«Гэта таксама фронт!» Спраўдзілі сітуацыю на варшаўскіх вакзалах


Цэнтральны і Заходні вакзалы Варшавы працягваюць прымаць тысячы ўцекачоў з Украіны. Дзякуючы валанцёрам і грамадзянскай салідарнасці гэтыя ўстановы даюць рады. У параўнанні з мінулым тыднем людзей паменела.

Варшава-Заходняя, Польшча.
Фота: Белсат

«Працы тут хапае ўсім і заўсёды»

Варшава-Заходняя сустракае нас тлумам на пункце раздачы гуманітарнай дапамогі (адзенне) і дастаткова вялікай чаргою (30–35 чалавек) у намёт, дзе даюць гарачую ежу. Але ў холе аўтобуснага вакзалу можна ўжо агледзецца: тыдзень таму тут нельга было праціснуцца.

Жоўтыя камізэлькі валанцёраў мільгаюць там і сям. Але галоўны пункт каардынацыі, які раней быў у цэнтры, перанеслі ў крыло з чакальняю.

Варшава-Заходняя, Польшча.
Фота: Белсат

Адна з валанцёрак тлумачыць нам, што запісацца ў валанцёры проста на вакзале, як гэта можна зрабіць на Варшаве-Цэнтральнай, не ўдасца – трэба рэгістравацца ў інтэрнэце. І ўдакладняе, што самы гарачы час прыпадае на перыяд з 6:00 да 12:00, калі прыходзіць большасць цягнікоў з паўднёвага ўсходу:

«Добра, калі людзі будуць запісвацца вось на гэтую змену. А наагул працы тут хапае ўсім і заўсёды».

Падземны пераход з аўтавакзалу да чыгуначнага дасюль перакрыты. Другі паверх аддалі для кароткага адпачынку жанчын з дзецьмі. Крэслы ў чакальні на першым паверсе ўсе занятыя. Шмат тэлежурналістаў. Адзін з аператараў ловіць у аб’ектыў хлопчыка, які засяроджана размалёўвае ў лімонны колер месяц…

«Усе абʼядналіся і ўзялі сябе ў рукі»

Далей – столік з надпісам «Фронт дапамогі Украіне». Падыходзім.

«Так, гэта таксама фронт! І мы дапамагаем з тылу – закрываем спіны нашым байцам, якія бароняць радзіму і спрабуюць не аддаць ні грама нашага ўкраінскага чарназёму ворагу. Як казаў вялікі казак Іван Сірко, “пам’ятай чужинець – тут господар українець”», – кажа мужчына.

Распавядае, што «Фронт» – украінская ініцыятыва. Дапамагаюць уцекачам на вакзале ўва ўсім: начлегі, харчаванне, каардынацыя. Што да начлегаў, накіроўваюць (ці самі давозяць, калі ёсць вольны транспарт), у Надажын, дзе размяшчаецца адзін з самых вялікіх падваршаўскіх цэнтраў для ўцекачоў. Там, у вялікай зале, якая раней выкарыстоўвалася для гандлю ды імпрэзаў, можна атрымаць ложак і магчымасць памыцца і перадыхнуць (цэнтр можа змясціць адначасна да 20 тысячаў чалавек).

Сітуацыя з уцекачамі з Украіны на Цэнтральным вакзале ў польскай сталіцы выглядае падкантрольнаю. Большасць людзей, якія там спяць, чакаюць цягнік альбо ў іншы горад, альбо ў Нямеччыну, Чэхію ці Аўстрыю. На месцы працуюць валанцёры, большасць з іх размаўляе па-англійску, таму часам бракуе людзей, якія разумеюць расейскую і ўкраінскую.
Фота: Белсат

Мужчына размаўляе з намі па-ўкраінску і згаджаецца, што Варшава-Заходняя троху «разгрузілася», калі параўноўваць з мінулым тыднем.

«Мы ўсе аб’ядналіся, узялі сябе ў рукі. Калі прыязджае новая плынь людзей, мы ўжо ведаем, куды іх трэба накіроўваць і як ім дапамагаць. А раней людзі стаялі і не ведалі, што рабіць. Кожнаму трэба дапамога! Хацеў бы папрасіць усіх украінцаў Варшавы, якія пакуль не ведаюць, як дзеяць, прыязджаць сюды і дапамагаць. Менш спрачацца і сварыцца, менш слухаць дэзынфармацыі, а больш праяўляць любові і салідарнасці. Дапамагаць нашым жанчынам і дзецям. Бо гэта нашая будучыня. А ў мужчынах не сумняюся. Пераможам!» – упэўнены валанцёр.

І раптам на нашае «Слава Украіне!» адказвае па-польску: «Niech żyje Białoruś!». Усміхаецца. Прызнаецца, што з першых словаў распазнаў у нас беларусаў, бо пастаянна чуе беларускую мову з вуснаў свайго найлепшага сябра, які таксама тут валанцёрыць, але цяпер ад’ехаў па сокі ды ежу. «Жыве вечна!» – адказваем.

«Гэты фашызм яшчэ горшы, чымся пры Гітлеру»

Лёгка ідэнтыфікуе маю беларускасць і пажылы мужчына, які разам з жонкай уцякае з Чарнігава. Яму ўжо за 70. Едуць да дачкі і сына ў нямецкі Вайнштат, у якім дзеці жывуць ужо даўно. У дарозе – чацвёртыя содні.

«Уцякаем з Чарнігава ад фашыстаў. Там цяпер зусім страшна стала. Гэты фашызм яшчэ горшы, чымcя было пры Гітлеру», – распавядае мужчына па-ўкраінску.

«Былі пад абстрэламі, канечне, і бамбаваннямі. Уначы прылятаюць, кружаць, выбіраюць, куды скінуць бомбы, а бомбы ж, я бачыў, амаль па 500 кілаграмаў – і ўсё, што вакол, разбівае ўшчэнт. Ну, няма такіх словаў, каб прыдумаць апраўданне гэтаму ўсяму, што твораць гэтыя нелюдзі. Для мяне яны цяпер па-за законам», – кажа ўкраінец.

Варшава-Заходняя, Польшча.
Фота: Белсат

У Чарнігаве ў сужэнства засталіся кватэра, машына, гараж. Натуральна, сябры. На развітанне мужчына таксама кажа нам «Жыве Беларусь!». Але прызнаецца, што трымае крыўду на беларусаў…

Варшава-Цэнтральная: чарга, каб запісацца валанцёрам

Варшава-Цэнтральная выглядае таксама не такою затлумленай, як на мінулых тыднях. У чацвер вялікія чэргі стаялі толькі да касаў, але гэта праз аварыю ў пунктах кіравання PKP, якая здарылася ў Польшчы 17 сакавіка.

Як і раней, запісацца ў валанцёры тут можна проста на вакзале. Адно што ў цэнтры рэгістрацыі просяць цяпер запісвацца на канкрэтныя 6-гадзінныя змены – з поўначы да 6:00, з 6:00 да 12:00 і г. д. Да пункту рэгістрацыі валанцёраў аб 11:00 выцягваецца чарга. Потым знікае, праз паўгадзіны зноў утвараецца.

Варшава-Цэнтральная, Польшча.
Фота: Белсат

«Ну, валанцёраў не бракуе, гляньце – чарга стаіць. Што да дзяжурстваў уначы, то ў гэты час менш працы. У выходныя наагул шмат валанцёраў. А цягам тыдня троху горш», – расказалі ў цэнтры рэгістрацыі.

Чарга – чалавек 20 – стаіць да хлопца з шыльдачкай «Іспанія». Недалёка ад яго – пункт збору і рэгістрацыі на аўтобусы ў Нямеччыну і Данію. У інфармацыйным цэнтры людзям тлумачаць пра бясплатны самалёт у Італію.

«Там бамбяць – і страшна»

На другім паверсе, дзе яшчэ тыдзень таму маці з дзецьмі спалі на падлозе, а для дзяцей зарганізавалі гульнявы куток, цяпер спакойна. Коўдры, матрацы, спальнікі акуратнымі стосамі ляжаць збоку, ля ўваходу ў «Бедронку».

Украінская студэнтка Ілона распавядае, што яны з маці і братам едуць з Мікалаеўскай вобласці ў польскі Цешын, дзе цяпер цэнтр для ўцекачоў.

Варшава-Цэнтральная, Польшча.
Фота: Белсат

«Не ведаю, так вырашылі. Мы з адной жанчынай нядаўна пазнаёміліся, дык яна там цяпер, кажа, што там добра, дык вырашылі ехаць у Цешын. Як у Мікалаеве? Там бамбяць – і страшна. Акружылі, але нашыя спрабуюць адбіцца. Бабуля і дзядуля там засталіся, мамін брат яшчэ…» – дзяўчына адводзіць позірк.

На вакзале можна атрымаць гарачую ежу, цёплыя напоі, медычную дапамогу. Розныя мабільныя аператары бясплатна рэгіструюць для ўцекачоў з Украіны сім-карты (так званыя стартары).

«Няма цяпер нідзе для нас месца»

Украінка Юлія з траімі малымі дзецьмі ў дарозе ўжо восьмы дзень. Едуць з Днепрапятроўскай вобласці. Прызнаецца, што засталася б на радзіме, калі б не дзеці (наймалодшай дзяўчынцы – 1 год і 7 месяцаў):

«Страшна, сірэны выюць па пяць гадзінаў. Не спім тады, сядзім у калідоры з дзецьмі. Наш горад не бамбілі, але ў Дняпры ўжо так, і ў Крывым Розе. Муж там застаўся і старэйшы сын, яму 18 гадоў, застаўся, маці з бацькам таксама».

Кажа, што плану ўцякаць не мелі. Спачатку дабраліся да Львова і меркавалі там перачакаць, але ў Львове не маглі знайсці жытла.

Варшава-Цэнтральная, Польшча.
Фота: Белсат

«Але няма цяпер нідзе для нас месца. Грошай таксама ўжо амаль не маем. Можа, якіх 100 долараў на ўсіх. Адкуль якія грошы могуць быць? Бо калі па Украіне ехалі, наймалі жытло. Усюды было занята і занята. У Варшаве валанцёрам два дні званіла, казала, што я з дзецьмі, але не ўладкаваліся – наймалі гостэл», – кажа Юлія.

Іхны шлях ляжыць цяпер на Кракаў, адкуль знаёмая ўкраінка паабяцала пераправіць іх у Швецыю. Маленькая дачушка пачынае хныкаць. Маці папраўляе ёй шапачку: «Малая вельмі капрызная. А старэйшыя трываюць. Баяцца, але маўчаць».

Дзіцячы плач, колькі б тут, на вакзале, ні было ўцекачоў, рве сэрца…

Варшава-Цэнтральная, Польшча.
Фота: Белсат

Паводле інфармацыі Памежнай аховы за 17 сакавіка, мяжу Польшчы з Украінаю перакрочылі 1,97 мільёна ўцекачоў. За чацвер (да 15:00) памежнікі прапусцілі з тэрыторыі Украіны 30 тысячаў чалавек. Ведамства сцвярджае, што гэта на 14 % менш, чымся за папярэдні дзень.

Рэпартаж
Стаць валанцёрам. Як журналіст «Белсату» дапамагаў уцекачам на «Варшаве Цэнтральнай»
2022.03.10 20:29

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў