Юрыст пра «экстрэмісцкія» законы: Гэта злачынныя законы. За іх давядзецца адказваць і заканадаўцам


«Лукашэнка ўтрымлівае ўладу і імкнецца пашырыць спектр інструментарыю, злучанага з экстрэмісцкаю дзейнасцю», «тое, што мы назіраем сёння – гэта паніка». Юрыст Гары Паганяйла пракаментаваў прапановы Генпракуратуры для ўзмацнення адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць у «Студыі «Белсату».

Паводле праваабаронцы, сітуацыя ўскладняецца адсутнасцю ў міжнародным праве выразных паняткаў, што такое экстрэмізм. І экстрэмізм, які маецца на ўвазе ў міжнародным праве, – гвалтоўнага характару. У Беларусі жа экстрэмізмам лічацца надпісы на асфальце «Не забудзем» і БЧБ-парасоны.

«Усё, што сёння ўлады могуць расцаніць як подых, варушэнне, злучанае з іншадумствам, грамадзянскай актыўнасцю, мірнымі пратэстамі, усё завязваецца ў панятак экстрэмізму», – кажа Гары Паганяйла.

Да гэтага, падкрэслівае юрыст, дадаецца шырокае ўжыванне праўных нормаў. «Законы, як я разумею, будуць фармулявацца вельмі шырока, вельмі невыразна, расплывіста, значыць, кожны праваўжывальнік можа скарыстаць гэтыя нормы да шырыні свайго праўнага разумення, абсалютна недазволенага ў крымінальнай практыцы, у цэлым у цывілізаваным свеце», – лічыць праваабаронца.

Паводле адмыслоўцы, сёння рэжым спрабуе неправавымі сродкамі ўтрымаць уладу, і «чынавенскае меркаванне – вось што будзе спадарожнічаць працэсу ацэнкі паводзінаў, выказванняў, дзеянняў кожнага чалавека, які будзе прызнаны іншадумцам, актывістам, палітычным».

«Праваўжывальная практыка паказвае, што ў Беларусі ніхто не лічыцца з законам. Мы будзем мець справу з тым чытаннем [закону], якое ў галовах у нашых пракурораў, следчых і суддзяў».

Hавiны
Генпракуратура прыдумала новыя магчымасці для пакарання нязгодных
2021.03.18 15:03

Асобнае пытанне, лічыць Гары Паганяйла, – да тых, хто прымае гэтыя законы, большасць якіх рыхтуецца ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле юрыста, за гэтыя законы давядзецца адказваць усім – прадстаўнікам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Канстытуцыйнага Суда.

«Гэта злачынныя законы. За іх давядзецца адказваць. Не толькі суддзям, пракурорам, якія ўжывалі і няпраўна асуджалі паводле гэтых законаў нашых грамадзянаў (у існасці тэрарызавалі насельніцтва), але і заканадаўцам, якія такім вось чынам чынілі лёсы тысячаў і тысячаў нашых грамадзянаў, не вінаватых ні ў чым», – лічыць праваабаронца.

«Фашысцкая Нямеччына таксама прымала злачынныя законы», – кажа Гары Паганяйла, падкрэсліваючы, што не ўсё тое, што называецца законам, насамрэч такім можа лічыцца.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў