Па медалях вярнуліся ў 90-я? Беларускія спартоўцы вяртаюцца з Алімпіяды ў Пекіне


Беларускія фрыстайлісты ўжо паляцелі дадому. Біятланісты 18 лютага правялі апошнюю гонку: скончылі яе без медалёў і таксама збіраюць рэчы. Надзеі на яшчэ адну ўзнагароду Алімпіяды больш няма.

Антон Смольскі на зімовай алімпіядзе ў Кітаі.
Фота: PAWEL KOPCZYNSKI / Reuters / Forum

Да канца зімовых Гульняў засталося два дні, беларускія надзеі на медалі ў гэтых гульнях былі традыцыйна звязаныя з фрыстайлам і біятлонам. У гэтых відах беларусы ў перыяд незалежнасці заваявалі 19 з 20 медалёў зімовых Алімпіядаў. Так выйшла і цяпер: срэбра ў біятлоне прынёс Антон Смольскі, Ганна Гуськова – у лыжнай акрабатыцы. Дарэчы, лыжныя акрабаты ўжо вярнуліся ў Беларусь. Заваяваўшы два медалі, Беларусь вярнулася да паказнікаў Лілегамэру-1994 і Нагано-1998, калі таксама былі два медалі. Але пачынаючы з 2010 года, беларусы прывозілі з Белай алімпіяды не менш за тры ўзнагароды.

У заключнай біятлоннай гонцы, масавым старце на 15 кіламетраў, Беларусь рэпрэзентоўваў адзін Антон Смольскі, ён дапусціў чатыры хібы і фінішаваў толькі на 17-м месцы.

Пасля гонкі Антон сказаў у інтэрвʼю тэлеграм-каналу team.by:

«Першае кола ў нас атрымалася вельмі хуткае, таму далей усе пачалі зніжаць хуткасці. Толькі нарвежац, не ведаю адкуль у яго сілы бяруцца, дадаваў да фінішу. Надворʼе ўжо не такое спрыяльнае. Дасюль калоціць усяго, хоць гонка ўжо завершаная. Вецер таксама адыграў не апошнюю ролю: на апошнім агнявым рубяжы прамазалі ўсе лідары. Чжанцзякоў – спецыфічнае і няпростае месца: вядома, тут усё для мяне склалася ўдала (срэбны медаль), але праводзіць тут такія буйныя спаборніцтвы без сурʼёзнага апрабавання складана. З гэтым, упэўнены, пагодзяцца многія ўдзельнікі Гульняў».

У дзяўчат на старт выйшлі Ганна Сола і Дзінара Алімбекава ды фінішавалі на 10-м і 12-м месцы.

Пасля заключнай гонкі Ганна сказала тэлеграм-каналу team.by:

«Вецер дзьме то ў спіну, то ў твар. Вельмі ўважлівым неабходна быць на стрэльбішчы. На здзіўленне, па дыстанцыі сёння беглася значна лягчэй, чымся ў эстафеце. Сёння функцыянальна была гатовая добра. Магла яшчэ прабегчы некалькі кругоў. Пасля першых гонак хвалявалася: увесь час нешта не атрымлівалася, а цяпер імкнуся аналізаваць, быць у добрым настроі. Вядома, усім хочацца высокага выніку дамагчыся, але мне, хутчэй, прыкра, што не ўсё ўдалося на Алімпіядзе, да чаго была гатовая».

Ігнат Галавацюк з Беларусі падчас спаборніцтваў у канькабежнай гонцы на дыстанцыі 1000 м на зімовых алімпійскіх гульнях 2022 года.
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Выходзілі 18 лютага беларусы на старт і ў канькабежным спорце: на дыстанцыі 1000 метраў Іван Галавацюк стаў шостым.

Беларусь з двума медалямі займае пакуль у агульным заліку 22-е месца. Перамагае ў пекінскіх Гульнях зборная Нарвегіі. У скандынаваў – 34 узнагароды, з іх 15 – залатыя (новы рэкорд зімовай Алімпіяды).

АС belsat.eu

Стужка навінаў