2006, 2010, 2020 гады: як выбары змушалі беларусаў зʼязджаць

Пятнаццаць гадоў таму пасля выбараў прэзідэнта на Кастрычніцкую плошчу выйшлі тысячы пратэстоўцаў. На знак пратэсту супраць афіцыйных вынікаў галасавання і абвешчання перамогі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Менску з’явілася намётавае мястэчка, якое праіснавала 4 дні. Яго брутальна разагнала міліцыя, улады абвінавацілі апазіцыю ў рыхтаванні «сілавой акцыі з выбухамі і падпаламі», а дзеянні пратэстоўцаў паабяцалі разглядаць як тэрарызм з адказнасцю да 25 гадоў.

Гэтая падзея распачала сумную традыцыю палітычнай эміграцыі пасля «Плошчаў». Belsat.eu паразмаўляў з удзельнікамі акцыі, якія былі вымушаны з’ехаць з краіны праз свае погляды.

«Трэба памятаць, што мы ільвы, а ў нашых жылах – кроў Каліноўскага»

Алена Капач, удзельніца Плошчы-2006, студэнтка першае Праграмы Каліноўскага ў Польшчы

Алена Капач. Фота: ЮШ/ Белсат

Добра памятаю, калі на Плошчы з’явіўся першы намёт… На жаль, шанцаў у 2006 годзе на змены амаль не было. Занадта мала людзей тады разумелі сітуацыю і не пабаяліся выйсці. Яшчэ на першым курсе эканамічнага факультэту ў 2004 годзе я пазнаёмілася з рухам «Зубр», раздавала ўлёткі і газеты, хадзіла на акцыі. Таму Плошча для мяне была пытаннем гонару.

Ужо пасля разгону акцыі мяне вельмі хутка адлічылі з універсітэту пасля размовы з кадэбэшнікамі. Фармальна выклік быў у Дэпартамент аховы метрапалітэну пасля затрымання ў метро за распаўсюд налепак. Размова сапраўды адбывалася ў кабінеце начальніка аховы метрапалітэну, але замест працаўнікоў метрапалітэну былі двое з КДБ. Дапытвалі тры гадзіны, хацелі атрымаць інфармацыю пра хлопца, які быў у вышуку. Я, натуральна, адмовілася даваць інфармацыю.

«Гэта польска-расейскі слоўнік, які даў мне перад адʼездам мой малады чалавек на той момант. На жаль, цяпер ён застаецца ў турме, як і сотні палітвязняў у Беларусі», – кажа Алена. Фота: ЮШ/ Белсат

Пасля адлічэння думала, што ўжо ніколі не атрымаю вышэйшае адукацыі ў Беларусі. Усе, каго выгналі пасля Плошчы, былі ў «чорным спісе». Падсвядома я не вельмі хацела ехаць на Праграму Каліноўскага, як, напэўна, палова з майго набору. Гэта была вымушаная эміграцыя, а не нашае жаданне. Але і выбару ў нас не было. У Польшчы большасць накрыла жорсткая дэпрэсія. Я трапіла ў Ягелонскі ўніверсітэт са сваёй добрай сяброўкай. Усё, што мы рабілі ў вольны час, – плакалі ў сценку, слухалі беларускую музыку альбо збіралі торбы, каб вяртацца дадому. Не вельмі хацелася адрывацца ад беларускае рэчаіснасці і пачынаць улівацца ў польскае грамадства. Нам было цяжка. Складаная вучоба, незнаёмая мова. Але я радая, што мне далі зразумець: адукацыя і веды спатрэбяцца, калі ў Беларусі наступяць перамены.

Пасля Плошчы 2010 года я расчаравалася ў Беларусі і беларусах. Падумала: толькі меншасць выказвае сваё меркаванне… Хіба людзям падабаецца так жыць, яны хочуць такога прэзідэнта. Але вера вярнулася нечакана, улетку 2020 года. Для мяне перамога ўжо тое, што беларусы забілі ў сабе страх. 9 жніўня 2020 года нарадзілася новая нацыя, а я пазбавілася сну. Мы з бацькамі былі на самаізаляцыі ў вёсцы, але паспелі ўсталяваць VPN і сачылі за падзеямі. Ведаю, як цяжка было выходзіць на вуліцу, калі няма ўпэўненасці, што сусед таксама выйдзе.

Я вельмі дрэнна сплю, пастаянна думаю пра тых, каго знявечылі, каго забілі. Мой сябар з Кракава Арцём Саўчук прыехаў у жніўні на некалькі дзён у Беларусь. Пісаў мне, што трэба ўзяць адпачынак на панядзелак, 10 жніўня, бо можа быць «горача». Тады ён не ведаў, што адпачынак будзе на некалькі гадоў… Нядаўна яго асудзілі на 4 гады калоніі за ўдзел у масавых беспарадках. Паспяховы і таленавіты маладзён… І не толькі ён такі. Адзінае, што могуць зрабіць цяпер палітвязні, – годна трымацца, пакуль мы змагаемся за іх. Беларусы – коцікі, якія здымаюць абутак перад лаўкаю, але таксама мы ільвы, а ў нашых жылах – кроў Каліноўскага, які ўсё сваё жыццё змагаўся за свабоду.

Фота: ЮШ/ Белсат

Ці ёсць у Беларусі шанец? Вядома! Пытанне: калі? Я нядаўна паступіла на праграму «Новыя кадры для новай Беларусі». Да гэтага 10 гадоў працавала ў карпарацыі, атрымлівала добры заробак… Але без ваганняў зноў сталася студэнткаю, звольнілася. Пасля зменаў у Беларусі надыдзе вельмі цяжкі час. І калі дапамагу хоць бы прыбіраннем вуліцы – я буду гэта рабіць.

«Людзі сапраўды думаюць, што ў звар’яцелага ад улады дзеда засталіся нейкія прынцыпы?»

Павел Марыніч, кіраўнік платформы «Zubr» і каналу «Маланка media». З’ехаў з Беларусі пасля падзеяў Плошчы-2010

На выбарах 2010 года я ўваходзіў у выбарчы штаб Андрэя Саннікава. Пасля падзеяў на плошчы Незалежнасці ў снежні ў пэўны момант зразумеў, што час пайшоў на гадзіны – пазбегнуць арышту не атрымаецца. Мне давялося эміграваць. Сябры давезлі мяне да расейска-латвійскае мяжы, і ў Себежы я пешкі перайшоў мяжу. Была зіма і моцны мароз. Таму папрасіў кіроўцу фуры, каб узяў мяне спадарожнікам да Рыгі. Каляды сустрэў там, а новы 2011 год – ужо ў Вільні.

Павел Марыніч. Фота: Андрэй Антонаў для «Белсату»

Чаму менавіта Вільня? Выбар быў хуткі і рацыянальны. У студэнцкія гады часта бываў тут, горад знаёмы і сімпатычны, маю тут сяброў. А яшчэ вельмі зручна, калі горад кампактны – паўсюль можна паспець без аўтамабіля. Таму да віленскага фармату звыкся даволі хутка. Настальгія? Яе не адчуваю. Фармальна я проста не магу заехаць на тэрыторыю пэўнае краіны. Але сёння мала хто ў свеце можа свабодна перасоўвацца. Таму мае абмежаванні не выглядаюць драматычна.

На паперы адзнака «10 гадоў» не робіць вялікага ўражання, але ў фармаце чалавечага жыцця гэта значны кавалак часу. У Вільню я прыехаў маладзёнам і маё фармаванне завяршалася ўжо тут. Напачатку думаў, што ўся мая гісторыя з эміграцыяй працягнецца дзесьці паўгода. Гэтае адчуванне, што хутка дадому, было са мною яшчэ прыкладна тры гады. Толькі ў 2015 годзе зразумеў, што вярнуцца дадому хутка не атрымаецца. Надзея з’явілася летась. І я маю непасрэднае дачыненне да зменаў у нашай краіне праз пляцоўку «Zubr». Перад намі стаяла задача паказаць людзям у рэальным часе, як у іх скрадаюць галасы, як іх пазбаўляюць права выбару. У мяне не было вялікае надзеі, што нашая праца паспрыяе нагэтулькі моцным зменам, але спрацавала! Людзі пачалі адстойваць свой выбар, свае галасы. Я сапраўды не чакаў такога эфекту. І дасюль не трачу надзеі.

«Ведаеце, трымаць рэч, якая б штодня нагадвала мне пра радзіму або блізкіх, – не зусім мой стыль. Але маю такую. Гэта наручны гадзіннік. Мне яго падарыў на дзень нараджэння бацька. Не магу яго выкарыстоўваць у якасці хранометра або аксесуара. Ён мае больш важную і адказную функцыю – мемарыяльную», – кажа Павел. Фота: Андрэй Антонаў для «Белсату»

Свабода мае свой кошт. У Беларусі кроў ліецца ўсе 26 гадоў улады Лукашэнкі. Проста дагэтуль яна лілася параўнальна маленькім струменьчыкам. Людзей рэжым забіваў і забівае. Нейкага мірнага развязання ў гэтай сітуацыі я не бачу. Калі людзі хочуць мець будучыню, яны павінны за яе змагацца. І тое, што цяпер адбываецца ў краіне, тыя тэрміны… Людзі сапраўды думаюць, што ў зварʼяцелага ад улады дзеда засталіся нейкія прынцыпы? Паўтаруся: свабода мае кошт. Але калі беларусы гатовыя яшчэ 26 гадоў цярпець безуладдзе – гэта іхны выбар. Я ж упэўнены, што вуліца народзіць сваіх герояў, новых лідараў.

Я бачу Беларусь у сямʼі еўрапейскіх краінаў і ўдзельніцаю блоку НАТО. Перад намі вялікая праца дзеля таго, каб ніколі больш у цэнтры Еўропы не паўтарылася сітуацыя, у якой апынулася мая краіна. Я зраблю ўсё, каб дапамагчы пабудаваць свабодную і дэмакратычную Беларусь.

Фота: Андрэй Антонаў для «Белсату»

«Рэпрэсіўная машына і да мяне дойдзе»

Міхась Хасіневіч, актывіст БДМУ, адзін з адміністратараў телеграм-каналу «Рупар БДМУ». У эміграцыі ўжо чацверты месяц

У «тэме» я даўно. Дзесьці з 2015 года цікаўлюся навінамі, нават браў удзел у дзвюх кампаніях, што мелі дачыненне і да палітыкі сярод іншага. Пасля актыўнага жніўня перад пачаткам навучальнага года зразумеў, што трэба нешта рабіць таксама і ва ўніверсітэце. Таму мы з сябрамі стварылі тэлеграм-канал, які хутка займеў 5,5 тысяч падпісантаў. 26 кастрычніка 2020 года ва ўніверсітэце адбыўся пратэст. Праз два дні мяне адлічылі, а яшчэ праз два я з’ехаў. Цяпер добра ведаю, што гэта быў слушны выбар. Заставацца ў Беларусі рэальна было небяспечна: у адміністрацыі ўніверсітэту сказалі, што міліцыя запрасіла відэа, дзе я з мегафонам хаджу. Я быў амаль упэўнены: яны [міліцыя. – «Белсат»] ведалі, што я быў сярод арганізатараў пратэставага руху. Прыкладна ў той жа час арыштавалі хлопцаў з іншага ўніверсітэту. Я разумеў: рэпрэсіўная машына і да мяне дойдзе. Каб было звыклае адлічэнне, то пазней можна было б аднавіцца, перайсці ў іншы ўніверсітэт. Але турма – гэта ўжо нявесела. Таму я пастанавіў з’ехаць.

Міхась Хасіневіч. Фота: Анастасія Уласава для «Белсату»

Спачатку жыў у варшаўскіх сяброў, пасля з’ехаў у Дусэльдорф. Там жыве мая стрыечная цётка. Цяпер апынуўся ў Кіеве. Тут шмат нашых і мне падабаецца, што ўкраінцы блізкія да нас у культурным і моўным плане, мне не хочацца жыць у іншай культурнай прасторы.

Некалькі разоў хадзіў на Майдан, дзе ў нядзелі збіраюцца беларусы. Зразумеў, што акцыі па-за Беларуссю не працуюць так эфектыўна ў параўнанні з актывісцкаю працаю. Таму працягваю працаваць нават з-за мяжы. Не магу гаварыць за ўсіх, але шмат у каго з маладзёнаў ёсць разуменне, што цяперашнія змены адбыліся дзякуючы працы грамадскіх актывістаў задоўга да падзеяў у жніўні 2020 года.

Пакуль рэжым Лукашэнкі не зменіцца, я не магу вярнуцца ў Беларусь. Не ўпэўнены, што не пераеду ў Львоў. Апроч пытанняў у актывісцкай дзейнасці мене чакае войска – я ж ужо не студэнт. А за ўхіленне ад арміі – таксама крымінальная справа. Нават калі пра мне «даруюць» удзел у пратэстах, застануцца праблемы з войскам.

«З сімвалічных рэчаў – мой БЧБ-сцяг з пратэстаў у Менску, кубак і тры кнігі, сярод якіх ёсць Біблія. Я не рэлігійны чалавек, кнігу падарыла знаёмая, і я яе шаную. Цяпер цікава яе чытаць», – кажа Міхась. Фота: Анастасія Уласава для «Белсату»

Таму рыхтую дакументы на атрыманне часовага дакументу на пражыванне. Легальна працэдуры не спрашчалі, але, дзякуй богу, гэта – Украіна. Выглядае на тое, што тут нескладана атрымаць дакументы. Нядаўна пачуў такую метафару ад знаёмага, мне вельмі спадабалася: у Беларусі – дрэнны парадак, у Расеі – дрэнны беспарадак, а ва Украіне – добры беспарадак.

Андрэй Антонаў, Алік Сардар’ян, Анастасія Уласава, ЮШ, belsat.eu

Hавiны