Наталля Хершэ выйшла на волю, правёўшы за кратамі 17 месяцаў


Былая палітзняволеная, беларуска са швейцарскім грамадзянствам Наталля Хершэ правяла за кратамі 17 месяцаў. Сустракалі Наталлю брат і амбасадарка Швейцарыі.

Брат Наталлі Хершэ Генадзь, Наталля Хершэ і амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін.
Фота: Ignazio Cassis/twitter

Цяпер Наталля вяртаецца ў Швейцарыю, паведаміў у сваім Twitter прэзідэнт Швейцарскай Канфедэрацыі Ігнац’ё Кассіс.

«Я рады, што дыпламатычныя намаганні Швейцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швейцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызвалення ўсіх арыштаваных за ажыццяўленне палітычных і грамадзянскіх правоў», — дадаў Кассіс.

«Усім дзякую, хто перажываў за мяне», – сказала пасля вызвалення Наталля Хершэ.

Яна ўжо пакінула Беларусь.

Наталля Хершэ на волі. Фота ад брата былой палітзняволенай

Наталля Хершэ 19 верасня 2020 года далучылася да жаночага маршу каля Камароўскага рынку ў Менску, што стала нагодаю для затрымання сілавікамі. Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала ўцячы, а калі ейныя дзеянні былі спыненыя амапаўцам Сяргеем Кончыкам, яна аказала супраціў: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву. Праз гэта на яе завялі крымінальную справу за супраціў міліцыянту паводле арт. 363 КК РБ.

Да суда Наталлю ўтрымлівалі ў СІЗА ў Жодзіне. 3 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы. 7 снежня 2020 суддзя Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла агучыў вырак – 2 гады і 6 месяцаў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта столькі прасіў раней дзяржаўны абвінаваўца.

У верасні 2021 года гомельскі суд прыняў рашэнне замяніць Наталлі рэжым на турэмны, які яна адбывала ў турме № 4.

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

Амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крыстынэ Гонэгер-Залатухін у лютым прыбыла ў Менск. Яшчэ да прыезду ў Беларусь яна казала, што плануе наведаць у турме Наталлю Хершэ.

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў