Заходнія краіны патрабуюць спыніць пераслед журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзаў

Ператрус у офісе БАЖ. Менск, Беларусь. 16 лютага 2021 года. Фота: АД / «Белсат»

Краіны Еўразвязу, Вялікая Брытанія, Канада, ЗША і Швейцарыя выступілі з асуджэннем рэпрэсіяў супраць беларускай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Гэтак, міністр замежных справаў Канады Марк Гарно і міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб назвалі жудасным пераслед праваабарончых арганізацыяў і незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі «падчас мэтанакіраваных рэйдаў уладаў Беларусі».

«Гэта чарговы ўціск грамадзянскай супольнасці і свабодаў у краіне, якая сутыкнулася з надзвычайным прыгнётам з боку рэжыму Лукашэнкі», – заявілі яны.

Міністры заклікалі «ўлады Беларусі неадкладна спыніць кампанію гвалту і пераследу журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці».

Ціханоўская пра масавыя ператрусы: «Ім варта зазірнуць у офісы АМАПу, ГУБАЗіКу і ўсіх адказных за рэпрэсіі»

«Раней мы рэагавалі на гэтыя грубыя парушэнні правоў чалавека санкцыямі, накіраванымі супраць тых, хто нясе адказнасць, уключаючы самога Лукашэнку, і працягваем падтрымліваць працу ў выкананні рэкамендацыяў, якія змяшчаюцца ў дакладзе Маскоўскага механізму Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе», – гаворыцца ў заяве.

Міністры таксама дадалі, што Канада і Вялікая Брытанія «будуць працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць у барацьбе супраць дзяржаўнага прыгнёту».

Не толькі міністры

З супольнаю заяваю таксама выступілі Прадстаўніцтва Еўразвязу ад імя краінаў ЕЗ, прэзентаваных у Менску, і амбасадаў ЗША, Вялікай Брытаніі ды Швейцарыі.

«Беларусаў пераследуюць за рэалізацыю сваіх фундаментальных правоў падчас мірных пратэстаў супраць выбараў у жніўні 2020 года, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і супраць жорсткасці з боку праваахоўных органаў, якая працягваецца. Адбыліся сотні палітычна матываваных судовых працэсаў. Беларусаў пазбаўляюць самых базавых правоў, уключаючы права на справядлівы судовы разбор і права на чалавечнае абыходжанне ў зняволенні. Мы будзем надалей каардынаваць нашыя захады ў дачыненні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне», – гаворыцца ў заяве.

Дыпламаты заклікалі ўлады Беларусі «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх незаконна затрыманых», бо «толькі дэмакратыя, павага да правоў чалавека, вяршэнства права і свабодныя ды справядлівыя выбары, якія паважаюць дэмакратычную волю народу Беларусі, могуць гарантаваць стабільную, суверэнную і квітучую будучыню Беларусі».

Рэпрэсіі працягваюцца. У журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах праводзяць ператрусы

16 лютага ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, філіялах праваабарончага цэнтру «Вясна», а таксама ў кватэрах незалежных журналістаў і праваабаронцаў у розных гарадах Беларусі сілавікі ўчынілі ператрусы. Следчы камітэт паведаміў, што правяралі арганізацыі, «якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», у межах папярэдняга расследавання дзеля высвятлення акалічнасцяў фінансавання пратэставай дзейнасці.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны