Вынікі пошуку для:

«Не здымае сваіх патрабаванняў». Філосаф Мацкевіч можа аднавіць галадаванне

Палітвязень, філосаф і журналіст «Белсату» Уладзімір Мацкевіч трымаў галадоўку з 4 лютага, 15-га адмовіўся ад вады, але 16-га спыніў галадаванне пасля моцнага пагаршэння здароўя і наступнай сустрэчы са следчым. Але гісторыя не завершаная.

Пра тое, што цяпер вядома пра стан і справу Уладзіміра Мацкевіча, 18 лютага расказалі на дыстанцыйнай прэс-канферэнцыі:

Здароўе Мацкевіча ўсё яшчэ пад пагрозаю

Калега Мацкевіча і каардынатарка праграмы «Лятучы ўніверсітэт» Таццяна Вадалажская расказала, што 17 лютага ў Мацкевіча быў адвакат, які перадаў: стан Уладзіміра палепшыўся ў параўнанні з тым, што было ў апошні дзень галадоўкі 16-га (тады сукамернікі выклікалі яму дактароў).

«Ён ужо выглядае лепей і адчувае сябе лепей, – перадала Вадалажская. – Але я хачу сказаць, што ні Уладзімір сам, ні адвакат не ёсць лекарамі, іхная візуальная ды іншая ацэнка гэтага стану можа быць толькі вельмі паверхневай і наўрад ці ахоплівае той стан здароўя, які ёсць.

Філосаф, метадолаг і грамадскі дзеяч Уладзімір Мацкевіч. Фота: Павел Хадзінскі

І менавіта таму для нас вельмі важна, каб быў доступ незалежнага медыка, які мог бы ацаніць рэальны стан і шкоду здароўю».

Ці наведваюць Мацкевіча лекары, невядома. Працяглая галадоўка дакладна не прайшла незаўважнай для арганізму. І выходзіць з галадавання ва ўмовах следчага ізалятару цалкам правільна немагчыма, адзначыла Вадалажская. Мацкевіч расказваў адвакату 17 лютага, што стаў піць ваду, з’еў пару лыжак кашы або шматкоў – «гэта не зусім адпавядае правілам выхаду з галадоўкі».

Прадуктаў, неабходных для нармальнага выхаду з галадавання, у СІЗА не атрымаць. Нават ваду добрай якасці Мацкевічу далі толькі тады, калі ён стаў галадаць насуха, а да таго даводзілася адстойваць ваду з-пад крана.

Агнешка Рамашэўская-Гузы: Адказнасць за жыццё Уладзіміра Мацкевіча ляжыць на Аляксандру Лукашэнку

Патрабаванняў галадоўніка не выканалі

Чаму Мацкевіч спыніў галадоўку, дакладна няясна: вядома толькі, што пасля таго, як яму стала блага, былі нейкія «следчыя дзеянні», на падставе якіх філосаф пастанавіў спыніць галадаванне. Але і ён, і адвакат застаюцца пад падпіскай пра неразгалашэнне, таму не могуць шмат расказаць.

«Ён дадаў: спадзяецца, што не давядзецца вяртацца да галадоўкі, – заўважае Вадалажская. – Гэта азначае, што патрабаванні не выкананыя пакуль, гэта азначае, што ён не здымае сваіх патрабаванняў».

З ускосных звестак і з таго, што Мацкевічу працягнулі ўтрыманне пад вартаю, можна меркаваць, што яму выставілі новае абвінавачанне: паводле старога маглі трымаць у няволі без суда 6 месяцаў, якія ўжо скончыліся.

На думку Вадалажскай, цяпер філосафу маглі выставіць «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК РБ), а значыць, «следства» (утрыманне пад вартаю без суда) могуць цягнуць яшчэ да 18 месяцаў.

Галадоўка Мацкевіча. Хто яшчэ галадаваў за кратамі ў Беларусі і чаго гэтым дамогся?

Падтрымалі многія, але не беларускія хрысціянскія канфесіі

Метадолаг і былая жонка зняволенага Святлана Мацкевіч ацаніла кампанію падтрымання галадоўніка як беспрэцэдэнтную. На падтрыманне філосафа выказаліся шматлікія дзеячы культуры, навукі і літаратуры, грамадскія ўстановы, офісы Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч ды іншыя. Свае кампаніі разгарнулі дыяспары. Беларускі Хельсінкскі камітэт звяртаўся ў працоўную групу Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Тысячы людзей падпісалі петыцыю на падтрыманне патрабаванняў Мацкевіча.

Прадстаўніца групы «Хрысціянская візія» Каардынацыйнай рады Наталля Васілевіч расказала, што група звярталася да хрысціянскіх канфесіяў Беларусі і нунцыя Ватыкану, каб яны выказалі падтрымку, але афіцыйнай рэакцыі не было. Ды замежныя цэрквы рабілі заявы і пісалі лісты ў Следчы камітэт і СІЗА. Акрамя таго, Васілевіч заўважыла, што міжнародныя стандарты ў доступе зняволенага да святара ў Беларусі нелегальна абмежавалі і Мацкевічу, і шмат якім іншым вязням.

Ці варта палітвязням трымаць галадоўку і ці гэта дапаможа выйсці на волю?

Хоць усе звароты і петыцыі не маюць юрыдычнай моцы, яны маглі паскорыць развязанне справы, і сам Мацкевіч быў у захапленні ад падтрымкі, не чакаў такой кампаніі, мяркуе Святлана Мацкевіч.

Падтрыманне па-ранейшаму трэба: следства адказвае адмовамі на хадайніцтвы, ігнаруе прапановы вызваліць філосафа пад паручніцтва, не дае дастатковай інфармацыі пра стан здароўя, само следства цалкам закрытае – адвакаты не могуць казаць нават пра тое, што мусілі б, як прадмет пераследу. Петыцыю за патрабаванні Мацкевіча пакуль не закрываюць.

Як падтрымаць Уладзіміра Мацкевіча

  • пісаць лісты падтрымання (адрас: СІЗА № 1, Валадарскага 2, 220030, Менск);
  • напісаць зварот у Генеральную пракуратуру і Цэнтральны апарат Следчага камітэту (шаблон тут, інструкцыя тут);
  • падпісаць петыцыю на Change.org;
  • прыцягваць увагу да галадоўкі, дэманстраваць усімі магчымымі шляхамі салідарнасць;
  • тыя, хто за мяжою, могуць звяртацца да ўладаў сваіх краінаў з просьбаю падтрымаць Мацкевіча.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны