Вынікі пошуку для:

«Чалавека можна ўзяць каля пад’езду, і ён проста знікне». Родныя Марыі Несцеравай не ведаюць дакладна, чаму яе забралі

Маці і сын Марыі Несцеравай. 13 сакавіка 2021 г. Фота: ТК / Белсат

Марыя Несцерава: 54 гады – нарадзінка Расеі і грамадзянка Беларусі. Выпускніца БДУ, праграмістка, працаўніца Мытнага камітэту, бізнесоўка, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Грамадская актывістка, валанцёрка, назіральніца ў выбарчай кампаніі.

Затрыманая 23 кастрычніка, абвінавачаная паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «удзел у масавых беспарадках». Марыі Несцеравай пагражае ад 3 да 8 гадоў турмы. Праваабарончая супольнасць прызнала актывістку палітычнай зняволенай.

Рамонт рабіў мамін знаёмец, але не закончыў – таксама затрымалі

– Гэтую котку мама дадому прынесла: у пераходзе жанчына раздавала, і яна ўзяла, – Андрэй, сын Марыі Несцеравай, гладзіць шэрую котку Марусю, якая першая сустракае гасцей. – Мама заўсёды бадзяжных жывёлін падкормлівала і даглядала, яна вельмі добры чалавек.

Маці, сын і котка Марыі Несцеравай. Фота: ТК / Белсат

У Марыіным пакоі – незавершаны рамонт, у куце складзены будаўнічы рыштунак.

– Рамонт рабіў мамін знаёмец, але не закончыў – таксама затрымалі. Нават перфаратараў сваіх не забраў, не паспеў, – тлумачыць Андрэй.

– Гэта Маша вышывала – яна такая акуратыстка, што да міліметрыкаў усё дапільноўвае, – Лідзія Грыгор’еўна, мама Марыі, дастае вышыванку з-за шкла кніжных шафаў. – А гэта ейныя першыя малюнкі, яна на курсы малявання хадзіла.

Фота: ТК / Белсат

Пакунак лістоў, паштовак і малюнкаў мама Марыі атрымала ад дачкі за чатыры месяцы турмы.

– Мамачка, ты ў мяне самая лепшая, ты ў мяне самая добрая, – з усмешкаю перадае змест лістоў спадарыня Лідзія. – Згадвае, што я ёй вязала, што я ёй гатавала. І вось малюнкі ўжо з турмы – яна мне да 8 сакавіка і да дня нараджэння даслала.

Марыю Несцераву затрымалі 23 кастрычніка, і з тае пары ейны пакой пустуе, а дома 54-гадовую жанчыну чакаюць сын Андрэй і 84-гадовая матуля. Прычынаў затрымання Марыі родныя дакладна не ведаюць і праз чатыры месяцы. А пра той дзень згадваюць, як пра страшны сон ці дрэнны дэтэктыў.

Андрэй, сын Марыі Несцеравай. Фота: ТК / Белсат

Мама ў чым была выйшла, і ўсё – больш яе ніхто не бачыў

– Позна ўвечары ў дамафон пазванілі. Мама, у чым была – у тапках, куртку накінула, і выйшла – усё, больш яе ніхто не бачыў, – успамінае Андрэй затрыманне матулі.

Неўзабаве ў дзверы пагрукалі «супрацоўнікі крымінальнага вышуку» – прыйшлі адразу з суседзямі-панятымі, учынілі ператрус.

– Схапілі тэлефоны і нічога больш надта і не шукалі, – удакладняе Лідзія Грыгор’еўна. – Быў адзін асобнік «Народнай волі», яго забралі ды напісалі ў пратаколе, што гэта «агітацыйны матэрыял», – смяецца жанчына. – Некалькі дзён мы ўвогуле не ведалі, дзе яна, жывая ці не. Але я зразумела, што гэта вельмі сур’ёзна.

Спадарыня Лідзія, маці Марыі Несцеравай. Фота: ТК / Белсат

– Тэлефаную ў ГУБАЗіК, там кажуць: так, мы забралі, а куды далей яна «паехала», не ведаем, – Андрэй згадвае падзеі тых дзён. – Гэта ж нейкі абсурд! Як гэта можа быць: чалавека забралі, і ён «некуды паехаў»? А колькі чалавек «некуды паехалі», якія не маюць сем’яў і іх няма каму шукаць?! Калі б мы не шукалі, з намі дагэтуль на сувязь не выйшаў бы ніхто! Увогуле – ніхто! Толькі праз адваката мы змаглі штосьці даведацца праз некалькі дзён.

Паводле родных, Марыя Несцерава цікавілася грамадска-палітычнымі падзеямі яшчэ ад выбараў 2010 года, хоць падрабязнасцямі з роднымі асабліва і не дзялілася. Гэтым разам была незалежнаю назіральніцай у школе № 183, якую калісьці сама заканчвала. Пра гэты ўчастак платформа «Голас» паведаміла, што з 524 чалавек за Святлану Ціханоўскую прагаласавалі 406, за Аляксандра Лукашэнку – ніводзін.

Малюнак ад Марыі Несцеравай з СІЗА. Фота: ТК / Белсат

Я сказала ўнуку: табе давядзецца мяне хаваць – больш у нас нікога няма

– Я ўжо сказала ўнуку: Андрэй, цяпер палітычным такія вялікія тэрміны даюць! Машы няма, табе давядзецца мяне хаваць, больш у нас нікога няма, – з сумнай усмешкаю кажа Лідзія Грыгор’еўна. – Я ўжо падрыхтавала ўсё «смяротнае». Павязу яшчэ пакажу, дзе муж пахаваны, каб і маю скрыначку там падхаваў. Словам, я ўсе наказы ўжо зрабіла. Няма ў мяне спадзявання, што Маша выйдзе…

Сям’я Несцеравых – з Чэлябінскай вобласці Расеі. Напрыканцы 1970-х гадоў бацькі Марыі, спецыялісты-геафізікі, прыехалі ў Беларусь працаваць, тут і засталіся. Лідзія Грыгор’еўна кажа, што і да сёння кантактуе са сваімі аднакурснікамі са Свярдлоўскага ўніверсітэту.

Сямейнае фота. Марыя Несцерава – справа. Фота: ТК / Белсат

– Увесь час тэлефануюць і пытаюцца: як Маша? А Сяргей – адзін такі сябар – нагадвае: вось ты казала – «наш дзед, наш дзед!» А зараз што ты мне скажаш? А я адказваю: час ідзе, усё мяняецца, – усміхаецца спадарыня Лідзія. – І ў доме, – Лідзія Грыгор’еўна са смехам паказвае два пальцы, – вось гэтулькі ярых… усяго. Усе людзі мяне падтрымліваюць, не зважаючы на погляды і на рознагалоссі. Мяне гэта моцна ўражвае і здзіўляе, – радуецца спадарыня Лідзія.

Лідзія Несцерава кажа, што і яна сама, і ейны нябожчык муж заўсёды былі сумленнымі працаўнікамі і справядлівымі людзьмі. Такая ж і іхная дачка Марыя.

– Маша несправядлівасць, зладзейства – яна гэтага не пераносіць, – кажа спадарыня Лідзія. – Бывае, праехаць прыпынак, я кажу: не буду талон прабіваць. А яна: ты што? Як не сорам? Кіроўца заробак з чаго будзе атрымліваць? І так паводзілася заўсёды і ўсюды.

Лісты ад Марыі Несцеравай з СІЗА. Фота: ТК / Белсат

Я адправіў пасылку, і яе знішчылі проста ў мамы на вачах

– Я казала Машы, што выбары – гэта спектакль. Мы з Андрэем адгаворвалі яе, папярэджвалі, што забяруць, што гэта небяспечна, – кажа мама зняволенай.

Жанчына перакананая, што дачка і сама ўсё ведала, але і назіральніцаю была, і перадачы вязням насіла. Лідзія Грыгор’еўна кажа, што не спрачалася з дачкою.

– Мая сяброўка пасварылася са сваімі дзецьмі. Яна даказвала, што пенсію ёй плаціць… самі ведаеце хто, – смяецца жанчына. – Яна жыве адна, яе дзеці-ўнукі наведвалі, а цяпер – ніхто.

Маці Марыі Несцеравай. Фота: ТК / Белсат

Жанчына кажа, што разумее моладзь хаця б таму, што застаецца крыўда за Ігната – малодшага сына Марыі, які вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, але быў выключаны за пратэрміноўку аплаты.

Паводле старэйшага сына Андрэя і са словаў адваката, справу Марыі некалькі месяцаў ніхто не вядзе.

– Нам няма нават да каго звярнуцца, каб хадайнічаць, да прыкладу, змяніць зняволенне на хатні арышт – няма следчага. Няма следчага – няма справы, няма справы – няма суда. Атрымоўваецца, так тры гады можна трымаць чалавека ў турме, а можна і пяць – кінулі ў камеру і забылі. А ёй, урэшце, больш за пяцьдзясят гадоў, каб у турме сядзець.

Фота: ТК / Белсат

Акрамя таго, зняволеную пазбаўляюць магчымасці атрымоўваць вітаміны, асабліва неабходныя ў турме.

– Я адправіў пасылку, і яе «ўтылізавалі» проста ў мамы на вачах. Не ведаю, як гэта было: змылі ў каналізацыю, рассыпалі ці спалілі. Наколькі ведаю, у той дзень у шмат якіх вязняў пазнішчалі пасылкі. Навошта? – дзівіцца Андрэй.

Я на практыцы пабачыў, што грамадзянская супольнасць у нас ёсць!

«Дзеля справядлівасці» Андрэй згадвае адзінае спатканне з маці, якое яму дазволілі неўзабаве пасля затрымання.

– Яна казала, што цяпер яе вінавацяць у «навучанні ў арганізацыі масавых непарадкаў». Я адкрываў яе акаўнты, чытаў яе ліставанні – і не бачыў нічога з таго, у чым яе вінавацяць, – не верыць пачутаму Андрэй.

З таго, што адбылося, ён зрабіў несуцяшальныя высновы.

– Я на практыцы пабачыў, што чалавека можна ўзяць каля пад’езда, заштурхаць без аніякіх тлумачэнняў у машыну, нават не міліцэйскую, звезці невядома куды, і ён проста знікне. А нават, калі не знікне, то яго можна трымаць у СІЗА бясконца.

Пакой, у якім жыла да затрымання Марыя Несцерава. Фота: ТК / Белсат

Андрэй кажа, што вельмі ўдзячны людзям, якія дапамагалі і дапамагаюць сям’і пасля матчынага затрымання.

–Тут, у Сцяпянцы, дзе мы жывём, людзі сабралі грошы, каб мы маглі адразу ж наняць адваката, бо адвакаты вельмі дорага каштуюць, – дзеліцца ён уражаннямі. – Я на практыцы пабачыў, што грамадзянская супольнасць у нас ёсць: людзям не абыякава, дзе яны жывуць і што адбываецца вакол! Дзякуй усім, хто дапамагае сем’ям палітзняволеных, адзінокім пенсіянерам, якія засталіся без дапамогі, бо іхных родных арыштавалі. Аказваецца, такіх людзей вельмі шмат!

Андрэй кажа, што і Марыя, ягоная маці, – такі ж неабыякавы чалавек.– І яна дзеяла ў межах закону і свайго канстытуцыйнага права, – перакананы Марыін сын.

– І не толькі ў мамы – шмат у каго абыякавасць кудысьці знікла, калі на практыцы паказалі, як могуць абыходзіцца з людзьмі. Я не хачу рабіць ніякіх гучных заяваў, бо ўсе самі бачылі, што адбывалася ў жніўні і пазней. Я хачу маме дапамагчы!

«Ехала ў Жодзіна ў паніцы, усю трэсла са страху». Жонка Ігара Лосіка – пра другое галадаванне палітвязня

«На месцы сына я б рабіла тое самае». Маці і сястра сцяганосца Руслана Акосткі расказваюць пра свой 1937-ы

Пагражалі згвалціць і перабілі ногі. 21-гадовай дзяўчыне, якую катавалі, пагражае да 8 гадоў за дапамогу параненым

АГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны