Як Лукашэнка выкарыстаў час агрэсіі Пуціна? Інтэрв’ю з Уладам Кобцам


Лукашэнка і хацеў бы шантажаваць Пуціна, але ён трапіў у пастку, якую сам сабе падрыхтаваў. Чаму незаконны прэзідэнт Беларусі пачаў даваць сігналы Літве ды іншым заходнім партнёрам, што час пачынаць дыялог? Пра што на Захадзе будуць размаўляць з Уладзімірам Макеям, міністрам замежных справаў Беларусі? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Уладам Кобцам, выканаўчым дырэктарам аналітычнага цэнтру «iSANS»

А. К. Увесь свет сочыць, што адбываецца на мяжы Беларусі і Украіны. І ёсць вельмі спрэчная камунікаты. Выведка кажа пра нарошчванне вайсковай моцы на мяжы. Аднак дыпламатычныя сігналы быццам кажуць пра магчымасць акна дыялогу. Як выглядае сітуацыя з твайго пункту гледжання?

У.К. Мы аналізуем не заявы расейскіх палітыкаў і чыноўнікаў, а рэальныя рэчы. Сёння мы бачым нарошчванне фэйкавых навінаў з боку Расеі пра быццам адвод войскаў. Насамрэч на мяжу з Украінаю прыбылі новыя 7 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Таму трэба глядзець на справы, а не словы.

Закідваюцца іншыя фэйкі – пра масавыя пахаванні цывільнага насельніцтва быццам нацыяналістамі. Памятаем правакацыі з беспілотнікам. Зафіксаваныя здымкі будавання пантоннага мосту праз Прыпяць за 4 кіламетры ад Украіны. Гэтае месца не ўпісанае ў планы так званых вучэнняў. Сёння мы ацэньваем расейскую групоўку вакол Украіны на 140 тысячаў адзінак. Мы не ведаем, наколькі дакладныя гэтыя лічбы.

Ніхто не ведае, гэта рэальныя танкі ці надзьмутыя падробкі. Калі мы чуем, што ўводзяцца 10 калонаў з Крыму ў Расею машынамі, на якіх замаляваныя тактычныя знакі, невядома, што вывозіцца: можа быць металалом ці падробкі. Заявы расейскіх чыноўнікаў супярэчаць рэальнасці. Мы не можам казаць пра дээскалацыю сітуацыі вакол Украіны. Выведкі, якія далі сваім урадам інфармацыю, заўважу, нідзе не сказалі, што Расея атакуе 16 лютага Украіну. Была інфармацыя, што Расея разглядае магчымасць атакі, і дату назваў Байдэн. Было важна паказаць, што Захад можа рэагаваць на дзеянні Расеі, калі Расея выкарыстоўвае свае гібрыдныя метады.

Мне падаецца, дзякуючы таму, што Байдэн заявіў, быццам гэта будзе 16 лютага, акурат 16-га гэтага не здарылася.

Абсалютна. Трэба бачыць, хто ў што інвестуе, калі Расея інвестуе ў эскалацыю. Не трэба казаць, што мы на сваёй тэрыторыі можам войскі куды заўгодна ўводзіць. Калі вы з Далёкага Усходу перакідваеце праз сібірскую пустэльню такія войскі, то гэта сігнал да чаго, да міру? Вы не бібліятэкі пабудавалі вакол мяжы, вы паставілі танкі, «Грады» і 30 тысячаў расейскіх войскаў, парушаючы Венскі дакумент, увайшлі ў Беларусь. Таксама войскі ў Крыму, блакаванае Чорнае мора і памятаем пра расейскія войскі ў Прыднястроўі.

Гэта сігнал да эскалацыі. Захад крокамі і дзеяннямі паказвае, што мы хочам пераадолець усё мірна, але шантажаваць дэмакратычны свет бесперспектыўна. Я думаю, што з гэтага крызісу Захад калектыўна выйдзе яшчэ больш моцным. Трэба яшчэ раз падкрэсліць перспектыву далучэння краінаў Усходняй Еўропы, Грузіі, Малдовы, у перспектыве Беларусі да тых абʼяднанняў, якія гэтыя краіны захочуць праз волю народу, да NATO і ЕЗ.

Расея не мае права дыктаваць іншым народам, куды ісці і што рабіць. У Расеі знішчана шмат народаў. Я ўвесь час падкрэсліваю лёс карэльскага народу. Паўсюль, куды яны прыходзяць, займаюцца этнацыдам, знішчаюць самаідэнтыфікацыю, асімілююць насельніцтва. Гэтага ў гісторыі не павінна больш адбыцца. Ні з Украінаю, ні з Беларуссю.

ВІДЭА
Лукашэнка зайшоў у пастку, створаную Пуціным для яго. Інтэрв’ю з Уладам Кобецам
2022.02.08 18:17

З табою б не пагадзілася Эна Эплбаўм, якая напісала артыкул «Чаму замежная дыпламатыя прайграе Расеі». У замежных дыпламатаў не стае фантазіі, каб весці дыялог фактычна з аўтакратамі, дыктатарамі. Ёсць магчымасць перамагчы і не дапусціць пачатку гарачай формы вайны?

Сапраўды, усе папярэднія гады так і адбывалася: заходняя дыпламатыя прайгравала. Ніхто не рыхтаваўся да гэтай эскалацыі, ужо прывыклі жыць у камфортным свеце. Раптам пачынаецца штосьці, да чаго Расея ішла ўсе гэтыя гады. Мы ў першым і другім дакладах «iSANS» – «Прымус да інтэграцыі» ды «Аднаўленне імперыі» – паказалі ўсе зробленыя крокі, калі ад маргінальных групаў панславістаў і парамілітарных прафашысцкіх груповак гэтыя людзі трапляюць туды, дзе рыхтуецца стратэгічная канцэпцыя існавання расейскай дзяржавы. І мы бачым ідэалогію трыадзінства народаў, падключэння расейскай царквы, каб перапісаць гісторыю.

Адбываецца тое, што адбывалася ў нацысцкай Нямеччыне перад вайною, калі з піўных бараў гэтае кодла прыйшло ў палітыку. Тое ж адбываецца тут. Яны пад гэтымі тэрыторыямі бачаць Украіну, Беларусь. Але паглядзіце, што адбываецца там, куды яны ўжо прыйшлі. Абхазія, Паўднёвая Асеція, Данецк: развал і разруха. Я ўжо не кажу пра тое, што творыцца ва ўласнай краіне. Заходняя дыпламатыя цяпер атрымлівае вельмі важны досвед. Мы павінны разумець, што гісторыя яшчэ не скончылася, імперыя не знікла, працэсы імперскія там адбываюцца, і гэта пагроза не толькі Беларусі, Украіне і былым савецкім рэспублікам, але ўсёй цывілізацыі, ідэалогіі дэмакратычнага свету.

Падаецца, што гэта пачынае даходзіць да еўрапейскіх палітыкаў: пагроза рэальная і расейскія танкі ўжо не ў Варкуце, а фактычна ў Беларусі. Можна стрэльнуць і да Варшавы даляцець.

Калі мы кажам пра верагоднасць уваходу расейскіх войскаў праз Беларусь з Гомля, то гэта адразу заходні бераг Дняпра. Гэта вельмі хуткая атака на Кіеў. Мы бачым, што дыпламатычныя пляцоўкі закрываюцца, пераносяцца ў Львоў. Трэба зразумець яшчэ адну рэч: Расеі не трэба Данбас, Расеі трэба ўся Украіна. Скончыўся адзін этап, не скончыўся ўвесь план захопу Украіны. Пуцін не адступіцца. Яшчэ важны момант – роля Беларусі ў гэтым усім.

Якую ролю Крэмль адводзіць Лукашэнку і што сам Лукашэнка спрабуе выгуляць у гэтай гульні? Бо ён увесь час змяняе рыторыку. То войскі выведуць, то яны застануцца. Дзе сэнс у ягоных словах?

Тут момант, дзе, можа, Лукашэнка і хацеў бы шантажаваць Пуціна так, каб войскі не сышлі. Ён трапіў у пастку, якую сам сабе падрыхтаваў. На жаль для яго, ён сітуацыяй не валодае. Сітуацыяй распараджаецца Пуцін. Лукашэнка ці тое зразумеў, ці яму падказалі, што сітуацыя зусім выходзіць з-пад кантролю, пачаў даваць сігналы Літве ды іншым заходнім партнёрам, што час пачынаць дыялог. Гэты час агрэсіі Лукашэнка выкарыстаў, каб абсалютна зачысціць грамадзянскую супольнасць у Беларусі.

Беларусь упершыню можа стацца краінай-агрэсарам?

Упершыню Беларусь названая краінаю, з тэрыторыі якой магчымая агрэсія. Гэта таксама на сумленні самазванага прэзідэнта і ягоных людзей. Ніколі ў гісторыі – ад Полацкага княства, ВКЛ, БНР, РБ – Беларусь не была і беларусы не былі агрэсарамі. Мы толькі бараніліся. Ніколі з нашай тэрыторыі не ішла вайна. Упершыню загаварылі, што Беларусь можа быць краінай-агрэсарам. Гэта для гісторыі вельмі кепска.

Уладзімір Макей даў відавочны сігнал заходнікам: маўляў, размаўляць трэба з тым, хто рэальна трымае ўладу ў Беларусі. На гэта зловяцца еўрапейскія дыпламаты?

Макей – адзін з тых персанажаў, які нясе персанальную адказнасць за здушэнне пратэстаў 2010 года і крызіс 2020 года, таму таго, што кажа так званы міністр замежных справаў, я б не ўспрымаў усур’ёз. Дыпламатыя так пабудаваная, што дыпламаты мусяць кантактаваць з дыпламатамі, гэта адзіны канал, які застаецца. Калі гэта дае магчымасць пазбегнуць канфлікту, агрэсіі, вызваліць палітвязняў, то гэта апраўдана. Але трэба разумець, што ніхто не кажа іншага: гэтая групоўка трымае ўладу незаконна, яны кантралююць як банда ўзятых у закладнікі людзей. Перамоўнік заўсёды размаўляе з тэрарыстам, каб вызваліць людзей. З ім будуць размаўляць, але гэта не будуць размовы пра вяртанне статус-кво да выбараў 2020 года, зняцце санкцыяў, адкрыццё кантактаў. Пакуль тысячы людзей – у турме і дзясяткі тысячаў былі арыштаваныя, а сотні тысячаў зʼехалі і ім не дадуць магчымасці вярнуцца, размаўляць з імі няма пра што.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 17.02.2022

Калаж з фота: Nikolai Petrov / TASS / Forum; SPUTNIK / Reuters / Forum

Стужка навінаў