Святкаванне 100-годдзя БНР паказала беларусам, як іх шмат


Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

25 сакавіка 2018 года каля Опернага тэатру ў Менску сабралася гэтак шмат людзей, што здзівіліся і арганізатары, і ўдзельнікі святкавання. Дзень Волі ўпершыню адбыўся ў такім фармаце і з дазволу ўладаў. «Белсат» пагутарыў з удзельнікамі гэтай гістарычнай падзеі.

Павел Белавус, суарганізатар святкавання 100-годдзя БНР, – пра сваё галоўнае ўражанне

Як бы ўлады ні шугаліся і ні баяліся ўсяго нацыянальна арыентаванага, нельга абысціся без аднаго са слупоў беларускай дзяржаўнасці – заснавання БНР. Як бы прапаганда ні намагалася выдаліць гэтую дату.

Можа, нейкія больш-менш адэкватныя розумы перамаглі і здолелі данесці да Лукашэнкі, што не правільна, калі вакол усе адзначаюць стагоддзі сваёй дзяржаўнасці, а Беларусь не адзначае. Таму нейкая логіка спрацавала, і далі дазвол.

Павел Белавус.
Фота: ІА /Белсат

А на наступны год нам чыноўнікі казалі: «Дык вы ж стагоддзе ўжо адсвяткавалі. Што, кожны год цяпер хочаце?» Адзін раз дазволілі – і хопіць.

Яшчэ было адчуванне, што яны прайграюць ідэалагічна. Думалі, што прыйдуць дзве-тры тысячы чалавек, а было некалькі дзясяткаў тысяч. Столькі без прымусу і разнарадкі яны не збяруць на свае мерапрыемствы.

Ніхто не чакаў, што будзе так шмат людзей, гэта будзе такая якасная публіка, што будзе так міла, натхняльна, будзе столькі спікераў, якіх не ўсе чакалі пабачыць на сцэне: спадар Зісер, прадстаўнікі рэлігійных канфесіяў, бізнес і іншыя.

На той момант гэта быў яшчэ і самы масавы паводле колькасці ўдзельнікаў краўдфандынг. Цяпер для людзей стала нормаю падтрымліваць розныя ініцыятывы. Але ж і на той час у нас, у каманды, што гэта рабіла, была свая аўдыторыя, для якой 25-га – каштоўная дата. І варта было данесці, што мы здолеем выканаць сваю працу якасна, бо краўдфандынг працуе на даверы.

Мы тады сабралі крыху больш за 50 тысячаў рублёў, але па мерках такіх івэнтаў гэта абсалютна нішто, бо калі такія імпрэзы робяцца сур’ёзнымі івэнт-кампаніямі, то гаворка ідзе пра сотні тысячаў. А ў нас усё атрымалася і за такія грошы, бо рабіла вялікая каманда перш за ўсё апантаных людзей.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

Для мяне галоўным уражаннем стала якасць аўдыторыі. Калі скончылася ўрачыстасць і ўсе разышліся, пасля дзясяткаў тысяч людзей засталася абсалютна чыстая прастора вакол Опернага тэатру. Калі шчыра, мы і самі здзівіліся. Пасля мы гэта бачылі на маршах, калі самаарганізоўваліся валанцёры, і пасля вялікай колькасці людзей заставалася чыстая прастора. Гэта паказвае якасць нацыянальна арыентаванай аўдыторыі.

У 2018-м гэта быў пачатак. І калі б дазвалялі легальна і бяспечна збірацца, то было б усё больш і больш людзей. У 2019-м у Менску святкаваць не далі, у 2020-м нават онлайн глушылі, а што будзе ў гэтым, цяжка пакуль сказаць.

У 2017 годзе, калі былі пратэсты з нагоды дармаедаў, мне да Дня Волі быў падарунак у выглядзе 15 содняў, а праз год мы з арганізацыйным камітэтам і чыноўнікамі сядзелі ў гарвыканкаме і абмяркоўвалі дэталі свята. Усё непрадказальна, усё змяняецца кожны дзень, таму варта проста рабіць тое, што можаш тут і цяпер.

Франак Вячорка – пра тое, як збываецца ягоная прамова

У 2018 годзе я не мог паверыць, што гэта магчыма. Для мяне было шокам пабачыць столькі людзей каля Опернага. Гэта здавалася нейкім галівудскім фільмам – такая часцінка будучыні.

Тады [у сваёй прамове на сцэне] я казаў пра тое, якою бачу Беларусь у будучыні, што ў нас будуць лётаць лоўкосты з Бабруйску ў еўрапейскія сталіцы, што ў нас не будзе візаў. Яшчэ казаў, што мы будзем паважаць адно аднаго. І ведаеце, тая Беларусь, пра якую я тады казаў у 2018-м, пачынае рэалізоўвацца, мы ўсе разам яе рэалізуем.

Даведка

Вельмі класна быць часткаю гісторыі. І я вельмі шчаслівы, што ўсе мары, за якія мы так доўга змагаліся, паступова ажыццяўляюцца, хоць і не так хутка, як нам бы хацелася.

У нас былі тры ключавыя пункты да таго, куды мы прыйшлі.

Гэта 2014 год, калі беларускае грамадства абудзілася. З’явіліся моўныя курсы «Мова нанова», «Мова ці кава», вышыванкі-вышымайкі. Наступная падзея – святкаванне стагоддзя БНР каля Опернага тэатру, калі людзі пабачылі і зразумелі, як іх шмат. Гэта быў пазітыўны пералом: змрочнасць дыктатуры змянілася пазітывам людзей каля Опернага. І падзеі 2020 года, з вялікімі маршамі, сцягамі гіганцкімі, – гэта працяг падзеяў, станаўленне народу, абуджэнне грамадства.

І ўсё, што было зроблена раней, – недарма. Бо калі б не было ні 2014 года, ні ўсіх такіх праектаў, СМІ, музычных ініцыятываў, то не было б таго, што адбылося ў 2020-м.

Мне б хацелася, каб сёлета 25 сакавіка мы сустракалі ў Менску пераможныя, адкаркоўвалі шампанскае і гаварылі пра дыктатуру ў мінулым часе. Але выглядае, што, напэўна, 25 сакавіка яшчэ давядзецца правесці ў барацьбе.

Юлія Чарняўская, жонка Юрыя Зісера, – пра выступ мужа

Я не памятаю ў ягоным рыхтаванні нічога выбітнага. Ён наўпрост казаў тое, што думаў. Але ж ён тады быў ужо вельмі хворы, яму было цяжка гаварыць, цяжка выйсці на вуліцу. Ён прыйшоў. Ён выступіў. Гэта было вельмі цяжка фізічна. Таму ён і шапку не здымаў, за што на яго пасля накінуліся некаторыя. А ён быў на другі дзень пасля хіміятэрапіі ды моцна мёрз…

Але ён лічыў, што гэты выступ патрэбны.

Юлія Чарняўская і Юрый Зісер.
Фота: TUT.BY

Калі Юра выступаў, то ён не вагаўся, не рабіў гэта з-пад палкі. Ён проста браў удзел у тым, што лічыў істотным. Не было нават пытання, ці будзе выступаць.

Ён лічыў, што БНР, якая была першаю спробаю незалежнасці краіны, і нават БССР, у якую вымушана ператварылася БНР у савецкім кантэксце, – усё гэта ў выніку гісторыі, часам парадаксальным чынам, прывяло да таго, каб Беларусь зрабілася незалежнаю краінаю. Бываюць і такія шляхі гісторыі.

Ён хацеў данесці галоўную думку: нацыянальная ідэя сёння – у першую чаргу незалежнасць плюс рэальная грамадская супольнасць. То бок ініцыятыўнасць і адказнасць кожнага за лёс краіны. Не механічная сукупнасць гурткоў і груповак, а менавіта супольнасць.

«Для гэтага неабходна развіваць супольнасць грамадзянаў, якія самастойна, на сваю асабістую ініцыятыву, сваймі сіламі паляпшаюць нашую краіну. Гэта цяпер нашая галоўная, самая актуальная нацыянальная ідэя», – вось ягоныя словы.

І яшчэ момант, які ён меў на ўвазе. Без аб’ядання і ўзаемнай дапамогі ў маштабах краіны немагчыма. Трэба аб’ядноўвацца на карысць Беларусі.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАНу, – пра ўдзел кампаніі ды выступ яе кіраўніка Алеся Ліпая

Добра памятую той дзень, калі арганізацыйны камітэт БНР-100 заклікаў беларускі бізнес падтрымаць Свята Незалежнасці. Было прапанавана некалькі спонсарскіх пакетаў, у тым ліку пакет генеральнага партнёра. У мяне тады мільганула думка: было б крута, калі б ім стаў БелаПАН. Але, ясна, такія пытанні развязваюцца на ўзроўні ўладальніка кампаніі, бо гаворка ідзе і пра немалыя грошы.

Алесь думаў нядоўга: калі не памыляюся, у той жа дзень ён паведаміў, што генеральным партнёрам будзе БелаПАН. Знайшла ягоную цытату на гэты конт: «Пераўтварыць Дзень Волі ў агульнанацыянальнае свята – гэта не проста даніна памяці продкам, што змагаліся за свабоду, але і гарантыя нашага суверэнітэту на будучыню. А для інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, равесніцы Рэспублікі Беларусь, незалежнасць нашай Айчыны заўсёды была і будзе найбольшаю каштоўнасцю, дзеля якой варта жыць і працаваць».

Нам, журналістам, Ліпай сказаў: «Мы павінны адпрацаваць напоўніцу, бо гэта гістарычная падзея». Але мы і так добра разумелі: статус генеральнага партнёра накладае на кампанію павышаную адказнасць.

Даведка

Выступ Алеся на мітынгу каля Опернага тэатру быў адным з самых эмацыйных і яскравых. Ён прачытаў свой верш, а таксама верш Уладзіміра Някляева, які той напісаў адмыслова да 100-годдзя БНР. Сам Някляеў у той момант быў у ізалятары на Акрэсціна.

Менавіта на тым мітынгу Ліпай сказаў вельмі простыя, але вельмі важныя словы, вартыя таго, каб быць жыццёвым крэда беларусаў, асабліва сёння: «Якімі б ні здаваліся цяжкадасягальнымі мэты, трэба проста ўставаць і ісці да іх. Трэба проста рабіць сваю справу. Разам мы сіла. Сіла, якая мацнейшая за любыя неспрыяльныя ўмовы».

Праз пяць месяцаў пасля 100-годдзя БНР Алеся Ліпая не стала. Але вельмі важна, што гэтая гістарычная падзея адбылася не проста пры ягоным жыцці, але і пры ягоным актыўным удзеле. Я думаю, што датычнасць да свята, якое сабрала дзясяткі тысяч беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў цэнтры Менску, зрабіла Алеся вельмі шчаслівым, напоўніла ягонае жыццё нейкім асаблівым сэнсам.

Адэля Вольская – пра свой выступ замест таты

Гэта была адносна смешная сітуацыя. Тата павінен быў тады выступаць у Беластоку. І Павел Белавус мне прапанаваў: «Калі Лявон выступае там, то давай ты будзеш у Менску». І я адмыслова прыехала з Польшчы ў Менск, каб выступіць. Гэта для мяне быў вельмі цікавы досвед.

Адэля Вольская.
Фота: nina.nn.by

Было і хваляванне, і я не разумела на месцы, колькі там сабралася людзей. А калі са сцэны пабачыла, то стала троху страшнавата. Да таго я выступала толькі на камерных канцэртах, а для такой вялікай аўдыторыі – ніколі.

І ў апошні момант мне патэлефанаваў мой гітарыст, прапанаваў перарабіць крышачку «Паветраны шар», я пагадзілася, а потым зразумела, што не трэба было гэтага рабіць…

Мяркую, тая імпрэза паўплывала на падзеі, што адбываюцца апошнія паўгода. Бо людзям абрыдла такая сітуацыя. І яны на канцэрце тады ўжо гэта паказалі.

Там увогуле была дзіўная атмасфера: такі беларускі дух, так патрыятычна, такая энергія ішла ад людзей, што я зараджалася гэтым. Я нават крышачку не разумела, што са мною робіцца, бо гэта было насамрэч шыкоўна.

Святкаванне 100-годдзя БНР. Менск, Беларусь. 25 сакавіка 2018 года.
Фота: ІА / Белсат

Калі б мне яшчэ раз прапанавалі выступаць на Дні Волі, я б пагадзілася і ўзялася нармальна за гэта.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў