр.

Таксама Джулі Фішэр пацвердзіла, што Злучаныя Штаты Амерыкі не прызнаюць перамогу Лукашэнкі на выбарах: « Мы прызнаем, што ў Менску ўлады кантралююць урад. Мы не прызнаем, што ён [Лукашэнка] перамог на выбарах у жніўні».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў