222-ы дзень пратэстаў: заява Святланы Ціханоўскай, суд на Банцэрам і ліквідацыя Польскай школы

Беларускія паслявыбарчыя пратэсты працягваюцца ўжо 222 дзень. Улады працягваюць ціск на пратэстоўцаў, праходзяць новыя суды і людзей адпраўляюць на содні, а сілы апазіцыі заклікаюць уладу да мірнага шляху рашэння палітычнага крызісу ў Беларусі.

Сёння Святлана Ціханоўская выступіла з заяваю, у якой заклікала да агульнанацыянальнага галасавання за перамовы

Яна заклікала зарэгістравацца ў сістэме галасавання «Голас», якой давяраюць у Еўразвязе, АБСЕ, ЗША ды іншых краінах і міжнародных структурах.

«Я сем месяцаў працавала, каб зрабіць гэтую заяву», – адзначыла яна.

Галасаванне як дапаможнік па рэвалюцыі

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што галасаванне мусіць не замяніць, а дапоўніць вулічныя пратэсты:

«Мы выбіраем не зброю, а негвалтоўны пратэст і сумленны голас. І чым больш нашых галасоў, тым гучней для ўсяго свету гучыць нашае патрабаванне пераадолець крызіс мірна і без новых ахвяраў. Бо голас за перамовы – гэта голас за ўратаванне сотняў зняволеных, якія пакутуюць у турме за сваё меркаванне. Гэта крок да дзяржавы, дзе паважаюць людзей ды іхныя погляды. Дзе справядлівыя заробкі і цэны. І што вельмі важна, гэта канкрэтны сігнал для міжнародных партнёраў – да дзеяння».

Заяву апублікавалі на YouTube-канале Святланы Ціханоўскай 18 сакавіка а 12:00.

Місіі ЗША і ЕЗ у АБСЕ падтрымалі галасаванні за мірнае рашэнне крызісу ў Беларусі шляхам перамоў

Пасля рабочага візіту ў Аўстрыю кіраўніка кабінета Святланы Ціханоўскай Валерыя Кавалеўскага Місіі ЗША і ЕЗ у АБСЕ падтрымалі галасаванні, якое праводзіцца Ціханоўскай за мірнае рашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі.

Ціханоўская на парадку дня. Чаму я прагаласую

Павел Латушка запрапанаваў Захаду прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным

Таксама палітык заклікаў стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў самаабвешчаных уладаў.

«Штодня ў турмы кідаюць людзей з палітычных матываў, тысячы застаюцца за кратамі, сотні тысячаў – ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Рэжым узяў курс на знішчэнне беларускай нацыі. А Еўропа? Еўропа салідарная. Але ці можа салідарнасць быць адзіным дзейным інструментам? Што важнейшае – грошы ці правы чалавека?» – задаўся Павел Латушка рытарычнымі пытаннямі ў інтэрв’ю іспанскаму інфармацыйнаму агенцтву EFE.

Для палітвязня Ігара Банцэра запрасілі паўтара года «хіміі»

У судзе Ленінскага раёну Горадні сёння адбылася чарговае судовае паседжанне ў справе музыкі Ігара Банцэра, які трымае сухое галадаванне ўжо 16 дзён.

Падчас паседжання Ігар падаў хадайніцтва аб замене медыкаў, якія яго даследуюць, на дактароў не з турмы. Але яго адхілілі.

«У аўторак турэмны медык сказаў, што калі я буду страчваць прытомнасць, мяне абколюць наркотыкамі. Калі буду адмаўляцца ад прымусовага кармлення – з мяне зробяць «гародніну». Я галадоўку не спыню і раблю хадайніцтва, каб мяне даследавалі медыкі не з турмы», – сказаў Банцэр падчас працэсу.

Пракурор запрасіў для Ігара паўтара года «хіміі», а таксама змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, але Ігар не пагадзіўся.

Пракурор запрасіў для Ігара Банцэра паўтара года «хіміі»

У Берасці пракуратура хоча ліквідаваць Польскую школу

Пракуратура Берасця накіравала ў эканамічны суд вобласці пазоў аб ліквідацыі ТАА «Польская школа» у сувязі з «грубым парушэннем заканадаўства, якое пацягнула прычыненне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

Раней, 10 сакавіка, пракуратура распачала крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК па факце здзяйснення групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму.

Генпракуратура прыдумала новыя магчымасці для пакарання нязгодных

Генеральная пракуратура прэзентавала прапановы для ўзмацнення адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. Для гэта была падрыхтаваная новая рэдакцыя Закону аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

Дакументам дае паўнамоцтвы органам унутраных справаў і дзяржаўнай бяспекі прызнаваць групы грамадзянаў экстрэмісцкімі фармаваннямі і забараняць іх дзейнасць.

Генпракуратура прыдумала новыя магчымасці для пакарання нязгодных

Міністэрства фінансаў хоча за кошт прыватнікаў напоўніць бюджэт

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў на калегіі ведамства распавёў аб праблеме бюджэту Беларусі і планах, як яго напоўніць.

Міністр паведаміў, што ў 2020 годзе даходы рэспубліканскага бюджэту ў рэальным выражэнні скараціліся на 11,4 %. Да зацверджаных планаў на мінулы год улады недабралі Br 750 мільёнаў у намінале. У выніку такіх захадаў дзяржаўны доўг Беларусі павялічваўся, а ў структуры бюджэту назіраліся негатыўныя змены.

У сувязі з гэтым Селіверстаў заявіў пра неабходнасць «працягнуць працу ў пошуку дадатковых крыніцаў для напаўнення бюджэту». Гэтак, ён бачыць «недастатковы ўклад у фінансаванне дзяржаўных выдаткаў ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва»

Перарваны танец: зачыстка Гарадзенскага драмтэатру ад іншадумства працягваецца

АД, belsat.eu

Тэгі: навіны

Hавiны