Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы


Святлана Ціханоўская 18 сакавіка на сваім YouTube-канале заявіла аб правядзенні агульнанацыянальнага галасавання, каб прымусіць Аляксандра Лукашэнку да перамоваў.

Яна заклікала зарэгістравацца ў сістэме галасавання «Голас», якой давяраюць у Еўразвязе, АБСЕ, ЗША ды іншых краінах і міжнародных структурах:

«Кожны з вас ведае, што ў краіне крызіс. І пераадолець яго мы можам мірным шляхам — праз перамовы пры міжнародным пасярэдніцтве».

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што галасаванне мусіць не замяніць, а дапоўніць вулічныя пратэсты:

«Мы выбіраем не зброю, а негвалтоўны пратэст і сумленны голас. І чым больш нашых галасоў, тым гучней для ўсяго свету гучыць нашае патрабаванне пераадолець крызіс мірна і без новых ахвяраў. Бо голас за перамовы – гэта голас за ўратаванне сотняў зняволеных, якія пакутуюць у турме за сваё меркаванне. Гэта крок да дзяржавы, дзе паважаюць людзей ды іхныя погляды. Дзе справядлівыя заробкі і цэны. І што вельмі важна, гэта канкрэтны сігнал для міжнародных партнёраў – да дзеяння».

Яна таксама дадала, што сярод прадстаўнікоў уладаў пашыраецца раскол. І галасаванне запускаецца, «каб правесці перамовы з тымі прадстаўнікамі рэжыму, якія гатовыя думаць пра будучыню і прымаць сталыя рашэння, а не зацягваць крызіс да поўнай катастрофы».

«Такія людзі ёсць», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

Перамовы маюць прайсці пры міжнародным пасярэдніцтве. Інструкцыя для галасавання – праз спасылку.

Прамову Ціханоўскай у жывым эфіры ў YouTube глядзелі больш як 42 тысячы чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў