Як працуе медыцына праз Skype? «еЗдароўе» мае ўжо псіхатэрапію, марыць пра пульт кіравання здароўем


Заблакаваны ў Беларусі сайт «еЗдароўе» нядаўна запусціў сэрвіс дыстанцыйнага псіхалагічнага падтрымання. Спыталі, як працуе псіхалагічная і медычная дапамога, калі доктар можа агледзець пацыента праз відэасувязь.

Графіка мае ілюстрацыйны характар. Матэрыял ад суразмоўцы

Праект дыстанцыйных медычных кансультацыяў «еЗдароўе» запусцілі ўлетку 2021 года. Праз два тыдні па запуску сайт заблакавалі на тэрыторыі Беларусі. Ды праект працягнуў працу: проста каб атрымаць дыстанцыйную кансультацыю доктара з тэрыторыі Беларусі, на сайт Okdoc.me трэба заходзіць праз VPN.

Больш за тое, праект нядаўна пашырыўся: даюць ужо не толькі медычныя кансультацыі, а і псіхалагічныя. Зварот да лекара бясплатны, але за працу просяць зрабіць ахвяраванні ў Фонд медычнай салідарнасці, з якога дапамагаюць беларускім дактарам у патрэбе.

Як працаваць псіхолагу, калі кліенту ў вочы не паглядзіш?

З аднаго боку, праца праз інтэрнэт, а не з асабістаю прысутнасцю, мае абмежаванні, але з другога боку, дае дадатковыя інструменты, кажа «Белсату» сузаснавальнік «еЗдароўя», лекар Уладзімір Свіркоў.

Уладзімір Свіркоў. Фота ад суразмоўцы

«Калі толькі пачыналася ўся гісторыя з аддаленаю псіхатэрапіяй, такое пытанне ўзнікае часта, у некаторых краінах узнікаю дасюль, – адказвае Свіркоў. – Гады тры ці пяць таму калегі падзяліліся на дзве групы.

Нейкія лічылі, што так працаваць немагчыма: трэба бачыць вочы пацыента, чуць ягоны подых, бачыць усе жэсты і паставу. Яны, вядома, маюць рацыю. Але былі і тыя, якія зразумелі, што можна працаваць дыстанцыйна, калі такая неабходнасць узнікае. І яны пачалі працаваць, улічваючы абмежаванні.

Hавiны
«З атрыманаю калектыўнаю траўмай беларусы будуць змагацца гадамі». Размова пра паслявыбарчую сітуацыю з псіхатэрапеўтам
2020.09.07 14:33

Атрымалася цікавая сітуацыя: онлайн-псіхатэрапія стала крыху асобнай плынню – і людзі пабачылі перавагі такой тэрапіі. Акрамя таго, што гэта зручна лагістычна, гэта дае пацыентам адчуванне абароненасці. Нашыя калегі, якія так працуюць, асабліва з пацыентамі з траўмаю, казалі, што часам пачынаюць тэрапію нават без відэа, з чату, потым пераходзяць на размову голасам… Кліент часам баіцца паказваць сябе ў камеру, але калі разумее, што ў бяспечным асяроддзі, улучае відэа».

Уладзімір Свіркоў лічыць, што онлайн-псіхатэрапія ўжо цвёрда заняла сваё месца і яе роля будзе толькі павялічвацца. Яму ўжо цікава было б зрабіць даследаванне ці даклад пра асаблівасці онлайн-тэрапіі.

Калі мне занадта трывожна, лепей пачаць з онлайн-псіхатэрапіі ці, калі магчыма, лепш ісці на асабісты прыём?

Свіркоў раіць арыентавацца на тое, як лягчэй і зручней зрабіць. Ён адзначае: першы адказ, які прыйшоў у галаву, быў, «натуральна, да вочнага тэрапеўта». Але дадае.

«Калі няма нічога, што стрымлівае, тады офлайн. Калі стрымліваюць геаграфічныя ўмовы або страхі ці засцярогі, тады онлайн».

Графіка мае ілюстрацыйны характар. Матэрыял ад суразмоўцы

Ён тлумачыць, што псіхатэрапія – гэта кантакт чалавека з чалавекам, лекаванне кантактам. Калі людзі ўзаемадзейнічаюць, не важна, што адно аднаму кажуць, а важна, што яны маюць час разам. І калі яны пры тым побач, эфект можа быць мацнейшы.

І што псіхатэрапія, што тэлемедыцына зручная для беларускай дыяспары: за мяжою беларусы шукаюць беларусаў, нават не настолькі давяраюць расейцам і ўкраінцам, як сваім.

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

Як гэта працуе з медычнымі кансультацыямі?

Вядома, накласці гіпс ці дыягнаставаць рак праз відэасувязь немагчыма. Але моцны бок дыстанцыйных медычных кансультацыяў у развязанні дробных пытанняў, тлумачыць Уладзімір Свіркоў. Яны добра працуюць, калі пацыенту трэба атрымаць папярэднюю інфармацыю або калі пытанне не вымагае сур’ёзных абследаванняў, калі трэба ацаніць вынікі абследаванняў або даведацца, што рабіць далей. А можа, дапамагчы і ў сур’ёзных праблемах:

«Сур’ёзны дыягназ паставіць цяжка, але яго можна западозрыць і даць чалавеку ўказанне, што рабіць далей, своечасова распазнаць небяспеку. І нават у анкалогіі гэта можа мець сур’ёзную ролю».

Hавiны
Замест доктара працуе студэнт. Як да гэтага ставіцца?
2022.02.05 17:40

Плюс у тым, што схадзіць у відэачат фізічна прасцей, чым пайсці ў клініку і адстаяць чаргу, гэта мала да чаго абавязвае і можа выклікаць менш ваганняў пра нязначнасць праблемы, дадае Свіркоў.

І не так шмат сітуацыяў, у якіх лекару неабходна дакранацца да пацыента рукамі, адзначае ён. Шмат у чым медыцына – гэта праца з інфармацыяй, і чым больш лекар мае інфармацыі, тым лепш ён будзе працаваць. Таму ў онлайн-кансультацыі доктар можа мець адразу два моцныя інструменты, якіх хопіць для пастаноўкі дыягназу і далейшых інструкцыяў: збор анамнезу са словаў пацыента і вынікі аналізаў ды абследаванняў, якія пацыент сфатаграфуе і запампуе ў праграму.

Калі я падазраю, што ў мяне сімптомы COVID-19, лепш спачатку зрабіць тэст ці адразу звярнуцца па дыстанцыйную кансультацыю?

Свіркоў адказвае, што адразу звярнуцца ў «еЗдароўе» можна хаця б таму, што гэта хутка і можа быць эфектыўна: пакуль ён размаўляе з «Белсатам», можа зайсці на сайт, націснуць на кнопку «Задаць пытанне», знайсці спецыяліста ў каронавірусе, напісаць, што непакоіць, і атрымаць адказ. Менавіта пра каронавірус адказ могуць даць хутчэй як за гадзіну (з менш распаўсюджанымі праблемамі, што праўда, на адказ можа сысці больш часу). Пра тэст ён разважае:

«Так, хутчэй за ўсё, вам трэба здаваць тэст, было б добра мець вынік. Але калі вы ў Беларусі, то пытанне з даступнасцю гэтага тэсту.

Калі ён даступны і дае нейкія перавагі… Хаця мне цяжка сказаць, што ён цяпер дае ў Беларусі, улічваючы апошні ўказ Мінздароўя пра тое, што тэсты рабіць неабавязкова, а можна ставіць дыягназ на падставе абследавання».

Hавiны
У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы – калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»
2022.02.03 08:59

Ці дастаткова ў «еЗдароўя» дактароў і грошай?

З колькасцю лекараў усё добра і робіцца толькі лепш, кажа Уладзімір Свіркоў. Адных псіхатэрапеўтаў ужо два дзясяткі. Дактары пастаянна звяртаюцца, каб далучыцца да платформы, іхную кампетэнтнасць правяраюць – і лекараў залучаюць у сістэму. Мэта – падключыць як мага больш беларускіх медыкаў, каб яны маглі і атрымаць дадатковы спосаб камунікацыі для пацыентаў, і быць больш вольнымі фінансава. І ад гэтага прыемны пабочны эфект:

«Галоўнае, што мы заўважаем, – гэта тое, якія стасункі выбудоўваюцца між лекарамі на платформе. Фармуецца вельмі цікавая супольнасць прафесіяналаў з узаемнаю павагай і павагаю пацыентаў.

Людзі атрымліваюць тое, што, на жаль, не заўсёды могуць атрымаць на сваіх працоўных месцах: адчуванне каштоўнасці працы, тых ведаў і кваліфікацыі, што яны маюць».

Графіка мае ілюстрацыйны характар.Крыніца: Depositphotos

«еЗдароўе» – не камерцыйны праект, які не плаціць фіксаваных заробкаў, а толькі перадае грошы з фонду, які напаўняюць пацыенты. Таму галоўная праблема з фінансамі – юрыдычная, расказвае сузаснавальнік платформы. Заканадаўства ў тэлемедыцыне ў розных краінах рознае. Няма закону, які рэгламентаваў бы дачыненні, калі пацыент і лекар у розных краінах, і няма адзінага дакументу, які б вызначыў, які аб’ём працы дазволены ў тэлемедыцыне.

А платформа ўжо мае дактароў і пацыентаў на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды, і «Беларусь ужо даўно не толькі ў межах Рэспублікі Беларусь». Праз гэта дадаецца і праблема з тым, што лекар і пацыент могуць быць у далёкіх гадзінных паясах.

Hавiны
Уладам зноў не спадабаліся лекары? У Менску спынілі працу больш як 20 стаматалогіяў
2022.01.27 11:31

Праект паспрабуюць зрабіць камерцыйным

«Чэкі», якія выпісваюць лекары «еЗдароўя», – гэта толькі прапанова зрабіць ахвяраванне ў Фонд медычнай салідарнасці. Лекарам платформы не абяцаюць заробку за кансультацыі. І ахвяраванні даюць толькі за пятую частку кансультацыяў.

«еЗдароўе» мае задуму зрабіць праект камерцыйным і даць беларускім дактарам магчымасць зарабляць на кансультацыях асобаў з краінаў, мовамі якіх яны валодаюць (расейская мова дазваляе працаваць з украінскай і казахскаю дыяспарамі). Паспрабаваць збіраюцца ўжо сёлета.

Графіка мае ілюстрацыйны характар. Матэрыял ад суразмоўцы

Але для беларусаў ахвяраванні будуць выключна добраахвотнымі «да перамогі», абяцае сузаснавальнік платформы.

А яшчэ ў «еЗдароўя» ёсць мара

Праект імкліва развіваецца, запэўнівае Уладзімір Свіркоў. У платформу дадаюць шмат функцыяў, што дазволяць дактарам больш эфектыўна працаваць, а пацыентам – лепш сачыць за сваім здароўем. І хочуць зрабіць з сайту нешта значна большае:

«Мара, да якой мы ідзем, – каб платформа стала не проста «Скайпам» між пацыентам і доктарам», бо гэта замала, нецікава і не так эфектыўна, як магло б быць. Мы імкнемся, каб платформа стала пультам кіравання здароўем: не толькі калі пацыент захварэў, але і калі здаровы».

Свіркоў уяўляе, як чалавек заносіць свае звесткі ў сістэму і можа даведацца, якой дыеты лепей трымацца і якія рызыкі мае з генетычных прычынаў ці ад ладу жыцця, каб тут жа ведаў, дзе знайсці патрэбнага доктара ці трэнера, што дзе купіць. Гэты напрамак цяпер развіваюць.

Hавiны
Тры лекі, якія могуць стаць ратункам ад каронавіруса
2021.11.28 13:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў