«Дзеткі-цукеркі» і Віктар Шэйман. Як працуюць схемы беларускай кантрабанды


З 2016 года расейскія і беларускія журналісты пачалі пісаць пра «Глобалкастом» – фірму, замешаную ў пастаўках санкцыйных тавараў. Пры гэтым называлі суўласніцу кампаніі – беларуску Ганну Пушкарову.

Пушкарова прыехала ў Беларусь з Іркуцку ў 1990-я. Вучылася ў звычайнай школе ў Дзяржынску. У 2007 годзе паступіла ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на акторскае майстэрства тэатральнага факультэту.

Даведка

Пра гэта нам распавёў адзін з выкладчыкаў: «Выдатная студэнтка была. Прыгожая. Як зорка з французскага часопісу. Такая перспектыўная дзяўчынка, якая думае пра сваю будучыню. У яе дзелавы характар, яна настойлівая ў дасягненні сваіх мэтаў. Са сваім задаткам можа кіраваць любым офісам».

Пушкарова скончыла Акадэмію мастацтваў улетку 2012 года, а ўвосень учорашняя студэнтка робіцца ўласніцаю прэміум-нерухомасці – кватэры на вуліцы Харужай у Менску коштам каля $ 240 тысячаў.

Праз чатыры месяцы пасля той угоды 22-гадовая Ганна засноўвае кампанію «Кідс Тайм». Кіравала фірмай ейная сястра Юлія Брыгадная. Кампаніі належала дзіцячая крама «Дзеткі-цукеркі» ў Паўднёвым Захадзе. Цяпер фірма зліквідаваная.

У 2013 годзе Ганна Пушкарова паступае ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У 2015-м робіцца суўласніцаю кампаніі «Глобалкастом». Фірма заснаваная праз год пасля таго, як Расея забараняе ўвозіць харчы з заходніх краінаў у адказ на санкцыі.

Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Фота Ксенія Тарасевіч / Белсат

Шырокай публіцы кампанія «Глобалкастом» становіцца вядомаю пасля публікацыі расейскага выдання РБК пра кантрабанду санкцыйных тавараў з Беларусі ў Расею. Сярод асноўных пастаўляльнікаў называюць і «Глобалкастом».

Кампанія сваю віну адмаўляла:

«Глобалкастом» не пастаўляе санкцыйнай прадукцыі ў Расейскую Федэрацыю, прэтэнзіі з боку кантрольных органаў РФ не атрымлівала, як іх не атрымлівалі і нашыя расейскія партнёры».

Тым не менш у зводкі «Рассельгаснагляду» фірма трапляла не раз. Гэтак, у студзені 2019 года кампанія везла ў Расею 20 тонаў грэцкіх арэхаў нібыта з Турэччыны, але на некаторых мяшках кантралёры знайшлі старыя этыкеткі, паводле якіх месца паходжання грузу – ЗША. Машыну не пусцілі ў Расею.

Факт пастаўкі санкцыйных прадуктаў з беларускага боку пацвердзіў і аналітык групы кампаніяў «Фінам» Аляксей Коранеў:

«Мы добра памятаем выдатную гісторыю з беларускімі крэветкамі, мідыямі, ківі, бананамі, якія ў Беларусі не растуць, але краінаю паходжання ўсюды паказвалася Беларусь. Былі больш складаныя схемы, калі прадукты пастаўляліся з сертыфікатам афрыканскіх краінаў. Насамрэч прадукты маглі быць з любой іншай дзяржавы».

Але не толькі кантрабандаю харчавання займаўся «Глобалкастом». Як выявіла нашае мінулае расследаванне, кампанія датычная да незаконных паставак адзення пад выглядам тканіны.

Фуру затрымалі ў Расеі, справу разглядалі ў беларускім судзе. На працэсе высветлілася, што «Глобалкастом» набыў тавар, размытніў яго ў Беларусі, атрымаўшы выгаду ад паменшаных збораў, і адправіў на рэалізацыю ў Маскву сваёй жа даччынай кампаніі, распавёў Аляксей Коранеў:

«Насамрэч буйныя пастаўкі грузу ажыццяўляюцца цалкам адкрыта фурамі альбо праз падмену грузу ў дакументах. Гэта значыць, напрыклад, адзенне афармляецца як тканіна, а тканіны абкладаюцца значна меншым мытным зборам. Гэта досыць распаўсюджанае парушэнне ў мытнай сістэме, не толькі паміж Беларуссю і Расеяй. Тут жа ішла вялікая колькасць санкцыйных прадуктаў, таму падобная практыка атрымала шырокі распаўсюд».

Суд адмовіўся прыцягнуць «Глобалкастом» да адказнасці, прыняўшы тлумачэнне кампаніі, што ў іх шмат грузаў, і яны проста не здолелі праверыць усе фуры. У выніку асудзілі кіроўцу і ўласніка машыны.

Акрамя «Глобалкастому», датычны да рээкспарту кветак у Расею паводле заніжаных коштаў і шэраг іншых кампаніяў, блізкіх да беларускіх уладных колаў. Расейскія ўлады спрабуюць прыкрыць гэтую схему, расказаў «Белсату» заснавальнік кампаніі «Кветкавы рад», сябра кіравання Асацыяцыі кветкавага рытэйлу Расеі Іван Уцянкоў:

«У нас пачаўся сапраўдны генацыд транзіту кветкавай прадукцыі праз Рэспубліку Беларусь у Расейскую Федэрацыю. Машына, гружаная кветкаваю прадукцыяй, з поўным пакетам дакументаў едзе на мяжу РБ з РФ для атрымання акту фітасанітарнага кантролю. Там яна бярэцца і ставіцца на дагляд, вязецца ў Смаленскую або Маскоўскую вобласці. Пасля дагляду машыны ўладальнікам не аддаюцца. І падобная практыка ў нас прасочваецца з 4 лютага».

Акрамя кветак, у 2017–2020 гадах «Глобалкастом» пастаўляе ў Расею адзенне, абутак, мэблю, электратэхніку, аўтазапчасткі, тканіну, ровары, дзіцячыя цацкі.

У канцы мінулага года кампанію рэарганізавалі. На яе месцы ўзнік «Глобалкастом-менеджмент», звязаны з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта. Фірме належыць 75 % у кампаніі «Белгеапошук». Астатнімі 25 % валодае дзяржаўнае прадпрыемства «Белзамежгандаль», падначаленае Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Раней «Глобалкастом-менеджмент» таксама валодаў кампаніяй «ГардСэрвіс». Гэта адзіная ў Беларусі прыватная структура, якой Лукашэнка дазволіў ужываць зброю.

Аляксандр Мятла прамаўляе ў Следчым камітэце.
Фота: Следчы камітэт Беларусі

Цяпер «ГардСэрвісам» валодае Аляксандр Мятла, кіраўнік дабрачыннага фонду «Памяць Афгану». Фонд падтрымліваўся Віктарам Шэйманам, пацвердзіў нам палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута:

«Віктар Шэйман і сам былы афганец, таму ясна, што, як чалавек, які ўвесь гэты час быў у Афгане, ён спрабаваў ім дапамагчы. Сваім былым таварышам з Афганістану. Але здарылася так, што ільготы, дадзеныя гэтаму фонду, у пэўны момант сталі значна большыя за той бізнес, якім займаліся афганцы ў пачатку. Гэтым пачалі карыстацца – і вельмі актыўна – бізнесоўцы».

Сёння «Глобалкастом-менеджмент» кіруе іншаю фірмаю – «Глобалкастом-комерсам». Менавіта апошняя цяпер і пастаўляе тавары ў Расею. Гаворка пра рээкспарт харчоў і тавараў прамысловай групы.

Аршанскі афшор

Паводле інсайдараў у сферы лагістыкі, рээкспарт ідзе ў тым ліку праз лагістычны цэнтр «Брэміна-Ворша», дзеля якога на мяжы з Расеяй стварылі падатковы афшор.

Праект рэалізуюць набліжаныя да ўладаў бізнесоўцы Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў.

«Рэч у тым, што кантрабандная галіна ў Беларусі – дзяржаўная. Там некалькі дзясяткаў фірмаў зарганізаваныя набліжанымі да Лукашэнкі алігархамі. Іх страхуе Кіраўніцтва справамі прэзідэнта», – каментуе палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Доўгі час суўладальніцай і «Глобалкастом-менеджменту», і «Глобалкастом-комерсу» была ўжо згаданая Ганна Пушкарова. З лета і восені мінулага года ўласнікамі сталіся Яўген Жоўнер, Аляксандр Раманоўскі і Антон Новік.

Поўны цёзка Антона Новіка – сябра прэзідыуму Беларускай федэрацыі дзюдо, сын вядомага савецкага самбіста, чэмпіёна Еўропы Антона Новіка – старэйшага. Аляксандр Раманоўскі з былым прэсавым сакратаром КДБ Дзмітрыем Пабержыным валодаюць фірмай «ЮРАНЭКС-бяспека». Яўгена Жоўнера называюць даверанай асобай Віктара Шэймана.

Віктар Шэйман

Былы высокапастаўлены чыноўнік паведаміў, што Жоўнер раней працаваў у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Пад выглядам бізнесоўцаў мы пазванілі туды:

«Прозвішча, вядома, на слыху, але ў нас у апараце такіх няма».

Людзі Шэймана?

Яўген Жоўнер пасяліўся ў Менску на праспекце Пераможцаў у комплексе «Славянскі квартал». Кватэра набытая ў лізінг у 2016 годзе. Магчымы кошт той угоды эксперты ацэньваюць на больш за $ 250 тысячаў.

Мы наведаліся да Жоўнера ў госці, але ён катэгарычна не захацеў з намі гаварыць:

«Вы мне не цікавыя. Што вам не ясна? Мне выклікаць міліцыю, ці што? Да пабачэння!»

Што датычыць Ганны Пушкаровай, ходзяць чуткі, што яна жыве з Віктарам Шэйманам.

Каб праверыць гэтую інфармацыю, журналісты «Белсату» пад выглядам кур’ераў сустрэліся з сястрою Ганны, перадалі для яе нібыта паперы ад «Глобалкастому» і папрасілі праз яе зарганізаваць сустрэчу з Віктарам Шэйманам.

Пасля сустрэчы з рэдакцыяй на сувязь ніхто не выходзіў. Беспаспяховымі аказаліся спробы звязацца з Ганнаю Пушкаровай і іншым чынам.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br 2,6 мільярда

Кіраўніцтва справамі прэзідэнта было створанае адным з першых прэзідэнцкіх указаў у жніўні 1994 года з падпарадкаваннем выключна Аляксандру Лукашэнку. З невялікай структуры, якая абслугоўвала дзяржаўныя органы, яна пераўтварылася ў вялізны холдынг, які на сёння аб’ядноўвае больш за 100 кампаніяў. Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фядута:

«Гэта дзяржаўная структура, якая кантралюе бізнес, што падпарадкоўваецца дзяржаве. Так складваецца ўжо з 1994 года, калі яе стварылі. І з самога пачатку гэта было ў яе абавязках».

У свой час Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ўзначальвалі рознакаліберныя чыноўнікі. Самыя запамінальныя – Іван Ціцянкоў, Галіна Жураўкова і Мікалай Корбут.

Іхная дзейнасць на чале прэзідэнцкай гаспадаркі суправаджалася карупцыйнымі скандаламі і крымінальнымі справамі. Першы скандал адбыўся ў 1996 годзе і датачыў падкантрольнай Кіраўніцтву справамі прэзідэнта фірмы «ГандальЭкспа». Лукашэнка асабістым указам надзяліў яе падатковымі ільготамі «дзеля забеспячэння насельніцтва таварамі народнага спажывання».

А насамрэч пераважна алкаголь і цыгарэты ішлі ў Расею, адзначае Аляксандр Фядута: «Раптам РФ выявіла празрыстую мяжу, дзе шмат алкаголю, які не меў на сабе пазнакі мытных збораў у расейскі скарб. І высветлілася, што гэта ідзе праз структуры, якія кіруюць справамі прэзідэнта РБ».

Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У пачатку 2013 года Кіраўніцтва справамі прэзідэнта ўзначальвае Віктар Шэйман. Гэта адзіны дзейны чыноўнік з каманды, што прывяла Лукашэнку да ўлады. Кар’еру Шэйман пачынаў з пасады дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі.

Пасля гэтага быў і генеральным пракурорам, і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, і памочнікам прэзідэнта ў асаблівых даручэннях. І вось аказаўся на чале прэзідэнцкай гаспадаркі.

Паводле Аляксандра Фядуты, «Шэйман заўжды быў інструментам, і Аляксандр Рыгоравіч яго выкарыстоўваў у якасці інструмента, які зробіць усё, што загадае прэзідэнт: ён яго цалкам задавальняў».

З прыходам Віктара Шэймана пад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта адыходзіць паспяховае сельскагаспадарчае прадпрыемства – агракамбінат «Мачулішчы», у склад якога неўзабаве ўвайшлі шэраг былых калгасаў, Пінскі мясакамбінат і малакаперапрацоўчы завод «Малочны гасцінец».

Холдынгу належыць і гаспадарка «Усход» з Атоліна, створаная адмыслова для дастаўкі харчоў на стол Лукашэнкі ды ягонага найбліжэйшага чынавенства. У 2015 годзе Кіраўніцтва справамі прэзідэнта было першае ў вытворчасці малака сярод краінаў СНД.

Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры. Фота VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

У 2014 годзе з’яўляецца кампанія «Белзамежгандаль», якая займаецца продажам нафтапрадуктаў. Паводле ўкраінскай кансалтынгавай групы «А-95», у 2020-м «Белзамежгандаль» паставіў на ўкраінскі рынак 540 тысяч тонаў дарожнага бітуму, зазначае аналітык кампаніі «НафтоРинок» Аляксандр Сірэнка:

«Мы можам прааналізаваць толькі апошні год, бо ён паказальны ў прынцыпе. У нас рынак вырас удвая на роўным месцы. Усяго імпарту – прыблізна 860 тысяч тонаў у 2020 годзе. І на «Белзамежгандаль» прыйшлося 500 тысяч тонаў. То бок больш як палова паставак – гэта «Белзамежгандаль».

Дарожны бітум з «Нафтану» і Мазырскага НПЗ ва Украіну ідзе праз даччынае прадпрыемства ў Кіеве – «БЗТ-Украіна». Кампанія дзеіць як трэйдар і атрымлівае за гэта сваю маржу, пракаментаваў дырэктар кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн:

«Гэтага аператара намінавала Беларуская нафтавая кампанія. Яны не робяць з гэтага вялікага сакрэту. Пару гадоў таму яны нават раскрылі фінансавыя ўмовы. Па-мойму, «Белзамежгандаль» атрымлівае з тоны адгружанага бітуму $ 1,16. Вось гэта фінансавы інтарэс кампаніі. Але яна на сябе бярэ і функцыю афармлення дамоваў. Уся папяровая праца, што суправаджае гэты бізнес».

Пры Шэймане актыўна пашырае сваю дзейнасць падкантрольная Кіраўніцтву справамі прэзідэнта кампанія «Беларусьгандаль». Яна робіцца ўласнікам альбо суўласнікам некалькіх структураў у Беларусі і за мяжою. Сярод іх – «Белаграферт» у Горадні. Фірма зарэгістраваная як рэзідэнт СЭЗ «Горадняінвест» у 2016 годзе. Яна набывае сыравіну ў «Горадня Азоце» і займаецца вытворчасцю грануляванага сульфату амонію. Штогадовы абʼём вытворчасці – 120 тысяч тонаў.

Асноўны рынак збыту – Украіна. Паводле Белстату, за мінулы год ва Украіну паставілі больш за 146 тысяч тонаў на $ 22,6 мільёна.

Гэтак сцвярджае і эксперт рынку мінеральных угнаенняў Сяргей Рубан: «Агульны абʼём рынку сульфату амонію ва Украіне – 400–500 тысяч тонаў. Усё, што Беларусь магла б сюды паставіць, хутчэй за ўсё, нашым рынкам было б спажыта».

Партнёр «Беларусьгандлю» ў гарадзенскім праекце – брытанская фірма «Fertilife Industry Limited», за якою стаіць украінскі бізнесовец Аляксандр Скрыпка.

Каментуе Сяргей Рубан: «Я б не сказаў, што гэта вельмі публічная асоба. Ёсць нашмат больш медыйна раскручаныя бізнесоўцы. Але тое, што асабіста мне вядома пра Аляксандра Скрыпку, – гэта адзін з найбольш актыўных, прадпрымальных і, самае галоўнае, сістэмных будаўнікоў бізнесу».

Аляксандр Скрыпка мае яшчэ адзін супольны бізнес з Беларуссю – кампанію «Агророзквіт», даччынае прадпрыемства Беларускай калійнай кампаніі (БКК). 60 % у «Агророзквіце» належыць БКК, 40 % – брытанскай фірме «Agrofertrans», за якою стаіць той жа Скрыпка.

Даведка

«Agrofertrans» – шматнацыянальная кампанія, якая спецыялізуецца на вытворчасці і гандлі ўгнаеннямі. Кампанія пастаўляе прадукцыю ў 50 краінаў. Займае палову ўкраінскага рынку сульфату амонію.

Эксперт Сяргей Рубан лічыць, што «Agrofertrans» – гэта класічны трэйдар. І практычна кожная кампанія, зарэгістраваная ў краінах былога Савецкага Саюзу, для лёгкага вядзення бізнесу мае рэгістрацыю ў краінах Еўразвязу ці на тэрыторыях, адкуль ажыццяўляць бізнес нашмат прасцей, чым у зменлівых палітычных умовах, якія ўсё-такі ёсць дамінавальным фактарам для бізнесу што ва Украіне, што ў Беларусі, што ў Расейскай Федэрацыі».

«Беларусьгандаль» прадае ў Расеі тэхнічную соль праз кампанію «Аматиста групп» і трактары праз Гандлёвы дом Менскага трактарнага заводу. За мінулы год выручка ўсіх прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта склала больш за мільярд долараў, кажа Шэйман падчас сустрэчы з Лукашэнкам у пачатку года.

Прэс-служба Лукашэнкі адзначала: «Віктар Шэйман даклаў прэзідэнту пра вынікі працы прадпрыемстваў сістэмы Кіраўніцтва справамі ў 2020 годзе, вынікі нядрэнныя. У прыватнасці, выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br 2,6 мільярда (рост больш як на 140 %)».

Кватэрнае пытанне

Падчас службы на дзяржаўных пасадах сям’я Віктара Шэймана займела як мінімум два далёка не танныя дамы і кватэру.

Каля парку Горкага, у цэнтры Менску, сямейству належыць 4-пакаёвая кватэра плошчаю 98 квадратных метраў. Яна запісаная на сына Сяргея і, паводле рыэлтараў, каштуе ад $ 170 тысячаў.

У Драздах пабудаваны двухпавярховы жылы дом з тэрасай і лазняй агульнаю плошчаю 416 квадратных метраў. Плюс зямля амаль 20 сотак. Маёмасць запісаная на дачку Вольгу і ацэньваецца як мінімум на $ 400 тысячаў.

Кіраўнік праекту «Адкрытыя закупкі» Уладзімір Кавалкін упэўнены: «400 тысяч долараў не вялікія грошы. Генерал і высокі чыноўнік іх сабраць і наскрэбці можа. Але, я баюся, што гэтыя 400 тысяч долараў – гэта нават не 1 % ад таго, што ёсць у Шэймана. Людзі, настолькі набліжаныя да Лукашэнкі, і людзі, які апякуюцца такімі гандлёвымі схемамі, як нафта, гандаль зброяй, санкцыёнка… 400 тысяч долараў – гэта смешна».

Дакументы з расследавання «Белсату»

У 2017 годзе Віктар Шэйман набывае нерухомасць у вёсцы Падліпкі Пухавіцкага раёну за $ 15,5 тысячы.

Пасля чаго ўзводзіць за ўласныя сродкі на гэтай зямлі навабуд са склепам, верандай і гаспадарчым блокам агульнаю плошчаю 547 квадратных метраў.

Дакументы з расследавання «Белсату»

На першым паверсе – кухня, кабінеты, пакоі, а ў склепе – вінатэка, більярдная і гаспадарчыя памяшканні. Да дому прылягаюць 25 сотак. Дом ацэньваюць мінімум на $ 350 тысячаў.

Дакументы з расследавання «Белсату»

І самае цікавае. Папярэднім уладальнікам участку быў Аляксандр Мятла. Той самы кіраўнік фонду «Памяць Афгану», якога згадвалі раней. «Еўрарадыё» называла яго блізкім сябрам Віктара Шэймана.

Дзякуем за дапамогу падчас рыхтавання матэрыялу Альянсу расследавальнікаў Беларусі.

Тэкст расследавання таксама можна пачытаў у фармаце pdf, ebub, mobi.

belsat.eu

Стужка навінаў