На Данбасе абвясцілі аб масавай эвакуацыі насельніцтва «ДНР» і «ЛНР» у Расею


З 18 лютага кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік на Данбасе абвясцілі аб масавай эвакуацыі насельніцтва «ДНР» і «ЛНР» у Расейскую Федэрацыю. Эвакуацыю патлумачылі ростам напружанасці ў рэгіёне.

Людзі ў аўтобусе, якія арганізавалі для эвакуацыі мясцовых жыхароў у Данецку, Украіна. 18 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік заявілі, што Украіна плануе правакацыі і прарыў на тэрыторыю Данбасу. У сваю чаргу ўкраінскія ўлады абверглі абвінавачанні ў падрыхтоўцы дыверсій і наступальных аперацый, заявіўшы, што «цалкам адданыя выключна дыпламатычнаму ўрэгуляванню».

«З мэтай недапушчэння ахвяр сярод мірнага насельніцтва заклікаю жыхароў рэспублік, якія не маюць мабілізацыйных прадпісанняў, а таксама не задзейнічаны ў жыццезабеспячэнні сацыяльнай і грамадзянскай інфраструктуры, у самыя кароткія тэрміны выехаць на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі» – заявіў кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік

Па яго словах Расея гатова арганізаваць прыём эвакуяваных з «ЛНР» жыхароў Данбаса.

Аўтамабілі ў чарзе ля заправачнай станцыі. Данецк, Украіна. 18 лютага 2022 года.
Фота: Мікалай Трышын / TASS / Forum
Людзі ў аўтобусе, якія арганізавалі для эвакуацыі мясцовых жыхароў у Данецку, Украіна. 18 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Паведамляецца, што прадугледжана эвакуацыя некалькіх соцень тысяч чалавек. Па дамоўленасці з Расейскай Федэрацыяй у Растоўскай вобласці ўжо гатовы месцы для размяшчэння грамадзян, а эвакуяваныя будуць забяспечаны ўсім неабходным, заявіў кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін. Пасля заявы кіраўніка «ДНР» аб эвакуацыі грамадзян рэспублікі расейскі рубель упаў.

Людзі стаяць у чарзе, каб скарыстацца банкаматам. Данецк, Украіна. 18 лютага 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Улады Горлаўкі, якая знаходзіцца ў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» таксама абʼявілі эвакуацыю насельніцтва ў Расею, паведамляецца на сайце гарадской адміністрацыі. Інфармацыю аб эвакуацыі пацвярджаюць і крыніцы «Белсату», знаёмыя з сітуацыяй у рэгіёне.

Каля 23-ай гадзіны, паводле ўкраінскага часу, зʼявілася паведамленне, што ўкраінская армія нанесла мінамётны ўдар па ўскраіне Горлаўкі. Са спасылкаю на ўлады «ДНР» піша Тэлеграм-канал bbbreaking. Менш чым праз паўгадзіны спікер Дзяржаўнай думы Расеі Валодзін заявіў, што «Зяленскі правакуе пачатак вялікай вайны».

23:25 паводле ўкраінскага часу ў Луганску адбыўся выбух на газаправодзе «Дружба».

Пазіцыя Кіева

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што Украіна не рыхтуе наступленне ў Данбасе.

«Мы катэгарычна абвяргаем паведамленні расейскай прапаганды аб нібыта наступальных аперацыях Украіны ці дыверсіях на хімічнай вытворчасці. Украіна не праводзіць і не плануе ніякіх падобных дзеянняў у Данбасе», – заявіў Кулеба.

Падарваны аўтамабіль на стаянцы ля ўрадавага будынку ў цэнтры Данецку, Украіна. 18 лютага 2022 года.
Фота: Мікалай Трышын / TASS / Forum

Сітуацыя ў Данецку

У Данецку пачаліся праблемы з мабільнай сувяззю. Аб праблемах паведамляюць з розных раёнаў гораду.

У той жа час на аўтазаправачных станцыях у «ДНР» утварыліся вялізныя чэргі, а на дарозе ў бок Расеі – затор. У горадзе працуюць сірэны трывогі, утварыліся чэргі і да банкаматаў.

Увечары 18 лютага ў цэнтры Данецку адбыўся выбух: на паркоўцы каля будынку Дому Ураду выбухнула машына. Пасля высветлілася, што ўзарваны аўтамабіль належаў начальніку міліцыі «ДНР» Дзянісу Сіненкаву, яго ў машыне не было. У выбуху ў «ДНР» абвінавачваюць украінскіх вайскоўцаў.

Чэргі ў банкаматы ў ДНР пасля абвяшчэння аб эвакуацыі 18 лютага 2022 года.
Фота: itsdonetsk / Telegram

Першымі з Данецку эвакуююць жанчын, дзяцей і пенсіянераў. У горад прыбылі аўтобусы для эвакуацыі.

Аўтобусы для эвакуацыі.
Фота: belgorod_talk / Вконтакте

Пазіцыя Масквы

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў на пытанне журналістаў аб эвакуацыі з «ДНР» і «ЛНР» заявіў, што не валодае інфармацыяй аб тым, што зараз там адбываецца. Аднак пазней ён паведаміў, што Уладзімір Пуцін даручыў часова выконваючаму абавязкі кіраўніка МНС вылецець у Растоўскую вобласць для арганізацыі прыёму бежанцаў. Таксама паведамляецца, што Пуцін даручыў плаціць па 10 тыс рублёў кожнаму прыбыламу ўцекачу ў Растоўскую вобласць з Данбасу.

Hавiны
Баевікі на Данбасе абстралялі канвой з гуманітарнай дапамогай ААН
2022.02.18 18:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў