Лукашэнка перадумаў ваяваць разам з Пуціным?


Украінская чыгунка спыняе транзіт санкцыйных беларускіх калійных угнаенняў. Нягледзячы на высокі кошт такога выбару. Аляксандр Лукашэнка пасля гэтага мяняе сваю антыўкраінскую рыторыку на больш мірную. Што дзеіць надзейней – ракета ці грыўня?

Цяпер ідзе праверка сілаў рэагавання беларускай і расейскай арміі, аднак па заканчэнні супольных вучэнняў 20 лютага вайсковы кантынгент з Расеі пакіне нашую краіну.

Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі:

«Ні аднаго вайскоўца, ні адной адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў».

Частку падраздзяленняў яшчэ ў аўторак з Беларусі пачалі вяртаць у Расею. Без узгаднення з Лукашэнкам, хаця той анансаваў сустрэчу з Пуціным, дзе яны меліся прыняць рашэнне ў гэтай справе.

Аляксандр Лукашэнка:

«Крычаць: калі выведзеце войскі? Слухайце, гэта нашая справа з Пуціным, мы бліжэйшым часам сустрэнемся і прымем рашэнне разам з прэзідэнтам Расеі».

Аналітыка
Што Лукашэнка прапануе Пуціну за крэдыт, падтрыманне і зброю?
2022.02.18 07:30

Расея заявіла і пра адвод войскаў нават з тэрыторыі акупаванага Крыму. У якасці пацверджання вываду войскаў Міністэрства абароны Расеі апублікавала відэа пагрузкі вайсковай тэхнікі. Праўда, аналітыкі «Conflict Intelligence Team» і выведка NATO зменаў пакуль не заўважаюць.

Ёнс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO:

«Мы пакуль не бачым ніякіх прыкметаў дээскалацыі на месцах. NATO не ўяўляе пагрозы Расеі, і мы па-ранейшаму гатовыя да дыялогу і пошуку дыпламатычнага шляху прасоўвання пытання».

Частка расейскага войска яшчэ афіцыйна застаецца на нашай тэрыторыі. Толькі да заканчэння «Саюзнай рашучасці» 20 лютага?

Пятрас Аўштравічус, еўрадэпутат, дакладчык Еўрапарламенту аб Беларусі:

«Вынік паседжання ў Крамлі і рашэння там. Будзе прынята, значыць застануцца, тады забудзьцеся пра ўсе рэформы і гэтак далей. Гэта вялікая небяспека, і, ведаючы, што Лукашэнка – банкрут, і палітычны і фінансавы, ведаеце, колькі інструментаў уплыву на яго? Цяпер ужо і не запытваюць яго. Прэм’ер-міністр Расеі прыме рашэнні, не інфармуючы гэтак званага прэзідэнта Беларусі. Гэта смешна і гэта небяспечна. Беларусь ператварылася ў пляцоўку геапалітычных гульняў Расеі».

Расейскія вучэнні працягваюцца і на вадзе – у Баранцавым, Чорным, Балтыйскім морах. Дарэчы, вучэннямі вайсковую прысутнасць уздоўж украінскае мяжы Расея назвала толькі нядаўна.

Марыя Аўдзеева, Еўрапейская экспертная асацыяцыя, экспертка «iSANS», Харкаў:

«Якая цяпер сітуацыя? Напружанне не змяншаецца, бо ў любым выпадку мэтаю Пуціна застаецца дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне. Яму як ніколі трэба прымаць крокі, якія дазволілі б замацаваць Украіну ў сферы расейскага ўплыву».

Гісторыя не скончылася. У Расеі вырашаюць, ці прызнаць незалежнасць самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, удакладняе Марыя Аўдзеева. Прынамсі, што з тэрыторыі Беларусі ўварвання не будзе, запэўніў Віктар Хрэнін, міністр абароны Лукашэнкі. Яму патэлефанаваў украінскі калега Аляксей Рэзнікаў.

Марыя Аўдзеева, Еўрапейская экспертная асацыяцыя, экспертка «iSANS», Харкаў:

«З гледзішча Украіны гэта быў дастаткова разумны ход. Украіна атрымала для сябе гарантыю, што з тэрыторыі Беларусі не будзе здзейсненая атака. Украіна паказала, што не мае аніякіх агрэсіўных планаў у сітуацыі, калі з трох бакоў акружаная».

Змяніў рыторыку і Лукашэнка, які яшчэ зусім нядаўна збіраўся ваяваць разам з Пуціным. Маўляў, канфлікт патрэбны толькі Захаду. Пра гэта ён заявіў былому старшыню Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандру Марозу.

Аляксандр Лукашэнка:

«Вось тут Лукашэнка гатовы напасці на Украіну. Мне гэта ніколі не трэба было, не трэба і цяпер. Але тое, што вашыя ўлады робяць супраць Беларусі, гэтага не зразумець! Цяпер пачалі душыць нашую калійную кампанію».

Гаворка пра адмову Украіны ў транзіце праз сваю тэрыторыю беларускіх калійных угнаенняў у шэраг еўрапейскіх краінаў. Першаю такую забарону для Беларускай калійнай кампаніі ды «Беларуськалію» увялі Літва. Таму беларускія чыноўнікі вялі перамовы, каб перанакіраваць тыя аб’ёмы ўгнаенняў, што пастаўлялі ў клайпедскі порт, ва Украіну.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Гэта было б прасцей, чым праз Расею, таму што ў Расеі добрая партовая інфраструктура, яны пабудавалі ў Балтыцы добрыя парты, але ў іх ёсць праблема з чыгуначным доступам. Недастатковая чыгуначная інфраструктура, таму самыя расейскія вытворцы ўгнаенняў экспартуюць іх праз парты Балтыі».

Чаму гэтую забарону прынялі акурат цяпер?

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Беларусь пусціла на сваю тэрыторыю расейскія войскі і дэ-факта пагражае Украіне з поўначы, а таксама, я думаю, што і ў сувязі з ціскам пэўным з боку Еўразвязу такім чынам яна далучылася да санкцыяў і закрыла гэтую вельмі перспектыўную для Беларусі магчымасць перанакіраваць калійны экспарт».

Паводле Міністэрства інфраструктуры Украіны, угнаенні «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі трапілі пад санкцыі, а таму супраца можа несці рызыку і бізнесоўцам. Што праўда, адмаўляюцца не ўсе і з іншымі фірмамі працаваць нібы можна. Гэтак, пастаўкі беларускіх угнаенняў працягваюцца ў порт «Ніка-Тера» ў Мікалаеве, паведамляе Газета.UA.

Марыя Аўдзеева, Еўрапейская экспертная асацыяцыя, экспертка «iSANS», Харкаў:

«Беспасярэдняе дачыненне да прыняцця пастановаў маюць асобы, якія займаюцца бізнесам у гэтай сферы. Тут варта ўлічваць бізнес-інтарэсы, якія могуць быць вельмі рознымі. Калі задаюць пытанні, чаму Украіна дасюль закупляе бітум у Беларусі, варта ўлічваць, што Украіна не аўтарытарная дзяржава, ёсць тут бізнес-групы, кожная з якіх пераследуе свае мэты».

Ва Украіне ж кожны другі літр паліва і два з трох літраў дызелю – з Беларусі. Ці наважыцца Лукашэнка адказаць на абмежаванні забаронаю паставак нафтапрадуктаў? Шанцаў няшмат, пры ўліку распаўсюду на іх заходніх санкцыяў.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

 

Стужка навінаў