Генпракуратура прыдумала новыя магчымасці для пакарання нязгодных


Генеральная пракуратура.
Фота: prokuratura.gov.by

Генеральная пракуратура прэзентавала прапановы для ўзмацнення адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. Для гэта была падрыхтаваная новая рэдакцыя Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму, паведамляе Генпракуратура.

Дакументам дае паўнамоцтвы органам унутраных справаў і дзяржаўнай бяспекі прызнаваць групы грамадзянаў экстрэмісцкімі фармаваннямі і забараняць іх дзейнасць. Пракурор, органы дзяржбяспекі і ўнутраных справаў змогуць «пры выяўленні прыкметаў экстрэмісцкіх дзеянняў» выносіць прадпісанні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацыяў, індывідуальным прадпрымальнікам пры адсутнасці падставаў для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці.

Пазбаўленне набытага грамадзянства

Пры невыкананні такіх патрабаванняў, а таксама паўторным цягам года вынясенні прадпісання арганізацыі або ІП будуць ліквідоўвацца.

Справы аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і яе ліквідацыі будуць разглядацца судом першай інстанцыі ў скарочаныя тэрміны: да аднаго месяца з дня прыняцця заявы.

Таксама заснавальнікам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх арганізацыяў будзе забаронена 5 гадоў засноўваць новыя арганізацыі і СМІ.

Грамадзяне, асуджаныя за злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, будуць улучаныя ў пералік МУС і пазбаўленыя права займацца асобнымі відамі дзейнасці, напрыклад, спалучанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, педагагічнай, выдавецкай. Іх фінансавыя аперацыі будуць асабліваму кантралявацца.

Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія трапілі ў такі пералік, забароняць уезд у краіну, а грамадзянаў Беларусі за гэта будуць пазбаўляць набытага грамадзянства.

Да экстрэмісцкіх матэрыялаў будуць аднесеныя не толькі інфармацыйная прадукцыя, але і сімволіка, атрыбутыка, прызначаныя для экстрэмісцкай дзейнасці і яе прапаганды.

Апроч таго, пракуроры змогуць абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу і сеткавага выдання, «праз якія распаўсюджваюцца звесткі, накіраваныя на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або якія змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюд якой можа нашкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі».

Забастоўкі абмяжуюць

У Працоўны кодэкс унясуць забарону на вылучэнне палітычных патрабаванняў пры правядзенні забастоўкі.

Пашырыліся падставы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за гвалт або пагрозу яго ўжывання да сілавікоў і чыноўнікаў. Узмацняецца адказнасць за супраціў сілавікам, ужыванне да іх гвалту. Уводзіцца і адказнасць за публічную абразу сваякоў прадстаўніка ўлады.

Прапанавана караць у крымінальным парадку за незаконны збор альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці або персанальных звестак грамадзянаў, а таксама ўвесці павышаную адказнасць за такія дзеянні ў дачыненні сілавікоў, чыноўнікаў або іхных сваякоў.

Мяркуецца таксама крыміналізаваць неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Уводзяць адказнасць за ўдзел экстрэмісцкім фармаванні, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, вербаванне, навучанне і рыхтаванне асобаў для ўдзелу ў гэтай дзейнасці.

Адказнасць за дыскрэдытацыю Беларусі

Увядуць крымінальную адказнасць за распаўсюд заведама ілжывых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае ці міжнароднае становішчы Беларусі, прававое становішча грамадзянаў, дзейнасць органаў дзяржаўнай улады і кіравання, што дыскрэдытуе Беларусь, калі такія дзеянні ўчыненыя ў любым публічным выступе, у тым ліку СМІ ці інтэрнэце.

Плануюць увесці крымінальную адказнасць за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны.

Прыцягваць да адказнасці за распаўсюд забароненай інфармацыі будуць і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія не маюць статусу СМІ.

Асобна распрацавалі законапраект пра недапушчэнне рэабілітацыі нацызму. У ім вызначаныя прынцыпы і механізмы супрацьдзеяння «рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў ды іхных памагатых, прафілактычныя захады для недапушчэння такіх дзеянняў, ідзе гаворка пра ўзмацненне адказнасці за такія дзеянні».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў