Галасаванне як дапаможнік па рэвалюцыі

У прамым рэвалюцыйным дзеянні мусіць быць сэнс і план дзеянняў, звязаны з новай ініцыятывай, якую агучыла Святлана Ціханоўская, – галасаванне за перамовы. Гэта павінны разумець як кіраўнікі нацыянальна-дэмакратычнага руху, так беларускае грамадства. Разумець і быць гатовым. Па-за гэтым дзеяннем гэтая ініцыятыва можа стаць чарговым інструментам дэвальвацыі палітычнага аўтарытэту Ціханоўскай.

Крыніца: Святлана Ціханоўская / YouTube

Для кожнага грамадзяніна стала відавочным, што прымусіць Лукашэнку да саступак і тым больш да перамоваў можна толькі сілаю, толькі арганізаваным супрацівам сістэме. Ніякае галасаванне, якім бы масавым яно ні было, само па сабе зрабіць гэтага не зможа, як і падарваць становішча Лукашэнкі, бо яно і так грунтоўна падарванае. Тым больш трэба ўлічваць, што ўлада Лукашэнкі трымаецца не на народнай згодзе і законнасці, а на адкрытым тэроры. Адпаведна, рэвалюцыйныя дзеянні мусяць быць больш рашучымі.

Інакш кажучы, «галасаванне», маючы мэту мабілізаваць грамадства, мусіць надаць эмацыйную сілу сацыяльнаму адзінству, падштурхнуць грамадства да апошняга рашучага дзеяння, вынікам якога будзе зрынанне рэжыму Лукашэнкі. Толькі ў гэтым выпадку заклікі Ціханоўскай выглядаюць сур’ёзнымі і лагічнымі.

Hавiны
Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы
2021.03.18 12:13

Практычна галасаванне вяртае нас да выбарчай кампаніі 2020 года, калі рэвалюцыйныя дзеянні мусілі пацвердзіць вынікі галасавання і факт паразы дыктатара. І яны былі пацверджаныя непадрыхтаванымі, спантаннымі, неарганізаванымі пратэстамі, якія цалкам змянілі жыццё нашай краіны, але не прывялі да ліквідацыі Лукашэнкі. Розніца толькі ў тым, што ў жніўні 2020 года ніхто не меў стратэгіі рэвалюцыйнага дзеяння, уся надзея была на мірны пратэст і на паніку ды ўцёкі Лукашэнкі. Чаго ў рэальнасці не адбылося. Сёння, напэўна, шмат у каго ўжо ёсць разуменне таго, што мірнага пратэсту недастаткова.

Цягам апошніх месяцаў беларускае грамадства мацнела і спела ў супрацьстаянні сістэме, адбывалася трансфармацыя свядомасці сацыяльных групаў, можна сказаць, краіна рэвалюцыянізавала, нягледзячы на тэрор і рэпрэсіі. Фактычна рэжым рэвалюцыянізаваў грамадства. Таму задача лідараў – умацоўваць гэтую рэвалюцыйную парадыгму і настроі, а не размываць іх галасаваннем пра перамовы, за якім не бачыцца інструментаў прымусу.

Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019.
Фота: «Белсат»

У агульных рысах ключавым момантам у рэалізацыі рэвалюцыйнай стратэгіі павінна стаць 25 сакавіка, сімвалічная ўва ўсіх адносінах дата для многіх беларусаў. Вядома, падрыхтаваць грамадства да рэвалюцыйнага дзеяння цягам сямі дзён вельмі складана. Але калі самі беларусы разумеюць, што галасаванне – гэта толькі сігнал да дзеяння, што грамадзяне, якія прагаласавалі (1–2 мільёны), гатовыя будуць выйсці на вуліцы гарадоў у Беларусі і заставацца там, пакуль Лукашэнка не сыдзе, актыўна падключыцца да агульнанацыянальнага страйку, то праблема дыктатуры будзе развязаная. Разам з тым, у перыяд абвастрэння рэвалюцыйнай сітуацыі ў краіне Ціханоўская павінна наважыцца на вяртанне ў Беларусь, што стане пераломным момантам у супрацьстаянні.

Калі ініцыятыва абмяжуецца толькі галасаваннем, то пакажа адсутнасць у штабу Ціханоўскай стратэгіі супрацьстаяння сістэме і моцна падарве пазіцыі Ціханоўскай. Фактычна гэта будзе сур’ёзная палітычная ды ідэалагічная перамога Лукашэнкі, якая яшчэ больш падштурхне ўлады да рэпрэсіяў і тэрору.

Меркаванні
Ціханоўская на парадку дня. Чаму я прагаласую
2021.03.18 16:40

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў