«Яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў». Муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш звярнуўся да беларускіх журналістаў


Вынясенне выраку Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. 18 лютага 2021 года. Менск, Беларусь

Ігар Ільяш, журналіст «Белсату» і муж Кацярыны Андрэевай, звярнуўся да беларускіх журналістаў з нагоды прысуду за стрым з плошчы Пераменаў.

«Прысуд Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай – гэта не проста рэпрэсіі. Гэта акт тэрарызму з мэтаю застрашыць журналісцкую супольнасць. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі: супраць нас вядзецца вайна.

Hавiны
Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. СТРЫМ
2021.02.18 09:52

Гэтая вайна, вядома, пачалася не цяпер. Недзяржаўныя СМІ пераследаваліся цягам усіх 27 гадоў дыктатуры Лукашэнкі. Журналістаў затрымлівалі і кідалі ў турмы. Дзмітрыя Завадскага – забілі. Але варта прызнаць: вялікую частку часу гэта была ўсё ж «дзіўная вайна». Большую частку часу нам усё ж дазвалялі жыць і працаваць, а з некаторымі нават гатовыя былі размаўляць (часам). Але гэтыя часы мінулі. Цяпер гаворка пра вайну на знішчэнне. З пункту гледжання ўлады, свабодная прэса не тое што не патрэбная – ёй цяпер папросту не павінна быць месца ў Беларусі. Бо ў інфармацыйным полі, на думку рэжыму, павінны непадзельна панаваць чалавеканенавісніцкая рыторыка азаронкаў-мукавозчыкаў.

Многія, я ўпэўнены, цяпер пытаюць сябе: а што можна зрабіць дзеля Каці і Дашы цяпер? Што наогул рабіць у сітуацыі, калі нашыя калегі за кратамі? Для сябе я адказ на гэтае пытанне знайшоў: мы павінны, сашчаміўшы зубы, выконваць свае прафесійныя абавязкі тут і цяпер. І не проста выконваць свае прафесійныя абавязкі – мы павінны працаваць у 2, 5, 10 разоў лепш, чым працавалі раней. Яны абвясцілі нам вайну, бо жудасна баяцца праўды, баяцца фактаў. Значыць, наш адказ павінен быць адзін: яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў.

Hавiны
Рэжым пайшоў на відавочнае злачынства: афіцыйная заява тэлеканалу «Белсат TV»
2021.02.18 12:27

Мы зноў і зноў павінны расказваць праўду пра іхныя злачынствы ў судах. Пра гвалт на вуліцах. Пра здзекі і катаванні ў турмах. Пра карупцыю і злоўжыванні на ўсіх узроўнях. Пра гатовасць прадаць суверэнітэт краіны за магчымасць хоць крышачку падоўжыць рэжым асабістай улады. Разграмяць усе рэдакцыі ды забароняць усе недзяржаўныя СМІ? Значыць, будзем працаваць цалкам у партызанскіх умовах. Але кожны дзень раскопваць нешта новае і дзяўбці гэтую жахлівую тыранію праўдаю. Дзяўбці, пакуль яна не абрынецца. А яна абрынецца абавязкова.

Улада абвясціла нас лішнімі людзьмі, месца якім у турме ці ў найлепшым выпадку ў эміграцыі. А мы павінны даказаць і паказаць, што гэта іхнае месца за кратамі. Гэта ж яны здзяйсняюць кожны дзень злачынствы. А нашае сумленне чыстае. І мы ніколі не здамося. Бо мы вядзём барацьбу не за палітычныя погляды, не за матэрыяльны дабрабыт і не за прасоўванне па кар’ернай лесвіцы. Мы вядзём барацьбу за чалавечую годнасць, за права займацца любімаю справай. І за свабоду. За свабоду Каці, Дашы і ўсёй Беларусі».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў