Святлана Ціханоўская сустрэлася з Білам Гейтсам і мэрам Кіева Віталём Клічко


Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы сёлета праходзіць з 18 па 20 лютага. У ёй таксама прымае ўдзел Святлана Ціханоўская, якая ўжо правяла шэраг працоўных сустрэч.

На канферэнцыі лідарка дэмакратычных сіл мае намер расказаць аб сітуацыі ў Беларусі і яе ролі ў забеспячэнні рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі.

Сёння, 18 лютага, Святлана Ціханоўская сустрэлася з стваральнікам Microsoft і адным з найбагацейшых людзей у свеце Білам Гейтсам.

Святлана Ціханоўская сустрэлася Білам Гейтсам.
Фота: kyky_org / Telegram

Паведамляецца, што Біл Гейтс прывітаў усіх беларусаў у яе асобе.

«Я захапляюся вашай працай! Удачы!», – сказаў Біл Гейтс.

Акрамя гэтага, Святлана Ціханоўская правяла працоўную сустрэчу з мэрам Кіева Віталём Клічко.

Яна падзякавала Віталю Клічко за вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які размяшчалі над мэрыяй і дадала, што ўкраінцы як ніхто разумеюць патрэбу ў міжнароднай салідарнасці ў цяжкія часы. На сустрэчы абмеркавалі дапамогу беларускай дыяспары ў Кіеве і падтрымку беларускіх медыяў і праваабаронцаў, якія працуюць з украінскай сталіцы.

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з мэрам Кіева Віталём Клічко.
Фота: kyky_org / Telegram

Сёння Святлана Ціханоўская сустрэлася з еўракамісарам па ўнутраных справах Ільвай Ёхансан. Таксама запланаваны перамовы з прэм’ерамі, міністрамі, прадстаўнікамі тэхкампаніяў розных краінаў.

На сустрэчах будуць абмяркоўваць шэраг актуальных пытанняў, сярод якіх гандаль Лукашэнка беларускім суверэнітэтам і незалежнасцю, вывад расейскіх войскаў з Беларусі, ануляванне здзелак з Лукашэнкам пасля 2020 году і іншае.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы – штогадовая канферэнцыя, якая праводзіцца ў нямецкім Мюнхене з 1962 года. Гэта самая важная канферэнцыя ў Еўропе па бяспецы.

Hавiны
Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы
2022.02.18 13:45

АД, belsat.eu

Стужка навінаў