Амаль як БЧБ-сцяг. Менчуку далі 12 содняў за сцяг Англіі ў вакне

Соднямі за вопратку ці аздобу не такіх колераў у вакне цяпер мала каго можна здзівіць. Але часам здараюцца і сапраўды абсурдныя гісторыі. Напрыклад, менчука Паўла пакаралі 12 соднямі за сцяг… Англіі. Гэта чырвоны крыж на белым фоне. Выглядае «паводле схемы БЧБ». «Белсат» пагаварыў з ім пра бел-чырвона-белыя сцягі, умовы на Акрэсціна і футбол.

Супрацоўнікі зразумелі, што гэта не той сцяг

Нашаму герою Паўлу 39 гадоў. Ён жыве ў Менску, працаваў у будаўніцтве. Любіць выставы, стасавацца з цікавымі людзьмі і беларускую музыку. У юнацтве моцна захапляўся футболам: заўзеў за менскі клуб «Лакаматыў» і зборную Англіі. Даўно яму падарылі сцяг Англіі – крыж святога Георгія.

Для антуражу ў 2016 годзе ён вырашыў павесіць яго на кухні. На Дзень Волі ў 2017 годзе праз гэта Павел нават меў праблемы:

«Тады, 25 сакавіка, да мяне прыязджалі супрацоўнікі, але мяне ўдома не было. Нават на вышцы падымаліся, каб разглядзець, што гэта за сцяг такі. Тады зразумелі, што сцяг Англіі, а не беларускі бел-чырвона-белы. Пасля гэтага інцыдэнту прэтэнзіяў не ўзнікала».

Той самы сцяг Англіі. Фота: архіў героя

Пасля выбараў 2020 года Павел разумеў, што ў яго могуць быць праблемы праз колеры сцяга. Але прынцыпова пастанавіў яго не здымаць.

«Усё-ткі ён нічога не значыць, гэта ж сцяг Англіі. Якія могуць быць пытанні?» – тлумачыць ён.

Так сцяг у яго і вісеў замест фіранак. Перыядычна Павел яго здымаў, каб папраць і папрасаваць. Увечары 3 сакавіка, калі мужчыну затрымалі, сцяга на вакне акурат не было.

Каля 23:00 у кватэру пазванілі. Мужчыны назваліся ўчастковымі. Сцяга не было, але Павел на ноўтбуку глядзеў фільм аўтарства Сцяпана Пуцілы.

«Я выключыў камп’ютар, але супрацоўнікі заўважылі, што я гляджу. Прапанавалі праехаць у РУУС, каб скласці пратакол. Я хацеў узяць сцяг, каб усе пераканаліся, што гэта святы Георгій. Але мне сказалі, што калі я хачу яго захаваць, то лепей яго пакінуць удома. Абяцалі, што я вярнуся дадому», – тлумачыць Павел.

«Сістэма руйнуецца знутры». Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы

Каманда закрываць усіх

У пастарунку на Паўла склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 і паказалі здымкі фасаду ягонага дому. Міліцыянты пыталі, ці пазнае ён сваё вакно. Прасілі таксама прызнаць сваю віну – на гэта Павел не пайшоў. У выніку ў РУУС ён правёў усю ноч.

Раніцаю, калі ўжо прыйшоў работнік больш высокага рангу, мужчына пачаў з ім спрачацца.

«Я казаў, што яны мяне падманулі. Абяцалі, што адпусцяць дадому, і схлусілі».

Суд праходзіў праз «Skype». Павел спрабаваў патлумачыць, што ён не згодны з заключэннем: гэта не было акцыяй, сцяг выкарыстоўваўся як фіранка. Суддзя нават не ведала, пра які сцяг ідзецца. Ёй давялося гугліць, як ён выглядае. Пайшла на нараду. Па вяртанні прысудзіла Паўлу 12 содняў арышту.

«Было бачна, што яна праз сілу выносіць гэтае рашэнне. Нібыта атрымала каманду закрываць усіх запар», – кажа цяпер Павел.

Аўтапартрэт Паўла. Фота: архіў героя

Пекла на Акрэсціна

На Акрэсціна ён трапіў ужо ўвечары. Умовы ён апісвае як «пякельныя, але ў добрай кампаніі».

«Я ўвесь час быў у адной камеры. Са мною сядзелі адукаваныя, цікавыя, начытаныя людзі. Усе былі паводле артыкулу 23.34. Хтосьці сцягі вывешваў у вокнах, хтосьці песні спяваў у пераходах. З побытам было цяжэй: адключылі гарачую ваду, хоць у камерах з непалітычнымі яна была. Адміністрацыя забірала матрацы. На адным з вобшукаў забралі асадкі, каб вязні не маглі пісаць скаргі».

За ўсе 12 содняў Павел толькі тройчы быў на шпацыры. Дамагліся падыхаць свежым паветрам пасля таго, як праспявалі гімн. Лазні або душу не было, памыцца можна было толькі халоднаю вадою. Перадачы былі, але невядома, ці ўсё аддавалі. Напрыклад, ежа збольшага даходзіла, а вось кнігі і сканворды – не.

«Але нам засталіся запасы ад папярэдніх сядзельцаў. Таму, калі ў вас нешта засталося на соднях, – пакіньце ў камеры», – раіць Павел.

Здымак Паўла. Фота: архіў героя

Уплыў

Перажытае толькі ўзмацніла погляды Паўла.

«Я пабачыў бяссілле сістэмы, што гэты маразм час даўно мяняць. Яны думалі, што людзі адседзяць і будуць баяцца. Але толькі болей нянавісці нараджаецца. Шырэй вочы адкрываюцца на тое, што адбываецца ў краіне».

Ці будзе Павел далей вешаць сцяг? Мужчына ў гэтым не вельмі ўпэўнены.

«Ёсць і іншыя спосабы выразіць сваю пазіцыю палітычную. Сцяг у мяне, але не на вакне, каб не правакаваць. Навошта цягаць ката за вусы, калі ёсць іншыя метады».

З сукамернікамі ён падтрымлівае сувязь. Кажа, што яны называюць адно аднога «маленькаю сям’ёй 23.34». Але не ўсё так радасна: содні моцна падарвалі здароўе маці Паўла, у яе пачаліся вялікія праблемы з сэрцам.

Але ўсё роўна мужчына верыць у светлую будучыню.

«Мой прагноз – усё будзе добра. Але не адразу. Любы дыктатарскі рэжым кепска скончыць. Няхай гэта будзе не сёння, не заўтра і не праз месяц. Але будзе. Гэта непазбежна».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны