У Сенат ЗША ўнеслі рэзалюцыю пра новыя санкцыі супраць дзяржаўных кампаніяў Беларусі


Капітолій – сядзіба Кангрэсу ЗША.
Фота: wikipedia.org

На разгляд Сенату ЗША ўнесены праект рэзалюцыі, паводле якой прэзідэнцкія выбары ў Беларусі не былі «ні свабоднымі, ні справядлівымі» і прызнанне іх вынікаў не ўяўляецца магчымым.

Рэзалюцыю падала ў Камітэт замежных справаў двухпартыйная група з 13 сенатараў. Каардынацыйная рада прызнаецца ў рэзалюцыі легітымным палітычным органам, які мае права браць удзел у транзіце ўлады, паведамляе «Голос Америки».

Hавiны
Заходнія краіны патрабуюць спыніць пераслед журналістаў, праваабаронцаў і прафсаюзаў
2021.02.18 07:52

У рэзалюцыі падымаецца пытанне неабходнасці распрацаваць і ўвесці новыя санкцыі супраць беларускіх дзяржаўных кампаніяў, якія ўціскаюць правы работнікаў за ўдзел у прадэмакратычных падзеях. Аўтары дакументу заклікаюць да міжнароднага расследавання ў гэтай сувязі.

Адначасова прапануецца павялічыць фінансавае падтрыманне дэмакратычных рухаў, арганізацыяў, іх актывістаў і незалежных СМІ Беларусі з боку замежных дзяржаваў. Тым замежным субʼектам, якія, наадварот, раней фінансава падтрымлівалі рэжым Лукашэнкі, уключаючы набыццё беларускіх дзяржаўных аблігацыяў ды іншых каштоўных папераў, рэкамендуецца перагледзець сваю палітыку адносна Беларусі.

Дакумент змяшчае заклік правесці ў Беларусі свабодныя і справядлівыя выбары пад наглядам АБСЕ.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў