Журналіста Змітра Казакевіча аштрафавалі на Br 1740


Зміцер Казакевіч.
Фота: БАЖ

Суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў журналіста Змітра Казакевіча двума максімальнымі штрафамі паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП – за супрацу з замежным выданнем без акрэдытацыі беларускага Міністэрства замежных справаў.

Суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава прызналі журналіста вінаватым у незаконным вырабе дзвюх публікацыяў на сайце belsat.eu. У міліцэйскіх пратаколах паведамлялася, што матэрыялы аўтар напісаў, «злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста», паведамляе БАЖ.

Адзін з артыкулаў – гэта гісторыя пра звальненне выкладчыка медычнага ўніверсітэту, які адбыў трое содняў арышту за белыя і чырвоныя фіранкі ў сваёй кватэры, другі – пра судовы працэс над віцяблянінам, супраць якога распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам. Звесткі пра гэтыя артыкулы знайшліся падчас агляду ноўтбука журналіста, забранага міліцыянтамі падчас ператрусу.

Абноўлена
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову этапавалі ў Жодзіна
2021.03.18 10:31

Зміцер Казакевіч адмовіўся даваць суду тлумачэнні ў справах на знак салідарнасці са зняволенымі калегамі Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. Журналіст падкрэсліў, што не лічыць сябе вінаватым, і працытаваў урывак з рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984». Там распавядаецца, што толькі тады жыццё ў краіне можна лічыць нармальным, калі двойчы два – гэта чатыры, і ніхто не імкнецца давесці, што гэта не так.

Гэтую кнігу ў перакладзе на беларускую мову Зміцер падарыў суддзі Андрэю Шыдлоўскаму. Але той адмовіўся ад падарунка, заявіўшы, што суддзям гэта забаронена, і сам ён не чытае па-беларуску.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў